• Навіны
  • Офіс
  • Новая Беларусь
  • Партнёры
  • Дапамога
  • Кантакты
  • Беларуская
  • Навіны
  • Офіс
  • Новая Беларусь
  • Партнёры
  • Дапамога
  • Кантакты
  • Ціханоўская абмеркавала з прэм’ерам Харватыі працяг падтрымкі рэпрэсаваных беларусаў

    13 лістапада, 2026

    На палях саміту Еўрапейскай палітычнай супольнасці ў Дубліне Святлана Ціханоўская сустрэлася з прэм’ер-міністрам Харватыі Андрэем Пленкавічам.

    Ціханоўская падзякавала Харватыі за падтрымку беларускіх дэмакратычных сілаў, запрашэнні на саміты Ініцыятывы трох мораў і ўдзел у Міжнародным гуманітарным фондзе дапамогі рэпрэсаваным беларусам. Дзякуючы фонду дапамогу ўжо атрымалі былыя палітвязні і ахвяры рэпрэсій. Абмеркавалі працяг гэтай ініцыятывы.

    «Мы вельмі цэнім дапамогу Харватыі. Для тысячаў людзей, якія выйшлі з турмаў, страцілі працу, здароўе, былі вымушаныя пакінуць Беларусь, гэта магчымасць пачаць жыццё нанова. І вельмі важна, каб такая дапамога працягвалася. Яе заўжды недастаткова.

    У Беларусі па-ранейшаму адбываюцца арышты і пераслед. Калі ўсе палітвязні будуць вызваленыя і на працягу працяглага часу мы не ўбачым новых арыштаў і рэпрэсій — тады можна будзе казаць пра сапраўдныя змены ў палітыцы рэжыму. Але пакуль гэтага не адбылося.

    Мы таксама гаварылі пра Украіну. Цяпер, калі ідуць перамовы, асабліва важна працягваць яе падтрымку. Еўропа павінна быць за сталом перамоваў. Лёс народаў не можа вырашацца за іх спінамі. Для беларусаў прынцыпова, каб мірныя дамоўленасці не замацавалі статус-кво, пры якім Беларусь дэ-факта застаецца расійскім сатэлітам.

    Беларускае грамадства гатовае да дэмакратычных пераменаў, і многія беларусы бачаць будучыню сваёй краіны ў Еўропе. Нельга пакідаць іх за новай жалезнай заслонай. Але нельга і саступаць рэжыму Лукашэнкі, які разам з Расіяй спрабуе раскалоць еўрапейскае адзінства. Трэба адначасова падтрымліваць беларускі народ і захоўваць ціск на рэжым»,

    — адзначыла Ціханоўская.

    Таксама абмеркавалі магчымасць прызначэння спецыяльнага прадстаўніка Харватыі па Беларусі. Прэм’ер-міністр пацвердзіў, што Харватыя плануе прызначыць такога спецпрадстаўніка.

    Апошнія навіны