• Навіны
  • Офіс
  • Новая Беларусь
  • Партнёры
  • Дапамога
  • Кантакты
  • Беларуская
  • Навіны
  • Офіс
  • Новая Беларусь
  • Партнёры
  • Дапамога
  • Кантакты
  • Сустрэчы Святланы Ціханоўскай падчас Саміту спікераў парламентаў ЕС на Мальёрцы

    23 красавіка, 2024

    Падчас працоўнага візіту на Мальёрку беларуская лідарка ўзяла ўдзел у Саміце спікераў парламентаў ЕС, дзе выступіла з прамовай, а таксама сустрэлася з шэрагам спікераў. Святлана Ціханоўская абмеркавала з палітыкамі падтрымку грамадзянскай супольнасці, медыя і дэмакратычных сілаў, а таксама заклікала працягваць ціск на рэжым і дапамагаць рэпрэсаваным беларусам.

    Спікер фінскага Парламента Юссі Хала-аха і Святлана Ціханоўская абмеркавалі нядаўнюю Беларуска-Фінскую канферэнцыю, арганізаваную Фінляндыяй з удзелам дэмакратычных сілаў, грамадзянскай супольнасці і дыпламатаў. Палітыкі гаварылі па-беларуску.

    З Шыманам Галоўняй, спікерам польскага Сейма, Святлана Ціханоўская абмеркавала сітуацыю з палітвязнем Анджэем Пачобутам. Беларуская лідарка папрасіла Польшчу ўзмацніць падтрымку беларускіх незалежных медыя і грамадзянскай супольнасці.

    Ласла Кёверу, спікеру Парламента Венгрыі, Святлана Ціханоўская прапанавала падтрымліваць адносіны з дэмакратычнымі сіламі Беларусі. Таксама яна выказала пажаданне, каб Венгрыя трымалася агульнай лініі ЕС і займала больш жорсткую пазіцыю ў дачыненні да рэжыму Лукашэнкі.

    Святлана Ціханоўская падзякавала спікеру Парламента Эстоніі Лаўры Хусару за рашэнне Парламента не ўводзіць абмежаванні супраць беларусаў. Ціханоўская і Хусар таксама абмеркавалі падтрымку Эстоніі для дэмакратычных сілаў Беларусі і Украіны.

    На Мальёрцы Святлана Ціханоўская ўпершыню сустрэлася са спікерам італьянскага Парламента Ларэнца Фантана і віцэ-спікеркай Парламента Лічыяй Ранцулі.

    Палітыкі абмеркавалі падтрымку для Беларусі і Украіны, а таксама міжпарламенцкую сустрэчу груп «За дэмакратычную Беларусь» у італьянскім Парламенце, якая адбудзецца восенню. У Італіі самая вялікая такая група – у яе ўваходзяць 64 дэпутаты. 

    Са спікеркай нямецкага Бундэсрату Мануэлай Швэзіг беларуская лідарка гаварыла пра гуманітарную дапамогу для рэпрэсаваных і супрацоўніцтва беларускіх дэмакратычных сілаў з рэгіянальнымі ўладамі Германіі.

    На сустрэчы Святланы Ціханоўскай з новай спікеркай Кангрэса дэпутатаў Іспаніі Франсінай Арменголь бакі дамовіліся пра стварэнне групы Сяброў дэмакратычнай Беларусі ў новым складзе Парламента краіны. Арменголь распавяла, што гатовая падтрымліваць беларускае пытанне на парадку дня Іспаніі.

    Разам з Уршкай Клакочар-Зупанчыч, старшынёй Парламента Славеніі, Святлана Ціханоўская гаварыла пра магчымасць стварэння групы «За дэмакратычную Беларусь» у Парламенце краіны. Таксама беларуская лідарка заклікала Славенію падтрымаць пытанне Беларусі ў Радзе бяспекі ААН, а славенскіх палітыкаў далучыцца да кампаніі сімвалічнага апякунства над беларускімі палітвязнямі. 

    Ціханоўская падзякавала спікерцы Парламента Кіпра Аніце Дзімітрыу за тое, што тая ўзгадала Беларусь і пытанне ціску на рэжым падчас сваёй прамовы на Саміце. Спікерка паведаміла, што Кіпр актыўна працуе над выяўленнем актываў, звязаных з рэжымам Лукашэнкі, і падтрымлівае ўсе еўрапейскія санкцыі.

    Спікеры малдоўскага і армянскага Парламентаў – Ігар Гросу і Ален Сіманян – падзякавалі Святлане Ціханоўскай за яе прамову на Саміце. У ім беларуская лідарка заклікала ЕС падтрымаць не толькі Беларусь і Украіну, але таксама Арменію і Малдову, якія імкнуцца да еўрапейскай будучыні.

    Ціханоўская падзякавала спікерцы Сейма Літвы Вікторыі Чміліце-Нільсен за тое, што тая закранула тэму Беларусі ў сваім выступе.

    Апошнія навіны