• Навіны
  • Офіс
  • Новая Беларусь
  • Партнёры
  • Дапамога
  • Кантакты
  • Беларуская
  • Навіны
  • Офіс
  • Новая Беларусь
  • Партнёры
  • Дапамога
  • Кантакты
  • Святлана Ціханоўская: «Жыццё і свабода кожнага і кожнай — наш агульны прыярытэт» 

    27 кастрычніка, 2026

    У сваім відэазвароце Святлана Ціханоўская адгукнулася на ліст за вызваленне палітвязняў. Яна падтрымала патрабаванні вызваліць людзей і спыніць рэпрэсіі, расказала пра працу з міжнароднымі партнёрамі і патлумачыла, чаму для вызваленняў патрэбныя і ціск, і перамовы.

    «Хачу сказаць вялікі дзякуй усім, хто падпісаў ліст за вызваленне палітвязняў. Я з вялікай павагай стаўлюся да ўсіх былых палітвязняў — і тых, хто падпісаў ліст, і тых, хто выказвае сумневы.

    І я сама падпісала б яго, бо падзяляю ваш боль, і выказаныя патрабаванні — вызваліць людзей, спыніць рэпрэсіі, каб усе маглі вярнуцца дадому. Яны справядлівыя. І я зраблю ўсё, што ад мяне залежыць, каб ваш голас быў пачуты.

    Жыццё і свабода кожнага і кожнай — наш агульны прыярытэт. І апошнія 6 гадоў не было ні дня, калі мы не гаварылі пра палітвязняў. І ўвесь гэты час нам удаецца трымаць пытанне палітвязняў на міжнародным парадку дня. І ў Бруселі, і ў Вашынгтоне, і ў Варшаве, і ў Вільнюсе.

    І тое, што пытанне палітвязняў стала галоўным у камунікацыі з Мінскам, — гэта таксама наша з вамі супольная заслуга. Тое, што людзі выходзяць на волю, — гэта вынік шматгадовых намаганняў, гэта таксама вынік санкцыйнага ціску, а не таго, што Лукашэнка раптам стаў гуманным. Мы ў кантакце і з амерыканскай адміністрацыяй, і з кіраўніцтвам Еўрасаюза, і гуманітарны трэк па вызваленні людзей працягваецца. Мы падтрымліваем працу Джона Коўла і спадзяёмся, што неўзабаве яшчэ больш людзей апынуцца на волі.

    Мы ўсе прыкладаем максімум намаганняў дзеля вызвалення людзей. Тэма палітвязняў, неабходнасці спынення рэпрэсій, дэмакратызацыі Беларусі павінна нас усіх аб’ядноўваць. Не трэба спрачацца, хто больш хоча вызвалення людзей. Нельга дазваляць рэжыму нас раскалоць. Тыя дылемы, якія закідваюцца, — ціск ці дыялог, перамовы ці санкцыі — фальшывыя. Адно без другога не працуе. Без ціску рэжым не будзе весці сур’ёзны дыялог. Як і без санкцый не было б і цяперашніх вызваленняў, і не будзе наступных.

    І сапраўдны адрасат нашых патрабаванняў знаходзіцца не ў Вашынгтоне і не ў Бруселі, а ў Мінску. Менавіта Лукашэнка трымае людзей за кратамі. Здавалася б, за што яшчэ мучыць невінаватых людзей, якія ўжо правялі ў турмах пяць-шэсць гадоў? Менавіта ён працягвае рэпрэсіі. І рэжым выдатна разумее, што трэба зрабіць, каб санкцыі з Беларусі былі знятыя, але гэтага не робіць.

    І Еўрасаюз, і еўрапейскія сталіцы ўсе гэтыя гады ставяць пытанне палітвязняў першым у размовах з Мінскам. Я ведаю, што літаральна пару месяцаў таму ў Мінску былі прадстаўнікі Еўрасаюза — і ў чарговы раз падымалі пытанне палітвязняў. Рэжым у чарговы раз адмахнуўся, як і падчас дзясяткаў іншых сустрэч на розных узроўнях. Маўляў, палітвязняў няма, яны злачынцы, давайце пагаворым лепш пра бізнес і іншыя рэчы.

    Таму наша задача — змусіць рэжым да сапраўднага дыялогу, да змены сваёй палітыкі, а для гэтага неабходна працягваць ціск. Каб рэжыму было гэтаксама балюча, як людзям, якія цяпер незаконна сядзяць у турме. І тады, я ўпэўненая, мы зможам пабачыць і больш людзей на волі, і дабіцца спынення рэпрэсій, і вяртання ўсіх дадому — пра што вы і кажаце ў сваім лісце. Мы ўсе, нават людзі ўнутры сістэмы, шукаем выхаду з крызісу, у які зацягвае рэжым нашу краіну, і ўжо цяпер прапануем рэжыму дыялог праз Круглы стол. Мы гатовыя — не гатовы рэжым.

    І апошняе: мы не павінны забываць, што, акрамя рэпрэсій, рэжым дапамагае ў вайне супраць Украіны. Пры дапамозе рэжыму гінуць тысячы ўкраінцаў кожны тыдзень. І менавіта гэта вядзе да новых санкцый і ізаляцыі Беларусі ў першую чаргу — як краіны-агрэсара. І пытанне спынення ваеннай падтрымкі Расіі павінна ставіцца перад рэжымам гэтаксама, як і спынення рэпрэсій.

    Са свайго боку буду рабіць усё, што ад мяне залежыць, каб голас кожнага і кожнай быў пачуты. І ўпэўненая, мы разам зможам дабіцца свабоды — і для нашых людзей, і для нашай краіны».