3 лістапада Святлана Ціханоўская выступіла з ключавой прамовай на Берлінскім форуме будучыні Беларусі, прысвечаным сітуацыі ў Беларусі, яе еўрапейскай будучыні і ролі Германіі і ЕС у падтрымцы дэмакратычных пераменаў.
Сярод удзельнікаў — нобелеўскі лаўрэат Алесь Бяляцкі, Марыя Калеснікава, прадстаўнікі нямецкага ўрада і Бундэстага, беларускія і еўрапейскія палітыкі і эксперты.
У сваёй прамове Святлана Ціханоўская заклікала еўрапейскіх партнёраў ужо сёння рыхтавацца да дэмакратычных пераменаў у Беларусі, распрацоўваць канкрэтныя планы еўрапейскай інтэграцыі і захоўваць падтрымку беларускага грамадства.
Святлана Ціханоўская:
«Беларусы павінны бачыць, што Еўропа — гэта не далёкая мара, а рэальная альтэрнатыва “русскому миру”. І мы, як дэмакратычныя сілы, таксама будуем гэтую альтэрнатыву. Мы падтрымліваем міжнароднае прадстаўніцтва і распрацавалі планы рэформаў. Мы хочам пераканацца, што калі прыйдуць змены, яны будуць сістэмнымі і непаваротнымі.
І хоць сённяшні дзень можа здавацца цёмным, такія моманты часта ствараюць магчымасці. Таму, калі надыдзе момант, Беларусь павінна быць гатовая. І Еўропа таксама павінна быць гатовая. Берлін нагадвае нам, што нават наймацнейшыя сцены могуць упасці. Што дыктатуры не вечныя. І што тое, што здаецца немагчымым сёння, можа стаць рэальнасцю заўтра».
Форум арганізаваны Фондам Генрыха Бёля сумесна з фондамі Конрада Адэнаўэра, Фрыдрыха Эберта і Фрыдрыха Наўмана пры партнёрстве з беларускай супольнасцю RAZAM, ініцыятывай Science at Risk і праваабарончай арганізацыяй Libereco.
