• Навіны
  • Офіс
  • Новая Беларусь
  • Партнёры
  • Дапамога
  • Кантакты
  • Беларуская
  • Навіны
  • Офіс
  • Новая Беларусь
  • Партнёры
  • Дапамога
  • Кантакты
  • Дарадца Ціханоўскай абмеркаваў у Вільні супрацоўніцтва з Радай Еўропы

    24 лістапада, 2026

    Дырэктар Офіса Святланы Ціханоўскай у Вільні і дыпламатычны дарадца Дзяніс Кучынскі і дарадца па канстытуцыйнай рэформе і парламенцкім супрацоўніцтве Анатоль Лябедзька правялі першую працоўную сустрэчу са спецыяльным каардынатарам Інфармацыйнага пункта Рады Еўропы для беларусаў Ежы Баўрскім.

    Бакі абмеркавалі развіццё супрацоўніцтва ў сферах адукацыі і культуры, узаемадзеянне з Парламенцкай асамблеяй Рады Еўропы (ПАСЕ), а таксама падрыхтоўку сумесных мерапрыемстваў.

    Адной з галоўных тэмаў стала пашырэнне магчымасцяў для беларускай моладзі. Абмеркавалі арганізацыю лекцыяў, дыскусіяў і сустрэчаў з беларускімі студэнтамі ў Еўрапейскім гуманітарным універсітэце, Універсітэце Вітаўта Вялікага і Віленскім універсітэце.

    Інфармацыйны пункт Рады Еўропы зацікаўлены ў развіцці супрацоўніцтва з універсітэтамі і рэалізацыі адукацыйных ініцыятываў для беларусаў.

    Асобную ўвагу надалі ўзаемадзеянню з ПАСЕ і падрыхтоўцы да сустрэчы Міжнароднага альянсу парламенцкіх груп «За дэмакратычную Беларусь», запланаванай на 9 чэрвеня ў Вільні.

    Разглядаецца магчымасць правесці ў сувязі з гэтай сустрэчай асобнае мерапрыемства, прысвечанае беларускай моладзі, з удзелам прадстаўнікоў ПАСЕ. Папярэднія дамоўленасці па гэтай ініцыятыве абмеркаваныя з генеральным дакладчыкам ПАСЕ па дэмакратычнай Беларусі Густафам Гётбергам і Ежы Баўрскім. Фармат мерапрыемства яшчэ распрацоўваецца.

    Таксама абмеркавалі дзве рэзалюцыі па Беларусі, разгляд якіх папярэдне чакаецца ў красавіку ў ПАСЕ і Кангрэсе мясцовых і рэгіянальных уладаў Рады Еўропы.

    Акрамя таго, гаварылі пра магчымыя мерапрыемствы да Дня Волі ў Савеце Еўропы, далейшае супрацоўніцтва падчас сустрэчаў ПАСЕ ў Варшаве і арганізацыю сумеснага мерапрыемства падчас наступнага візіту Святланы Ціханоўскай у Страсбург.

    У межах сустрэчы Дзяніс Кучынскі і Ежы Баўрскі абмеркавалі магчымасці супрацоўніцтва Інфармацыйнага пункта з Беларускай Радай культуры, падтрымку культурных ініцыятываў і ўзаемадзеянне ў межах Беларускіх дзён у Бруселі. Асобна абмеркавалі працу дэлегацыі Каардынацыйнай рады ў ПАСЕ і падкрэслілі яе важную ролю ў прадстаўленні інтарэсаў беларусаў і захаванні беларускага пытання ў парадку дня Асамблеі.

    Таксама закранулі пашырэнне кантактаў з беларускімі арганізацыямі, прадстаўнікамі грамадзянскай супольнасці, амбасадарамі і спецыяльнымі пасланнікамі па працы з дэмакратычнымі сіламі.

    Асобна абмеркавалі магчымасці ўдзелу Святланы Ціханоўскай у будучых міжнародных мерапрыемствах, у тым ліку ў межах супрацоўніцтва з Радай Еўропы падчас старшынства Чарнагорыі ў Камітэце міністраў.

    «Для нас важна, каб супрацоўніцтва з Радай Еўропы прыносіла канкрэтныя вынікі, а беларускія арганізацыі і ініцыятывы мелі больш магчымасцяў удзельнічаць у міжнародных праектах і быць пачутымі», — адзначыў Дзяніс Кучынскі.

    Па выніках сустрэчы бакі дамовіліся працягнуць супрацоўніцтва і правесці наступную працоўную сустрэчу ў Офісе Святланы Ціханоўскай у Вільні.

    Апошнія навіны