17 лістапада Святлана Ціханоўская ўзяла ўдзел у фестывалі «Культура ў выгнанні» у Кракаве. Сёлетні фестываль быў прысвечаны беларускай культуры і творцам, якія працягваюць працаваць ва ўмовах вымушанай эміграцыі.
Сваё выступленне беларуская лідарка прысвяціла памяці пісьменніцы Святланы Курс. Яна распавяла пра іх асабістыя сустрэчы і размовы, а таксама пра тое, як творчасць пісьменніцы дапамагала беларусам лепш разумець сябе і сваю краіну.
Асобную ўвагу Святлана Ціханоўская надала захаванню беларускай мовы, культуры і ідэнтычнасці, падтрымцы творцаў у выгнанні і неабходнасці працягваць культурныя праекты нават у самых складаных абставінах.
«Дарагія сябры, дарагія беларусы і беларускі!
Для мяне заўсёды вялікая радасць прыязджаць у Кракаў. Гэта адзін з маіх любімых польскіх гарадоў. Тут асаблівая атмасфера, асаблівая гісторыя. І тут я заўсёды адчуваю сябе сярод сяброў.
Але сёння мой прыезд азмрочаны трагедыяй.
Літаральна гадзіну таму я была на Рынку Галоўным, на месцы жудаснага тэрарыстычнага нападу, які забраў чалавечыя жыцці. Я ўсклала кветкі ў памяць пра загінулых.
Гэта страшная трагедыя, якая надоўга застанецца ранай на сэрцы гэтага горада.
У такія моманты асабліва востра адчуваеш, наколькі каштоўнае чалавечае жыццё. Наколькі крохкае наша адчуванне бяспекі. І наколькі жорсткім можа быць зло.
Я хачу выказаць шчырыя спачуванні сем’ям загінулых, усім пацярпелым і жыхарам Кракава.
Мы, беларусы, падзяляем ваш боль.
Дарагія сябры,
Ёсць і яшчэ адна прычына, чаму сёння мне асабліва сумна.
Мы ўпершыню збіраемся тут без Святланы Курс. Без нашай Евы Вежнавец.
Яе не стала гэтым летам. І з гэтай стратай дагэтуль цяжка змірыцца.
Я памятаю нашы сустрэчы са Святланай. Нашы тэлефонныя размовы.
І дагэтуль не магу зразумець, адкуль яна брала столькі сіл. Столькі аптымізму. Адкуль знаходзіла такія дакладныя словы, каб апісаць тое, што адбываецца з намі, з Беларуссю.
Нават калі сама змагалася з цяжкай хваробай.
Святлана магла гаварыць пра вельмі страшныя рэчы. Пра смерць, пра рэпрэсіі, пра чалавечую жорсткасць. Яна не баялася называць рэчы сваімі імёнамі.
А потым раптам пажартаваць. Расказаць нейкую гісторыю. І ты ўжо ўсміхаешся.
Мне здаецца, яна ўмела бачыць святло нават у самых цёмных гісторыях.
Мне будзе вельмі не хапаць нашых размоў. Яе мудрасці, іроніі, яе ўмення знаходзіць правільныя словы нават у самыя цяжкія моманты.
Але я рада, што ў нас засталіся яе кнігі. І што сёння мы можам зноў пачуць яе голас.
Я вельмі ўдзячная Віле Дэцыюша за тое, што сённяшні дзень мы прысвячаем Святлане.
І асабліва хачу падзякаваць Дамініцы Каспровіч.
Дарагая Дамініка, для мяне ты сапраўдны прыклад таго, якой бывае салідарнасць.
Я ведаю, як табе баліць за Беларусь. За нашых людзей. І, здаецца, яшчэ больш — за беларускую культуру.
Дзе б ні адбывалася беларускае культурнае мерапрыемства ў Польшчы, нейкі фестываль, дыскусія ці сустрэча з пісьменнікамі, я вельмі часта бачу там Дамініку.
Дзякуй за падтрымку нашых творцаў, за тое, што беларуская культура мае тут свой дом.
Нам сапраўды патрэбныя такія сябры.
Дарагія сябры,
Сёння я не хацела б гаварыць пра палітыку ў звычайным сэнсе. Пра санкцыі, перамовы і міжнародныя рашэнні.
Мне хацелася б пагаварыць пра тое, што застаецца з намі незалежна ад палітычных абставін.
Пра Беларусь, якую мы носім у сабе. І пра людзей, якія дапамагаюць нам яе не згубіць.
Пра тое, дзе мы сёння. Куды ідзём. І што можам зрабіць, каб наблізіць вяртанне дадому.
Пра ўсё тое, пра што шмат разважала Святлана Курс у сваіх кнігах і эсэ.
Адно з пытанняў, якое яна ставіла, — як выжываць у цяжкія часы?
А я б спытала крыху інакш: як нам не проста выжываць, а працягваць жыць і дзейнічаць?
Бо можна бясконца чакаць пераменаў. А можна ўжо цяпер ствараць Беларусь, у якой мы хочам жыць.
Я бачу гэта ў розных краінах. Беларусы адкрываюць школы, выдаюць кнігі, падтрымліваюць палітвязняў, ствараюць культурныя праекты.
І сама Святлана рабіла менавіта так.
Яна казала: «Нашы нябачныя трагедыі павінны зрабіцца бачнымі».
І праз свае кнігі рабіла іх бачнымі. Вяртала людзям памяць, а гісторыям — іх сапраўдныя імёны.
Мне здаецца, гэта і ёсць адказ на пытанне, як нам вытрываць.
Не чакаць лепшых часоў, а працаваць, каб яны насталі.
Бо наша вялікая небяспека — не толькі рэжым. Гэта яшчэ і стомленасць, апатыя, адчуванне, што нічога ўжо не зменіцца.
Але я ведаю, што гэта не так.
Часам мы не бачым вынікаў сваёй працы адразу. Але гэта не значыць, што яе вынікаў няма.
Святлана аднойчы сказала: «Беларусь не выкарчаваць з сэрца».
А я хачу, каб Беларусь была не толькі ў нашых сэрцах, але і ў нашых справах.
Каб аднойчы, калі мы вернемся дадому, нам не давялося пачынаць усё з нуля.
І менавіта культура, ідэнтычнасць, мова адыгрываюць тут асаблівую ролю.
Ведаеце, я сама прыйшла да беларушчыны адносна нядаўна. І шмат у чым дзякуючы людзям, якія былі побач.
Я не магу параўнаць свае веды пра беларускую культуру з ведамі Уладзіміра Някляева, Альгерда Бахарэвіча ці Святланы Курс.
Але менавіта такія людзі дапамаглі мне па-новаму адкрыць сваю краіну.
Яны не проста расказвалі пра Беларусь. Яны ўмелі заразіць любоўю да яе.
І я думаю, што нешта падобнае адчулі многія беларусы за апошнія гады.
Я раней не задумвалася, наколькі важная ідэнтычнасць. Наколькі важная мова. Гэтае разуменне прыйшло паступова.
І мне здаецца, што беларускасць жыве ўнутры кожнага з нас. Проста часам патрэбны нейкі штуршок, каб яна прачнулася.
Святлана Курс у адным са сваіх эсэ прыгадвала, як у дзяцінстве падняла камень і ўбачыла пад ім бледную, скручаную траву.
А праз некалькі дзён трава выпрасталася, зазелянела і пацягнулася да сонца.
Мне здаецца, гэта вельмі падобна да таго, што адбываецца з беларусамі.
Колькі разоў нас спрабавалі прыціснуць. Знішчыць нашу мову, культуру, памяць. Колькі разоў расстрэльвалі нашых паэтаў, вынішчалі інтэлігенцыю.
Казалі, што мы маленькі народ, што ў нас няма сваёй гісторыі і будучыні.
Але як толькі з’яўлялася крыху свабоды, беларускае зноў пачынала прарастаць.
Так было ў канцы 1980-х. Так было ў 2020 годзе.
І я веру, што так будзе зноў.
І заўсёды былі людзі, якія захоўвалі беларускасць, праносілі яе праз усё жыццё і дзяліліся ёй з іншымі.
Не проста дзяліліся, а ўмелі заразіць любоўю да Беларусі.
І, канешне, адным з такіх людзей была Святлана Курс.
Сёння захоўваць беларускасць — ужо не проста асабісты выбар. Гэта наша адказнасць.
Бо ў нас не так шмат інструментаў, каб абараніць сваю краіну.
У дэмакратычных сіл няма сваёй арміі. Няма кантролю над дзяржаўнымі інстытутамі. Многія з нас не могуць нават ступіць на родную зямлю.
Многія актыўныя беларусы былі вымушаныя з’ехаць. Кагосьці проста гвалтам выкінулі з краіны.
А многія, якія засталіся дома, жывуць ва ўмовах унутранай эміграцыі.
Не могуць адкрыта гаварыць тое, што думаюць. Не могуць свабодна збірацца, чытаць, нават слухаць музыку, якую хтосьці назваў «экстрэмісцкай».
І часам сапраўды адчуваеш сябе, як у той песні Лявона Вольскага: «І тут ты чужы, і там ты чужы».
Але апошнія гады паказалі, што Беларусь — гэта не толькі тэрыторыя.
Гэта найперш людзі.
Беларусь існуе ўсюды, дзе ёсць беларусы. Дзе гавораць па-беларуску. Дзе спяваюць нашы песні. Дзе дзецям чытаюць беларускія казкі.
Дзе людзі збіраюцца, каб дапамагчы адно аднаму.
Дзе за пару гадзін збіраюць тысячы еўра, каб дапамагчы любімай пісьменніцы, як было, калі Святлана Курс трапіла ў бяду.
Мне здаецца, гэта таксама вельмі беларуская гісторыя.
Альгерд Бахарэвіч аднойчы прыгожа параўнаў Беларусь з выспай, якая вандруе разам з намі ў часе і прасторы.
Мне падабаецца гэты вобраз.
Бо нас можна пазбавіць магчымасці вярнуцца на родную зямлю. Можна закрыць межы. Забраць пашпарты.
Але немагчыма забраць Беларусь, якую мы носім у сабе.
Можа, нехта і скажа: ну якая культура, калі ў нас столькі палітвязняў, калі ідзе вайна, калі краіна губляе незалежнасць?
Ці сапраўды цяпер час пісаць вершы, перакладаць кнігі, ладзіць канцэрты?
Я думаю — менавіта цяпер.
Бо мы абараняем не толькі тэрыторыю ці дзяржаўныя інстытуты.
Мы абараняем сваё права быць сабой.
Права мець сваю гісторыю. Сваю мову. Сваіх герояў. Сваю памяць.
«Рускі мір» прыходзіць не толькі з танкамі.
Ён прыходзіць і праз падручнікі. Праз тэлебачанне. Праз перапісванне гісторыі.
Спачатку табе кажуць, што твая мова не мае значэння.
Потым — што твая гісторыя не мае значэння.
А потым — што і твая краіна не патрэбная. Бо ёсць нібыта адна вялікая дзяржава, адзін народ і адзін лёс.
Мы бачылі, да чаго гэта прыводзіць ва Украіне.
І бачым, як тое самае спрабуюць рабіць у Беларусі.
І тут важна разумець: мы змагаемся не супраць рускай мовы і не супраць людзей, якія на ёй размаўляюць.
Мы супраць таго, каб нам навязвалі чужую ідэнтычнасць і адмаўлялі ў праве мець сваю.
Менавіта таму беларуская культура — гэта таксама спосаб супраціву.
Я нядаўна была ў Ірландыі, дзе мы праводзілі беларуска-ірландскую канферэнцыю пра культуру і нацыянальную ідэнтычнасць.
Андрэй Хадановіч расказваў ірландцам пра гісторыю беларускай мовы, яе заняпаду і адраджэння.
І ўсе былі ўражаныя тым, як шмат нас яднае.
Ірландцы таксама доўга змагаліся за сваю мову. За права быць сабой.
І сёння іх дзяржава падтрымлівае тое, што калісьці спрабавалі знішчыць.
Я ўпэўнена, гэтаксама будзе і ў новай Беларусі.
Дзяржава будзе падтрымліваць сваіх творцаў, а не выганяць іх у эміграцыю, пазбаўляць магчымасці працаваць і вяртацца дадому.
І ўсё тое, што цяпер мы будуем у выгнанні, пішам, ствараем, аднойчы вернецца ў Беларусь.
І мяне вельмі радуе, што беларуская культура ў выгнанні не толькі захоўваецца, але і развіваецца.
Нашы фільмы паказваюць на міжнародных фестывалях. Нашы мастакі ўдзельнічаюць у вялікіх еўрапейскіх выставах. Нашы пісьменнікі знаходзяць новых чытачоў.
Кнігі Альгерда Бахарэвіча і Святланы Курс выходзяць у перакладах. І людзі ў іншых краінах адкрываюць для сябе Беларусь.
У 2020 годзе свет убачыў беларускі пратэст.
А цяпер праз культуру ён пачынае лепш разумець саміх беларусаў.
І, магчыма, мы самі таксама пачынаем лепш разумець сябе.
Я ведаю, як цяжка сёння беларускім творцам. Асабліва тым, хто пасля турмы ці вымушанага ад’езду мусіць пачынаць усё нанова.
І я вельмі ўдзячная ўсім, хто дапамагае ім працягваць працу.
Віле Дэцыюша, польскім культурным інстытуцыям, Беларускай радзе культуры, усім нашым партнёрам.
Літаральна ўчора мы абмяркоўвалі з Еўракамісіяй працяг праграм падтрымкі рэпрэсаванвых творцаў праз праграму ArtPower.
Бо талент не павінен знікаць толькі таму, што дыктатура пазбавіла чалавека магчымасці працаваць дома.
І, канешне, мы павінны памятаць пра нашых палітвязняў. У тым ліку пра 79 дзеячаў культуры, якія дагэтуль за кратамі.
Мы павінны працягваць змагацца за іх вызваленне.
І за права кожнага беларуса вярнуцца дадому.
Дарагія сябры,
На жаль, Святлана Курс не паспела вярнуцца дадому. Не дачакалася вольнай Беларусі.
Але яна пакінула нам нешта вельмі важнае.
Не толькі свае кнігі, але і ўменне бачыць Беларусь нават у самых простых рэчах.
Яна расказвала, як ёй перадавалі з Беларусі квашаную капусту. З такім прывітаннем ад сваіх: «Мы ёсць».
Здавалася б, што тут асаблівага — звычайная квашаная капуста!
Але для чалавека, які апынуўся далёка ад дому, часам нават яе смак можа нагадаць пра ўсё, што ты любіш.
Пра дом. Пра родных. Пра сваё.
І вось у такіх рэчах таксама жыве Беларусь.
Не толькі ў вялікіх кнігах і прыгожых прамовах.
А ў звычайным чалавечым жыцці.
Святлана не была наіўнай аптымісткай. Яна бачыла зло, ведала цану чалавечай жорсткасці і не хавалася ад цяжкіх пытанняў.
Але нават у самых змрочных абставінах яна шукала надзею.
І, мне здаецца, вельмі важна, каб мы сёння не страцілі гэтую яе здольнасць.
Не дазволілі ні рэжыму, ні вайне, ні нашай уласнай стомленасці забраць у нас надзею.
Я таксама не хачу ўсё жыццё толькі змагацца.
Я хачу вярнуцца ў Беларусь.
Хачу, каб мае дзеці маглі свабодна прыязджаць дадому.
Каб нашы пісьменнікі маглі выдаваць свае кнігі ў Беларусі.
Каб нашы музыкі маглі выступаць там, дзе хочуць.
Каб беларускую мову не трэба было абараняць кожны дзень. Каб на ёй можна было проста жыць.
І каб наша культура была не толькі культурай супраціву і выгнання, але і культурай свабоднай краіны.
Мне здаецца, Святлана Курс таксама пра гэта марыла.
І яна пакінула нам вельмі простую параду:
«Беларускае трэба любіць і рабіць».
Не проста любіць Беларусь. Не проста сумаваць па ёй. Не проста чакаць пераменаў.
Любіць і рабіць.
Сёння мне вельмі хочацца, каб сярод нас зноў прагучаў голас Святланы Курс.
Таму замест звычайнага завяршэння я хачу прачытаць урывак з яе эсэ «На кепскі бок гісторыі».
Яго апошні раздзел называецца:
«Ці гэта канец? Не».
Што ж нас уратуе, апрача узброеных сіл украіны і іх беларускіх частак, якія зьнішчаюць нашага агульнага ворага, які стагоддзямі нішчыць нам жыцьцё, свабоду і шчасьце?
Толькі любоў. У нашых сілах захаваць сваю ідэнтыфікацыю. Калі няма сілаў нешта рабіць, гуртавацца зь іншымі людзьмі, можна проста трымаць яе ў сабе, як іскру — любоў да сябе, любоў да свайго.
З такой іскры пры спрыяльных умовах шугае высокі, роўны, моцны агонь да неба — так як мы гэта ўбачылі ў 2020 годзе, калі аказалася, што ў кожным доме, кожнай сям’і быў свой бел-чырвона-белы сьцяг, за які цяпер саджаюць у турму, зь якой можаш і не вярнуцца.
Любоў да свабоды, да творчасьці, да самарэалізацыі дае магутны імпульс. Як гаворыцца ў беларускай прымаўцы «Ад каханага і канём не адцягнеш».
Як душа чалавека ляціць да свайго дзіцяці, свайго каханка, сваіх бацькоў, да свайго роднага дому, так яна ляціць да сваёй беларускасьці. Асабліва, калі сваё знаходзіцца ў бядзе і няволі.
Галоўнае — не губляць надзеі. І нават праз боль, дэпрывацыю, бездапаможнасьць, гора, беларускае трэба любіць і рабіць. Без асаблівых рэфлексій; без пэрфэкцыяналізму — бо гэта яшчэ адна праява несвабоды.
«Я буду самым лепшым беларусам, я ўсё ўратую, усіх перамагу, я буду героем і дзеячом, буду насіць у сабе абавязак і памяць, і супэрцяжкую энэргію пакуты», — гэтага нічога не патрэбна. Трэба любіць, быць радасным чалавекам.
Аднойчы гэта скончыцца. Таталітарызм абрынаецца заўжды зьнянацку, бо ён якраз вораг любові, свабоды, геданізму, радасьці – усіх самых сьветлых праяваў чалавечнасьці.
І тады, атрымаўшы такую балючую прышчэпку ад таталітарызму і чужых ідэалёгій кшталту «русского міра», мы створым партыю, напрыклад, для адмываньня вечных шэрых валуноў, якія паразмалёўвалі дурацкімі лёзунгамі, мы ў кожным горадзе адновім ратушы, рынкі і пляцыкі, зьнесеныя падчас маскоўскага панаваньня, скінем цыбулі з нашых храмаў.
Мы зробім Беларусь такой, якой яе стварыў Бог, бо безь яе сьвет няпоўны. І назавём мы гэтую вольную партыю імем Міхала Анемпадзістава – мастака і паэта, які як ніхто разумеў Беларусь.
Нам і тады будзе нялёгка, але, як я сказала вышэй – дзеля любімага можна узьняць горы, нахіліць неба.
Жыве Беларусь».
Пасля выступлення адбылася дыскусія з прафесаркай Дамінікай Каспровіч пра ўплыў «рускага свету» на беларускую культуру, русіфікацыю і сувязі беларусаў у краіне і за мяжой.
Фестываль прайшоў пад ганаровым патранатам Міністэрства замежных спраў Польшчы і мэра горада Кракава.