• Навіны
  • Офіс
  • Новая Беларусь
  • Партнёры
  • Дапамога
  • Кантакты
  • Беларуская
  • Навіны
  • Офіс
  • Новая Беларусь
  • Партнёры
  • Дапамога
  • Кантакты
  • Візіты ў Ірландыю і Эстонію, канферэнцыя пра ідэнтычнасць і Ноч расстраляных паэтаў. Вынікі працы Офіса Святланы Ціханоўскай 26 кастрычніка – 1 лістапада

    02 лістапада, 2026

    ВІЗІТ У ІРЛАНДЫЮ 

    27–28 кастрычніка Святлана Ціханоўская наведала Дублін. Яна сустрэлася з прэм’ер-міністрам Міхалам О’Марцінам і правяла перамовы з міністаркай замежных спраў Хелен Макэнці. Таксама Святлана выступіла перад прадстаўнікамі МЗС больш як 20 еўрапейскіх краін і сустрэлася з пасламі і дыпламатамі. Абмяркоўвалі вызваленне палітвязняў, падтрымку Украіны, праблемы беларусаў з дакументамі і міжнароднае супрацоўніцтва. Асобна ў МЗС гаварылі пра праязныя дакументы для дзяцей і вызваленых палітвязняў; Святлана перадала канкрэтныя звароты беларусаў. 

    Фотарэпартаж.

    БЕЛАРУСКА-ІРЛАНДСКАЯ КАНФЕРЭНЦЫЯ ПРА ІДЭНТЫЧНАСЦЬ

    27 кастрычніка ў Дубліне прайшла канферэнцыя «Ірландыя і Беларусь: нацыянальная і культурная ідэнтычнасць», якая сабрала каля 200 удзельнікаў. Святлана Ціханоўская выступіла з прамовай і абмеркавала захаванне мовы і культуры з дзяржаўным міністрам Томасам Бірнам. Удзельнікі абмяняліся досведам захавання нацыянальнай ідэнтычнасці і культурнымі ініцыятывамі. Галоўны дарадца Франак Вячорка падвёў вынікі канферэнцыі, а Святлана падзялілася ўспамінамі пра дзяцінства ў Ірландыі. 

    Фотарэпартаж.

    ВІЗІТ У ЭСТОНІЮ

    29–30 кастрычніка Святлана Ціханоўская правяла ў Таліне сустрэчы з прэзідэнткай Эстоніі Юле Мадізэ, міністрам замежных спраў Маргусам Цахкнам, старшынёй парламенцкага камітэта Марка Міхкельсанам і міністаркай культуры Хейдзі Пурга. Абмеркавалі палітвязняў, рэгіянальную бяспеку і дапамогу беларусам. Асобнымі тэмамі сталі падтрымка Украіны, праца з беларускімі супольнасцямі, пераклады беларускай літаратуры і культурныя ініцыятывы. Таксама Святлана сустрэлася са спецпасланнікамі па Беларусі і прадстаўнікамі 17 краін, Еўрапейскай службы знешніх дзеянняў і Еўракамісіі. 

    Фотарэпартаж.

    НОЧ РАССТРАЛЯНЫХ ПАЭТАЎ

    29 кастрычніка Святлана Ціханоўская ўшанавала памяць расстраляных паэтаў разам з беларусамі Эстоніі ў Таліне, дзе выступіла і прачытала верш Міхася Чарота. Таксама былі апублікаваныя поўная прамова Святланы, каментар дарадцы Паўла Церашковіча і спіс памятных мерапрыемстваў у розных краінах. Па ўсім свеце прайшлі паэтычныя чытанні, лекцыі і вечары памяці.

    СЕСІЯ ПАЎНОЧНАЙ РАДЫ Ў ХЕЛЬСІНКІ

    26–29 кастрычніка дэлегацыя беларускіх дэмакратычных сілаў на чале са Станіславай Гліннік упершыню ўзяла ўдзел у сесіі Паўночнай рады ў Хельсінкі. У сваім выступе Стасія падзякавала за падтрымку палітвязняў і заклікала да далейшага супрацоўніцтва з беларускімі дэмакратычнымі сіламі. Яна прапанавала зрабіць удзел беларускай дэлегацыі рэгулярным і правесці беларуска-паўночны круглы стол у Стакгольме.

    ЛЕГАЛІЗАЦЫЯ БЕЛАРУСАЎ У ЕЎРОПЕ

    27 кастрычніка прадстаўнікі Офіса ўзялі ўдзел у Мінскім форуме ў Бруселі. У дыскусіі ўдзельнічалі дарадца Святланы Ціханоўскай па прававых пытаннях Леанід Марозаў, прадстаўнік Офіса ў Эстоніі Віталь Малчанаў і дырэктарка Офіса дэмакратычных сілаў Беларусі ў Чэхіі Крысціна Шыянок. Яны абмеркавалі з еўрапейскімі партнёрамі праблемы з дакументамі, легалізацыю беларусаў і выкананне Люксембургскіх рашэнняў, а таксама перадалі свае прапановы экспертам Еўракамісіі.

    РАШЭННЕ ШВЕЙЦАРСКАГА СУДА ПА СПРАВЕ ЮРЫЯ ГАРАЎСКАГА

    26 кастрычніка суд кантона Санкт-Гален прызнаў Юрыя Гараўскага вінаватым у выкраданні Анатоля Красоўскага і прызначыў два гады зняволення ўмоўна. Апраўдальныя рашэнні па эпізодах Юрыя Захаранкі і Віктара Ганчара засталіся без зменаў. Дарадца Леанід Марозаў назваў прысуд важным крокам супраць беспакаранасці і падкрэсліў неабходнасць прыцягнення да адказнасці арганізатараў злачынстваў.

    ЗВАРОТ ПРА ВЫЗВАЛЕННЕ ПАЛІТВЯЗНЯЎ

    27 кастрычніка Святлана Ціханоўская выступіла з відэазваротам пра ліст былых палітвязняў з патрабаваннем вызваліць усіх палітычных зняволеных. Яна падзякавала аўтарам, выказала павагу да розных пазіцый і падкрэсліла: жыццё і свабода кожнага чалавека — агульны прыярытэт. Святлана таксама заклікала працягваць перамовы і міжнародныя намаганні дзеля вызвалення людзей.

    САЦЫЯЛЬНАЯ ПРЫЁМНАЯ ДЛЯ БЕЛАРУСАЎ ВА УКРАІНЕ

    Місія дэмакратычных сілаў Беларусі ва Украіне расказала пра працу сацыяльнай прыёмнай. Яе кіраўніца Вольга Зазулінская патлумачыла, як каманда дапамагае беларусам з пытаннямі дакументаў, легалізацыі, статусу дзяцей і сацыяльнай падтрымкі добраахвотнікаў ды іх сем’яў. Прыёмная дапамагае разабрацца ў сітуацыі і знайсці патрэбных спецыялістаў.

    ДЗЯДЫ

    На пачатку лістапада беларусы адзначаюць Дзяды — традыцыйныя дні памяці продкаў. 1 лістапада Святлана Ціханоўская звярнулася да беларусаў і заклікала захоўваць сямейныя ўспаміны і перадаваць традыцыі дзецям. Яна нагадала, што ўшанаваць блізкіх можна і далёка ад дому — сабраўшыся разам, запаліўшы свечку і згадаўшы тых, каго ўжо няма побач.

     

    ПЕРАСЛЕД ЛГБТК+ ЛЮДЗЕЙ У БЕЛАРУСІ

    30 кастрычніка дарадца Святланы Ціханоўскай Юлія Міцкевіч пракаментавала дадзеныя TG House і «Прызматыкі» пра 34 задакументаваныя выпадкі пераследу ЛГБТК+ людзей у 2026 годзе. Яна звярнула ўвагу на пагрозы, шантаж і ціск праз сем’і і заклікала абараняць правы пацярпелых. Паводле дарадцы, ціск выкарыстоўваюць і для прымусу людзей да супрацоўніцтва.

    МЕДЫЯ

    The Irish Times (Ірландыя), ERR (Эстонія), The Kyiv Independent (Украіна), Radio Łódź (Польшча), Polskie Radio 24 (Польшча), Dziennik Łódzki (Польшча), Twoje Miasto (Польшча), PAP (Польшча), TVN24 (Польшча), Polskie Radio (Польшча), RTÉ Morning Ireland (Ірландыя).

    Апошнія навіны