• Навіны
  • Офіс
  • Новая Беларусь
  • Партнёры
  • Дапамога
  • Кантакты
  • Беларуская
  • Навіны
  • Офіс
  • Новая Беларусь
  • Партнёры
  • Дапамога
  • Кантакты
  • Дарадца Ціханоўскай узяў удзел у сесіі Парламенцкай асамблеі НАТА ў Берліне

    23 лістапада, 2026

    22–23 лістапада ў Берліне прайшла 72-я штогадовая сесія Парламенцкай асамблеі НАТА. У ёй у якасці назіральніка ўзяў удзел дарадца Святланы Ціханоўскай па пытаннях дыпламатыі Дзяніс Кучынскі, які прыбыў у Германію адразу пасля працоўнага візіту ва Украіну.

    Гэта ўжо пяты раз, калі прадстаўнікоў беларускіх дэмакратычных сіл запрашаюць на сесіі Парламенцкай асамблеі НАТА ў якасці назіральнікаў.

    Падчас сесіі перад парламентарыямі выступілі генеральны сакратар НАТА Марк Рутэ, прэзідэнтка Малдовы Мая Санду і міністр замежных спраў Германіі Ёган Вадэфуль.

    На палях сесіі Дзяніс сустрэўся з прэзідэнтам Асамблеі Маркушам Перэстрэлу, які завяршыў свой мандат, і амерыканскім кангрэсменам Брэнданам Бойлам, якога абралі новым прэзідэнтам Асамблеі, а таксама парламентарыямі Вялікабрытаніі, Польшчы, Германіі, Італіі і іншых краін, якія займаюцца пытаннямі абароны і нацыянальнай бяспекі.

    Адной з галоўных тэмаў стала сітуацыя ва Украіне. Дзяніс Кучынскі прыбыў у Берлін са Львова, дзе 20 лістапада застаў масіраваную расійскую ракетна-дронавую атаку. Падчас паветранай трывогі яму давялося хавацца ва ўкрыцці на чыгуначным вакзале.

    Ён падзяліўся з партнёрамі ўбачаным, распавёў пра наступствы расійскіх удараў і падкрэсліў неабходнасць тэрміновага ўзмацнення супрацьпаветранай абароны Украіны.

    Дзяніс Кучынскі: «Для мяне было асабліва важна падзяліцца з партнёрамі тым, што я літаральна некалькі дзён таму пабачыў на ўласныя вочы ва Украіне. Гэта не абстрактныя дыскусіі пра бяспеку, а рэальная вайна, у якой кожны дзень гінуць людзі. Парламентарыі краін НАТА прымаюць рашэнні, ад якіх залежаць абаронныя бюджэты, падтрымка Украіны і бяспека ўсяго рэгіёна. Таму вельмі важна, каб яны чулі і беларускі голас».

    Яшчэ адной важнай тэмай стала мілітарызацыя Беларусі і выкарыстанне яе тэрыторыі Расіяй для агрэсіі супраць Украіны.

    Дзяніс Кучынскі звярнуў увагу партнёраў на нядаўні даклад BELPOL і прапанаваў наладзіць сістэмнае супрацоўніцтва арганізацыі з парламентарыямі, якія займаюцца пытаннямі абароны і нацыянальнай бяспекі. Гэта дазволіць ім атрымліваць актуальную інфармацыю пра сітуацыю ўнутры Беларусі, вайсковую інфраструктуру, мілітарызацыю і ўдзел рэжыму Лукашэнкі ў расійскай агрэсіі.

    Падчас сесіі Дзяніс Кучынскі сустрэўся з прэзідэнтам Парламенцкай асамблеі НАТА, партугальскім парламентарыем Маркушам Перэстрэлу, які завяршыў свой мандат. Ён падзякаваў яму за супрацоўніцтва, сустрэчы са Святланай Ціханоўскай і падтрымку дэмакратычнай Беларусі.

    Таксама адбылася сустрэча з амерыканскім кангрэсменам Брэнданам Бойлам. Абмеркавалі магчымасці далейшага супрацоўніцтва як у межах Парламенцкай асамблеі НАТА, так і ў Кангрэсе ЗША.

    Асобна Дзяніс Кучынскі паразмаўляў з новым кіраўніком венгерскай дэлегацыі ў Парламенцкай асамблеі НАТА і старшынём камітэта па абароне і праваахоўнай дзейнасці парламента Венгрыі Чабам Атцілам Бакашам. Размова ішла пра сітуацыю ў Беларусі і магчымасці далейшага супрацоўніцтва.

    Адной з галоўных ініцыятыў на 2027 год стала прапанова стварыць у Парламенцкай асамблеі НАТА нефармальную міжфракцыйную парламенцкую групу «За дэмакратычную Беларусь».

    Прапануецца стварыць яе паводле прыкладу аналагічнай групы ў Парламенцкай асамблеі АБСЕ. Мяркуецца, што яна аб’яднае парламентарыяў розных краін і палітычных фракцый для каардынацыі сумесных ініцыятыў, падтрымкі дэмакратычных пераменаў у Беларусі і развіцця міжнароднага супрацоўніцтва.

    Яшчэ адна важная сустрэча адбылася з прэзідэнтам Паўночнай рады Віле Вяюруненам. Дзяніс Кучынскі падзякаваў яму за падтрымку беларускіх дэмакратычных сіл і садзейнічанне ў стварэнні беларускай дэлегацыі ў Паўночнай радзе, якая ўжо ўзяла ўдзел у яе сесіі ў Хельсінкі.

    Нагадаем, рашэнне аб стварэнні беларускай дэлегацыі было прынята ў тым ліку дзякуючы падтрымцы прэзідэнта Паўночнай Рады пасля яго сустрэчы з Дзянісам Кучынскім у Вільні.

    Падчас размовы ў Берліне бакі абмеркавалі наступныя крокі супрацоўніцтва. Дзяніс Кучынскі прапанаваў падрыхтаваць стратэгічную канферэнцыю ў Стакгольме з удзелам прадстаўнікоў беларускіх дэмакратычных сіл і Паўночнай рады.

    Таксама пацвердзілі намер працягваць рэгулярны палітычны дыялог, удзел беларускай дэлегацыі ў працы Паўночнай рады і рэалізацыю сумесных ініцыятыў.

    Дзяніс Кучынскі: «Беларусь павінна заставацца часткай усіх размоў пра еўрапейскую бяспеку. Мы хочам, каб нашы партнёры мелі як мага больш дакладнай інфармацыі пра тое, што адбываецца ўнутры краіны, і разумелі: дэмакратычная Беларусь — гэта не пагроза, а будучы партнёр у забеспячэнні міру і стабільнасці ў нашым рэгіёне».

    Апошнія навіны