Святлана Ціханоўская сустрэлася ў Варшаве з маршалкай Сената Польшчы Малгажатай Кідава-Блонскай. Галоўнымі тэмамі сустрэчы сталі сітуацыя ў Беларусі, падтрымка палітвязняў, праблемы беларусаў у Польшчы і далейшае супрацоўніцтва з польскім парламентам.
У сустрэчы таксама ўзялі ўдзел намеснік кіраўніцы Аб’яднанага Пераходнага Кабінета Павел Латушка, спікер Каардынацыйнай Рады Арцём Брухан, кіраўніца беларускай дэлегацыі ў Кангрэсе мясцовых і рэгіянальных уладаў Рады Еўропы Ірына Халопіца, дарадца Святланы Ціханоўскай Франак Вячорка і намесніца дырэктара Офіса Станіслава Гліннік.
Святлана Ціханоўская падзякавала за нязменную падтрымку з боку польскага Сената, распавяла пра працэс вызвалення палітвязняў і сітуацыю з рэпрэсіямі ў Беларусі.
Асобна абмеркавалі санкцыйную палітыку, а таксама беларускае пытанне ў кантэксце перамоваў па Украіне. Ціханоўская падзякавала польскаму Сенату за паслядоўную падтрымку беларускіх палітвязняў, у тым ліку Анджэя Пачобута, а таксама за рэзалюцыі ў падтрымку дэмакратычнай Беларусі і праваабарончага цэнтра «Вясна».
Падчас сустрэчы асобную ўвагу надалі праблемам, з якімі сутыкаюцца беларусы ў Польшчы:
– Доўгія тэрміны легалізацыі. Беларусы вымушаныя месяцамі, а часам і гадамі чакаць рашэнняў аб выдачы дазволаў на жыхарства. Гэта ўскладняе працаўладкаванне, падарожжы і планаванне жыцця.
– Адмовы ў міжнароднай абароне. Абмеркавалі выпадкі адмоваў беларусам у прадастаўленні міжнароднай абароны, нягледзячы на рызыку палітычнага пераследу ў Беларусі.
– Праблемы з банкаўскімі рахункамі. Беларусы сутыкаюцца з цяжкасцямі пры адкрыцці і абслугоўванні рахункаў, а таксама з дадатковымі праверкамі і абмежаваннямі.
– Праязныя дакументы. Абмеркавалі неабходнасць павелічэння тэрміну дзеяння польскіх праязных дакументаў для замежнікаў, каб беларусам не даводзілася часта праходзіць складаныя працэдуры іх абнаўлення.
– Праблемы беларускіх пенсіянераў. Асобна закранулі становішча беларусаў пенсійнага ўзросту, якія жывуць у Польшчы, у тым ліку пытанні атрымання пенсій, сацыяльнага забеспячэння і доступу да неабходнай дапамогі.
Таксама абмеркавалі правядзенне ў 2027 годзе канферэнцыі ў Сенаце, прысвечанай беларуска-польскім адносінам, перспектывам супрацоўніцтва і ролі Польшчы ў падтрымцы незалежнай і дэмакратычнай Беларусі.
Яшчэ адной тэмай стала падрыхтоўка дакумента аб супрацоўніцтве паміж Сенатам Польшчы і беларускімі дэмакратычнымі сіламі. Такое пагадненне дазволіць развіваць сістэмнае партнёрства, рэалізоўваць сумесныя праекты і праграмы.
Святлана Ціханоўская таксама запрасіла Малгажату Кідаву-Блонскую на адкрыццё новага Офіса Святланы Ціханоўскай у Варшаве.
Святлана Ціханоўская:
«Польшча стала другім домам для сотняў тысяч беларусаў. Мы вельмі ўдзячныя за падтрымку, якую атрымліваюць нашыя людзі. Але застаецца шмат праблем, якія трэба вырашаць. Я ўпэўненая, што гэтая сустрэча дапаможа нам прасунуцца ў іх вырашэнні.
Я ўдзячная маршалке Кідава-Блонскай за адкрытасць і гатоўнасць да супрацоўніцтва. Мы хочам, каб беларусы ў Польшчы адчувалі сябе ў бяспецы, маглі нармальна працаваць, вучыцца, будаваць сваё жыццё — і захоўваць сувязь з радзімай».
У снежні адбудуцца пашыраныя слуханні па Беларусі з удзелам камісій абедзвюх палат польскага парламента — Сейма і Сената. Іх арганізуе кіраўнік парламенцкай групы «За дэмакратычную Беларусь» Гжэгаж Схетына. Слуханні будуць прысвечаныя сітуацыі ў Беларусі і праблемам беларускай супольнасці ў Польшчы.
