У кастрычніку Камітэт ААН па ліквідацыі дыскрымінацыі ў дачыненні да жанчын (CEDAW) прыняў Агульную рэкамендацыю № 41 па ліквідацыі гендарных стэрэатыпаў. Беларусь, як удзельніца адпаведнай Канвенцыі, мае міжнародныя абавязацельствы ў гэтай сферы. Аднак сённяшняя палітыка рэжыму ідзе ў адваротным кірунку.
Дарадца Святланы Ціханоўскай па гендарнай роўнасці Юлія Міцкевіч патлумачыла, як палажэнні новай рэкамендацыі суадносяцца з сітуацыяй у Беларусі і якія змены неабходныя ў гэтай сферы:
– Хатні гвалт. Гвалт не можа лічыцца прыватнай справай сям’і. Аднак у Беларусі дагэтуль няма асобнага закона аб хатнім гвалце, а незалежныя арганізацыі, якія дапамагалі пацярпелым жанчынам, ліквідаваныя.
– Доступ да справядлівасці. Гендарныя стэрэатыпы ў працы суддзяў, пракурораў і міліцыі пазбаўляюць жанчын магчымасці атрымаць абарону. У Беларусі ж сама праваахоўная сістэма стала інструментам рэпрэсій.
– Рэпрадуктыўныя правы. У Беларусі ў абвешчаны рэжымам «Год беларускай жанчыны» плануюць забараніць аборты ў прыватных медцэнтрах і абмяркоўваюць скарачэнне тэрміну перапынення цяжарнасці па ўласным жаданні з 12 да 9 тыдняў.
– Анлайн-гвалт. Беларускія актывісткі, журналісткі і праваабаронцы сутыкаюцца з цкаваннем, дыпфэйкамі і пагрозамі, у тым ліку з боку дзяржаўных медыя.
– Удзел жанчын у палітыцы. У 2020 годзе жанчыны сталі тварам перамен. Сёння яны працягваюць браць на сябе адказнасць за палітычныя і грамадскія працэсы, рызыкуючы не толькі ўласнай бяспекай, але і бяспекай сваіх блізкіх.
– Эканамічная незалежнасць. Роўная аплата працы, справядлівае размеркаванне сямейных абавязкаў і даступныя паслугі па доглядзе — неабходныя ўмовы для таго, каб жанчыны не заставаліся ў небяспечных адносінах праз фінансавую залежнасць.
«Сённяшні рэжым у Беларусі не выконвае ўзятых міжнародных абавязкаў. Але абавязацельствы Беларусі як дзяржавы нікуды не знікаюць. Агульная рэкамендацыя — гэта дарожная мапа: якія законы, інстытуты і практыкі патрэбныя дэмакратычнай Беларусі, каб кожная жанчына і дзяўчына жыла без страху і магла сама распараджацца сваім жыццём і целам»,
— адзначыла Юлія Міцкевіч.
