• Навіны
  • Офіс
  • Новая Беларусь
  • Партнёры
  • Дапамога
  • Кантакты
  • Беларуская
  • Навіны
  • Офіс
  • Новая Беларусь
  • Партнёры
  • Дапамога
  • Кантакты
  • Святлана Ціханоўская правяла перамовы з прэзідэнтам Румыніі Нікушорам Данам

    04 лістапада, 2026

    4 лістапада ў Бухарэсце Святлана Ціханоўская правяла перамовы з прэзідэнтам Румыніі Нікушорам Данам. Сустрэча адбылася ў прэзідэнцкім палацы Катрачэнь. Галоўнымі тэмамі сталі вызваленне беларускіх палітвязняў, рэгіянальная бяспека, санкцыйная палітыка ЕС, дапамога беларусам і супрацоўніцтва з дэмакратычнымі сіламі.

    Святлана Ціханоўская падзякавала прэзідэнту за запрашэнне ў Бухарэст і паслядоўную падтрымку беларускага народа з 2020 года. Яна адзначыла пазіцыю Румыніі адносна санкцый супраць рэжыму Лукашэнкі, праграмы дапамогі беларусам, працу румынскай амбасады ў Вільні і ўвагу да лёсу палітычных зняволеных.

    Ціханоўская таксама нагадала, што Румынія разам з Польшчай і Літвой выступіла з ініцыятывай падтрымкі дэмакратычных пераўтварэнняў у Беларусі. Пазней гэтая ідэя знайшла адлюстраванне ва Усеабдымным плане ЕС па падтрымцы дэмакратычнай Беларусі пасля перамен.

    Асноўныя тэмы перамоваў

    – Рэгіянальная бяспека і вайна ва Украіне. Бакі абмеркавалі ролю Беларусі ў расійскай агрэсіі супраць Украіны, прысутнасць расійскіх войскаў і ўзбраенняў на беларускай тэрыторыі, а таксама гібрыдныя пагрозы з боку Расіі і рэжыму Лукашэнкі.

    – Санкцыйная палітыка Еўрасаюза. Ціханоўская падкрэсліла неабходнасць захавання ціску на рэжым да спынення рэпрэсій, вызвалення ўсіх палітвязняў і спынення падтрымкі расійскай агрэсіі супраць Украіны.

    – Будучыня дэмакратычнай Беларусі. Абмяркоўвалі магчымасць выкарыстання румынскага досведу дэмакратычных пераўтварэнняў пасля 1989 года — у тым ліку рэфармавання дзяржаўных інстытутаў, аднаўлення вяршэнства права і еўрапейскай інтэграцыі.

    – Падтрымка Украіны. Асобную ўвагу надалі неабходнасці далейшай дапамогі Украіне і важнасці ўліку беларускага пытання ў будучых перамовах аб міры і бяспецы ў рэгіёне.

    – Дапамога беларусам за мяжой. Бакі закранулі пытанні легалізацыі, доступу да адукацыі, стыпендый і падтрымкі беларускіх студэнтаў.

    – Грамадзянская супольнасць і незалежныя медыя. Гаварылі пра падтрымку беларускіх грамадзянскіх ініцыятыў, незалежнай журналістыкі, супрацьдзеянне прапагандзе і доступ беларусаў да праўдзівай інфармацыі.

    – Міжнароднае супрацоўніцтва. Абмеркавалі магчымасці далейшага ўзаемадзеяння ў межах Ініцыятывы трох мораў, Еўрапейскай палітычнай супольнасці, Цэнтральнаеўрапейскай ініцыятывы, а таксама ў Радзе Еўрапейскага саюза.

    – Вызваленне палітвязняў і дапамога рэпрэсаваным. Абмеркавалі магчымасць далучэння Румыніі да Міжнароднага гуманітарнага фонду падтрымкі рэпрэсаваных у Беларусі.

    – Супрацоўніцтва з беларускімі дэмакратычнымі сіламі. Абмеркавалі магчымасць прызначэння спецыяльнага прадстаўніка па сувязях з беларускімі дэмакратычнымі сіламі.

    Ціханоўская падкрэсліла, што дэмакратычная і незалежная Беларусь адпавядае інтарэсам бяспекі ўсёй Еўропы, у тым ліку Румыніі і Чарнаморскага рэгіёна.

    Гэта першая сустрэча Святланы Ціханоўскай з Нікушорам Данам у Бухарэсце. Раней яны сустракаліся ў красавіку ў Дуброўніку, у маі ў Ерэване і ў верасні ў Нью-Ёрку.

    Апошнія навіны