9 жніўня адзначаецца пятая гадавіна пачатку масавых пратэстаў у Беларусі. Ключавыя вынікі 5 гадоў будуць падведзеныя падчас канферэнцыі «Новая Беларусь» у Варшаве. За гэты час Святлана Ціханоўская, Офіс і Аб’яднаны пераходны кабінет наладжвалі дыпламатычныя кантакты, адстойвалі інтарэсы беларусаў, праводзілі глабальныя кампаніі салідарнасці з палітвязнямі і трымалі Беларусь у фокусе міжнароднай увагі.
– Усталяваныя дыпламатычныя і палітычныя кантакты з 48 краінамі, сярод іх — Аргенціна, Чылі, Коста-Рыка, Малдова і Арменія. Гэта дапамагае адстойваць інтарэсы Беларусі і падтрымліваць беларусаў у выгнанні.
– Больш за 30 краінаў не прызналі «выбары» 2020, 2024 і 2025 гадоў, шмат хто адмовіўся дасылаць амбасадараў у Мінск — як знак непрызнання Лукашэнкі.
– 19 краінаў прызначылі спецпрадстаўнікоў па Беларусі — амбасадараў або спецыяльных дарадцаў, якія працуюць з дэмакратычнымі сіламі і дапамагаюць вырашаць практычныя запыты беларусаў.
– Фармалізаваныя адносіны з замежнымі ўрадамі і міжнароднымі арганізацыямі: Запушчаны Стратэгічны дыялог з ЗША, Стратэгічныя кансультацыі з Вялікабрытаніяй і Канадай, кансультатыўная група з ЕС, кантактная група з Радай Еўропы.
– Падпісаныя пагадненні з Еўрапейскім парламентам (Рабертай Метсолай) і Еўрапейскім эканамічна-сацыяльным камітэтам, а таксама міжурадавай арганізацыяй Супольнасць дэмакратыяў (Community of Democracies).
– Упершыню Беларусь была прадстаўленая на галоўных палітычных форумах, у тым ліку на Мюнхенскай канферэнцыі па бяспецы, Сусветным эканамічным форуме ў Давосе, Дэльфійскім эканамічным форуме, Форумах бяспекі ў Бледзе, Варшаве, Галіфаксе, і дзясятках іншых.
– Упершыню Беларусь прадстаўленая на Самітах Еўрапейскай палітычнай супольнасці (тройчы — у Іспаніі, Вялікабрытаніі, Албаніі), Рады Еўропы, НАТА (Вільнюс, Вашынгтон, Гаага), Вялікай Сямёркі (G7) у Італіі, Саміце спікераў парламентаў краінаў ЕС (Мальёрка), Генасамблеі ААН, Ініцыятывы Трохмор’я (Варшава) і іншых.
– Беларускія дэмакратычныя сілы атрымалі дыпламатычную акрэдытацыю ў Літве і дэ-факта прызнанне ў многіх краінах свету.
– Запушчаныя місіі дэмакратычных сілаў у Таліне, Бруселі, Празе, Кіеве, а Народныя Амбасады маюць сваіх прадстаўнікоў у 20 краінах свету.
– Наладжаны кантакт з ЗША і офісам Вярхоўнага камісара ААН па правах чалавека, робяцца намаганні па вызваленні палітвязняў, у выніку якіх на волю пачалі выходзіць палітвязні, у тым ліку і Сяргей Ціханоўскі.
– У Беларусаў з’явіліся свае месцы і прасторы ў розных гарадах Еўропы, у Вільнюсе і Варшаве — Беларускія дамы, шэлтар у Італіі. У цэнтры Прагі — памятны знак Скарыну, а ў Варшаве і Беластоку — вуліцы і скверы Вольнай Беларусі.
– Створаны Міжнародны гуманітарны фонд — сабраныя больш за 2 мільёны еўра, якія пайшлі ахвярам рэпрэсіяў у выглядзе рэлакацыі, рэабілітацыі. Да фонду далучыліся Нарвегія, Швецыя, Данія, Ісландыя, Эстонія, Латвія, Люксембург, Іспанія і Фінляндыя.
– Запушчаная міжнародная платформа збору доказаў злачынстваў рэжыму (International Accountability Platform for Belarus), пры падтрымцы 19 краінаў АБСЕ, якая дапамагае беларускім праваабаронцам дакументаваць парушэнні правоў чалавека і падтрымліваць рэпрэсаваных.
– Змабілізаваная фінансавая падтрымка для беларускіх незалежных медыя, праваабаронцаў, грамадзянскай супольнасці, рэпрэсаваных, ініцыятываў адукацыі і мабільнасці. Упершыню ЕС асобна выдзеліў некалькі мільёнаў еўра на падтрымку беларускай культуры.
– Прадстаўнікі грамадзянскай супольнасці бяруць удзел у ацэнцы патрэбаў (Needs Assessment) і самастойна распрацоўваюць стратэгіі замежнай дапамогі для Беларусі.
– Праведзена 12 міжнародных канферэнцыяў высокага ўзроўню (у тым ліку Аўстрыя, Швецыя, Фінляндыя, Эстонія, Люксембург, Польшча, Літва і інш), а таксама больш за 200 мерапрыемстваў, выставаў, канцэртаў, у партнёрстве з замежнымі ўрадамі і парламентамі, а таксама дыяспаральнымі і грамадскімі арганізацыямі.
– Упершыню беларуская дэлегацыя прадстаўленая ў Парламенцкай Асамблеі і Кангрэсе мясцовых і рэгіянальных уладаў Рады Еўропы. Каардынацыйная рада ўдзельнічае ў сесіях, дэбатах, а часам прапаноўвае свае праўкі да дакументаў.
– Запушчаныя Маскоўскі і Венскі механізмы ў АБСЕ для расследавання парушэнняў правоў чалавека ў Беларусі. Прынятыя рэзалюцыі ў Радзе па правах чалавека ААН, Еўрапейскім парламенце і Парламенцкай асамблеі Рады Еўропы.
– Тройчы праведзеныя слуханні ў Радзе бяспекі ААН па формуле Аррыі, на тэмы рэпрэсіяў супраць беларусаў і свабоды слова ў Беларусі.
– Пад эгідай ПАРЕ распрацаваныя і прынятыя «Люксембургскія рашэнні» — комплексны дакумент, які ўтрымлівае рэкамендацыі па вырашэнні праблемаў беларусаў у выгнанні, у тым ліку візаў, дакументаў і легалізацыі.
– Упершыню праведзеныя Дні Беларусі ў Бруселі — у супрацоўніцтве з Еўрапейскай камісіяй і Еўрапейскай Радай — тыдзень палітычных, аналітычных і культурных падзеяў.
– Стварэнне «Групаў сяброў дэмакратычнай Беларусі» ў парламентах 26 краінаў, у тым ліку Кокусы ў Кангрэсе ЗША. Міжпарламенцкі Альянс дэпутацкіх групаў «За дэмакратычную Беларусь» збіраўся двойчы — у Берліне і Рыме, наступная сустрэча — у Парыжы. У Рыме быў падпісаны «Рымскі мемарандум» аб падтрымцы дэмакратычных пераменаў і еўрапейскім выбары Беларусі.
— 30 краінаў далучыліся да Кааліцыі сяброў дэмакратычнай Беларусі ў АБСЕ (Бельгія, Балгарыя, Канада, Харватыя, Чэхія, Кіпр, Данія, Эстонія, Фінляндыя, Францыя, Грэцыя, Ісландыя, Ірландыя, Італія, Латвія, Літва, Люксембург, Чарнагорыя, Нідэрланды, Нарвегія, Польшча, Партугалія, Румынія, Славенія, Іспанія, Швецыя, Украіна, Вялікабрытанія і Германія) — і рэгулярна ўзнімаюць праблему беларускіх палітвязняў, неабходнасці палітычных рэформаў і правядзення свабодных выбараў.
– Усталяваныя і пашыраныя мандаты Спецыяльнага дакладчыка ААН па Беларусі і Групы незалежных экспертаў па Беларусі пры Радзе ААН па правах чалавека, задача якіх — дакументаваць злачынствы рэжыму, уздымаць пытанні Беларусі ў ААН і дабівацца справядлівасці для ахвяраў
– Пададзеная Літвой справа супраць Рэжыму Лукашэнкі ў Міжнародны крымінальны суд і Міжнародны суд ААН, пры актыўным спрыянні НАУ і дэмакратычных сілаў
– Еўрасаюзам абвешчаны Усеабдымны план эканамічнай дапамогі Беларусі ў 3 мільярдаў еўра, на выпадак пераменаў. Беларусь атрымае дапамогу на правядзенне рэформаў. Важны сігнал беларусам на выпадак палітычных пераменаў.
– У Кангрэс ЗША пададзены праект Новага Акту аб дэмакратыі і суверэнітэце Беларусі, які дэкларуе падтрымку незалежным медыя, курсу на незалежнасць і дэмакратычныя перамены і ціск на рэжым Лукашэнкі дзеля вызвалення палітвязняў
– У Аўстрыі запушчаная адмысловая стыпендыяльная праграма імя Святланы Ціханоўскай, а агулам — некалькі тысячаў студэнтаў, з еўрапейскай і амерыканскай дапамогай змаглі працягваць навучанне ў замежных універсітэтах.
– Упершыню прадстаўнікі дэмакратычных сілаў, а не рэжыму, афіцыйна бралі ўдзел у цырымоніях ушанавання ахвяраў халакосту, перамогі ў Другой сусветнай вайне, ці такіх маштабных цырымоніях як пахаванне Папы Рымскага.
– Навязаныя кантакты з кіраўніцтвам тэхкампаніяў: Google (Alphabet), Facebook (Meta), Tiktok, Signal, OpenAI, Microsoft. Гэтыя кантакты дапамагаюць вырашаць практычныя праблемы, з блакаваннем, рэкламай, але таксама здабываць беларускім арганізацыямі доступ да бясплатных інструментаў. У выніку супрацоўніцтва, напрыклад, у Signal з’явілася беларускамоўная версія.
– Многія краіны пачалі афіцыйна выкарыстоўваць назву Беларусь замест “Белая Расія”, на знак салідарнасці з Беларуссю. А бел-чырвона-белы сцяг — вельмі часта прысутнічае на сустрэчах замест чырвона-зялёнага.
Гэта ўсё супольныя дасягненні дэмакратычных сілаў, беларускай дыяспары, і грамадзянскай супольнасці. Гэта вялікі палітычны капітал, які важны і цяпер, і працуе на будучыню. Дзякуючы гэтай працы, беларускае пытанне застаецца на міжнародным парадку дня. Беларусаў ясна адрозніваюць ад рэжыму, а Беларусь — ад Расіі. Тэма палітвязняў гучыць з міжнародных трыбунах, і дзяржавы саюзнікі робяць намаганні па іх вызваленні.
Вынікам гэтай працы — таксама канкрэтныя крокі, што змяняюць жыццё беларусаў да лепшага. Мы дапамагалі вырашаць надзённыя праблемы беларусаў за мяжой: пытанні легалізацыі, аднаўлення дакументаў, прадухілення візавых банаў. Нягледзячы на складаную сітуацыю, некаторыя краіны нават пашырылі выдачу візаў, як напрыклад, Германія выдае візаў у два разы больш, чым у 2019 годзе, Італія — на 20% больш. У многіх краінах ад беларусаў больш не патрабуюць вяртацца на радзіму для аднаўлення дакументаў. У Літве — выдаюць трохгадовы ВНЖ, больш за 10 краінаў Еўрасаюза — пашпарты замежніка. Гэта практычная дапамога для тых, хто вымушана пакінуў краіну.
Мы мабілізавалі фінансавую дапамогу для журналістаў, творцаў і рэпрэсаваных, а таксама дамагліся эфектыўных санкцыяў супраць памагатых рэжыму. Праз адвакацыю і супрацоўніцтва з урадамі атрымалася ратаваць канкрэтных людзей. Яскравы прыклад — вызваленне Андрэя Гнёта з турмы ў Сербіі.
Пасля пачатку поўнамаштабнага ўварвання, мы адстойвалі гонар беларусаў на міжнароднай арэне і выразна падтрымалі Украіну. Разам з МЗС Германіі дэмакратычныя сілы перадалі ва Украіну мабільны шпіталь і аўтамабілі. З мэрам Вільнюса мы арганізавалі пастаўкі гуманітарнай дапамогі, а з уладамі Фландрыі — падтрымку беларускіх добраахвотнікаў.
Беларускія дэмакратычныя сілы ўдзячныя ўрадам, парламентам і народам, якія падтрымліваюць Беларусь на шляху да свабоды.