• Навіны
  • Офіс
  • Новая Беларусь
  • Партнёры
  • Дапамога
  • Кантакты
  • Беларуская
  • Навіны
  • Офіс
  • Новая Беларусь
  • Партнёры
  • Дапамога
  • Кантакты
  • Візіт у Кракаў, сустрэча ў Сенаце Польшчы і Форум Астрожскіх. Вынікі працы Офіса Святланы Ціханоўскай 16–22 лістапада

    23 лістапада, 2026

    ВІЗІТ У КРАКАЎ

    Падчас візіту ў Кракаў 17-18 лістапада Святлана Ціханоўская ўзяла ўдзел у фестывалі «Культура ў выгнанні», дзе гаварыла пра беларускую мову, культуру і русіфікацыю. Яна выступіла на саміце Open Eyes Economy Summit, дзе разам з дырэктарам Еўрапейскай рады па міжнародных адносінах Маркам Леанардам абмеркавала бяспеку рэгіёна, незалежнасць Беларусі і яе еўрапейскую перспектыву. Ціханоўская таксама ўсклала кветкі ў памяць ахвяраў узброенага нападу ў Кракаве. 

    Фотарэпартаж.

    СУСТРЭЧА З МАРШАЛКАЙ СЕНАТА ПОЛЬШЧЫ

    19 лістапада Святлана Ціханоўская сустрэлася ў Варшаве з маршалкай Сената Польшчы Малгажатай Кідава-Блонскай. Абмеркавалі вызваленне палітвязняў, санкцыі, а таксама праблемы беларусаў у Польшчы: легалізацыю, банкаўскія рахункі, праязныя дакументы і пенсіі. Сярод планаў — пашыраныя парламенцкія слуханні ў снежні, канферэнцыя ў Сенаце ў 2027 годзе і падрыхтоўка дакумента аб супрацоўніцтве. 

    Фотарэпартаж.

    V ФОРУМ АСТРОЖСКІХ У ЛЬВОВЕ

    19–20 лістапада ў Львове прайшоў V Форум Астрожскіх, прысвечаны беларуска-ўкраінскаму супрацоўніцтву. У дыскусіі ўдзельнічалі дарадца Святланы Ціханоўскай па пытаннях дыпламатыі Дзяніс Кучынскі, дарадца па парламенцкім супрацоўніцтве Анатоль Лябедзька, кіраўніца Місіі дэмакратычных сілаў Беларусі ва Украіне Вольга Зазулінская і ўкраінскія партнёры. Абмяркоўвалі легалізацыю беларусаў, іх удзел у аднаўленні Украіны і парламенцкія кантакты.

    УШАНАВАННЕ ПАМЯЦІ ДОБРААХВОТНІКАЎ

    20 лістапада Вольга Зазулінская, Анатоль Лябедзька і Дзяніс Кучынскі ўшанавалі ў Львове памяць Аляксея Лазарава і Пшэмыслава Расевіча-Кучынскага. Аляксей — беларускі добраахвотнік, які загінуў у студзені 2026 года. Пшэмыслаў — паляк беларускага паходжання, ваяр Палка Каліноўскага, які загінуў у 2024 годзе. Абодва пахаваныя ў Львове.

    ВЫЗВАЛЕННЕ ПАЛІТВЯЗНЯЎ І СПЫНЕННЕ РЭПРЭСІЙ

    20 лістапада Святлана Ціханоўская пракаментавала заяву Лукашэнкі пра працяг затрыманняў. Яна падкрэсліла, што праца дэмакратычных сілаў і міжнародных партнёраў накіраваная як на вызваленне ўсіх палітвязняў, так і на спыненне новых рэпрэсій. Святлана адзначыла важнасць намаганняў ЗША і неабходнасць працягваць інфармаваць партнёраў пра рэальную сітуацыю ў Беларусі.

    БЯСПЛАТНЫЯ КАНСУЛЬТАЦЫЙНЫЯ ПУНКТЫ ДЛЯ БЕЛАРУСАЎ

    Прадстаўніцтва Аб’яднанага Пераходнага Кабінета па сацыяльнай палітыцы рыхтуе адкрыццё інфармацыйна-кансультацыйных пунктаў у Варшаве, Вільні і Познані. Беларусы змогуць бясплатна звяртацца па дапамогу з легалізацыяй, дакументамі, працаўладкаваннем, адукацыяй, жыллём і медыцынай. Каб вызначыць найбольш запатрабаваныя паслугі, арганізатары запусцілі ананімнае апытанне.

    АНАЛІТЫКА ПРА АДУКАЦЫЮ І НАВУКУ

    17 лістапада Офіс апублікаваў аналітычны агляд стану беларускай адукацыі і навукі за ліпень–верасень 2026 года. У дакуменце разгледжаныя рэпрэсіі супраць акадэмічнай супольнасці, мілітарызацыя навучання і ўзмацненне ідэалагічнага кантролю. Таксама прапанаваныя меры падтрымкі незалежнай беларускай адукацыі і навукі.

    ПРАВЫ ЖАНЧЫН І ГЕНДАРНЫЯ СТЭРЭАТЫПЫ

    18 лістапада дарадца Святланы Ціханоўскай па гендарнай роўнасці Юлія Міцкевіч пракаментавала новую рэкамендацыю Камітэта ААН па ліквідацыі дыскрымінацыі ў дачыненні да жанчын. Яна звярнула ўвагу на праблемы хатняга гвалту, рэпрадуктыўных правоў, анлайн-цкавання і доступу жанчын да справядлівасці ў Беларусі.

    МЕДЫЯ

    POLITICO Europe (міжнароднае), Radio Timișoara (Румынія), POLITICO Berlin Playbook (міжнароднае), POLITICO Brussels Playbook Podcast (міжнароднае), The Telegraph (Вялікабрытанія), Radio 4 — «Подробности» (Эстонія), Radio Łódź (Польшча), PAP (Польшча), Czas Wschodni (Польшча), Позірк (Беларусь), Reform.news (Беларусь), Зеркало (Беларусь).

     

    Апошнія навіны