12 лістапада, на палях саміту Еўрапейскай палітычнай супольнасці ў Дубліне, Святлана Ціханоўская сустрэлася з прэм’ер-міністаркай Італіі Джорджай Мелоні.
Ціханоўская падзякавала Італіі за падтрымку свабоднай Беларусі і Украіны, а таксама за абарону еўрапейскіх інтарэсаў і каштоўнасцяў.
«Мы, беларусы, таксама еўрапейцы і вельмі цэнім ролю Італіі. Нас звязваюць не толькі агульныя каштоўнасці, але і супольная будучыня. У Італіі жыве шмат беларусаў, дзейнічае актыўная дыяспара, адкрыты беларускі цэнтр. На працягу дзесяцігоддзяў італьянскія сем’і прымалі беларускіх дзяцей на аздараўленне. І сёння Італія працягвае падтрымліваць нашу барацьбу за свабоду. Мы гэтага не забываем»,
— адзначыла Ціханоўская.
Асобнай тэмай размовы сталі вайна ва Украіне і будучыня еўрапейскай бяспекі. Ціханоўская падкрэсліла, што мір павінен быць справядлівым і трывалым. Нельга дапусціць новага падзелу Еўропы на сферы ўплыву, пры якім Беларусь застанецца пад кантролем Расіі.
«Нельга саступаць патрабаванням дыктатараў. Еўропа павінна выстаўляць ясныя ўмовы і цвёрда адстойваць свае прынцыпы. Беларусь не павінна стаць разменнай манетай у перамовах. Без незалежнай Беларусі не будзе трывалага міру і бяспекі ў нашым рэгіёне»,
— падкрэсліла Ціханоўская.
Ціханоўская адзначыла важнасць амерыканскіх гуманітарных намаганняў па вызваленні палітвязняў і заклікала падтрымліваць гэты працэс. Пры гэтым яна падкрэсліла, што вызвалення асобных людзей недастаткова — неабходна дамагчыся вызвалення ўсіх палітвязняў і спынення рэпрэсій у Беларусі.
