На палях саміту Еўрапейскай палітычнай супольнасці ў Дубліне Святлана Ціханоўская ўпершыню сустрэлася з новым прэм’ер-міністрам Латвіі Андрысам Кулбергсам.
Абмеркавалі сітуацыю на беларуска-латвійскай мяжы, гібрыдныя атакі рэжыму Лукашэнкі, ролю Беларусі ў расійскай вайне супраць Украіны, вызваленне палітвязняў і адносіны з Украінай і ЗША.
Ціханоўская падкрэсліла неабходнасць захоўваць цвёрдую пазіцыю ў дачыненні да Расіі і рэжыму Лукашэнкі, пакуль не адбудуцца рэальныя сістэмныя змены.
«Я выказала салідарнасць з Латвіяй, якая сутыкаецца з міграцыйнымі і гібрыднымі атакамі з боку рэжыму і Расіі. Іх мэта — аслабіць Латвію і раскалоць адзінства еўрапейскіх краін. Адказнасць за гэтыя атакі нясе рэжым Лукашэнкі, а не беларускі народ.
Мы разумеем усе выклікі бяспекі, з якімі сутыкаецца Латвія. Але, ізалюючы рэжым, важна захоўваць кантакты паміж нашымі грамадствамі, падтрымліваць дыяспару, пакідаць магчымасць перасякаць мяжу для звычайных грамадзян Беларусі. Разам з тым, я заклікаю грамадзян Латвіі не ездзіць у Беларусь цяпер, каб не трапіць у закладнікі рэжыму. Гэта небяспечна.
Беларусы вельмі цёпла ставяцца да Латвіі і латвійскага народа. Нас звязваюць супольная гісторыя, каштоўнасці і, я веру, супольная еўрапейская будучыня. Дзеянні Лукашэнкі не павінны разбурыць добрасуседскія адносіны паміж нашымі народамі»,
— адзначыла Ціханоўская.
