29 кастрычніка беларусы адзначаюць Дзень памяці ахвяраў палітычных рэпрэсій, які атрымаў назву Ноч расстраляных паэтаў. Дарадца Святланы Ціханоўскай па адукацыі і навуцы Павел Церашковіч распавёў пра тое, як савецкія рэпрэсіі і іх выканаўцы паўплывалі на гісторыю Беларусі і чаму іх метады застаюцца актуальнымі сёння.
«Менавіта ў гэтую ноч у 1937 г. было забіта 132 прадстаўніка эліты беларускага грамадства. Сярод іх — не менш за 20 літаратараў, адкуль і пайшла назва «Ноч расстраляных паэтаў». Мы ўспамінаем іх імёны, чытаем іх творы, запальваем знічы і свечкі. Усё дзеля таго, каб гэтая жудасная ноч не паўтарылася.
Але, каб гэта сапраўды назаўжды засталося ў гісторыі, варта ўзгадаць і тых, чыімі рукамі гэтая бойня была зроблена. Барыс Берман быў прызначаны на пасаду наркома ўнутраных спраў БССР у сакавіку 1937 г. Да гэтага ён працаваў у Сярэдняй Азіі, у разведцы. Да прыезду ў Беларусь займаўся фабрыкацыяй справы так званага «трацкісцка-зіноўеўскага блоку». Па словах Аляксея Наседкіна, наступнага Наркома УС, за няпоўны год па загадах Бермана ў Мінску было знішчана 80 тысяч чалавек.
«Ён забіў усіх найлепшых камуністаў рэспублікі. Абезгаловіў савецкі апарат. Вынішчыў цвет нацыянальнай беларускай інтэлігенцыі. Старанна вышукваў, знаходзіў, выдзіраў і знішчаў усіх, хоць трохі вылучаўся розумам або адданасцю, людзей з працоўнага народа: стаханаўцаў на заводах, старшыняў у калгасах, лепшых брыгадзіраў, пісьменнікаў, навукоўцаў, мастакоў. Выхаваныя партыяй нацыянальныя кадры савецкіх працаўнікоў. Восемдзесят тысяч нявінных ахвяр… Гара залітых крывёю трупаў да нябёсаў…»
У траўні 1938 г. Бермана вярнулі ў Маскву, у жніўні — арыштавалі, абвінавацілі ў шпіянажы на карысць Германіі і расстралялі. Справа Бермана, як рэпрэсаванага, двойчы разглядалася судовымі калегіямі СССР і Расійскай Федерацыі. Вердыкт адназначны — рэабілітацыі не падлягае.
Сённяшнія нашчадкі Бермана ў Беларусі не страляюць з наганаў у патыліцу. Але сутнасць іх дзейнасці выглядае падобнай: вышукваць, знаходзіць, выдзіраць і калечыць лёсы людзей, якія вылучаюцца розумам і сумленнем. Ролю «троек», якія без суда і следства падпісвалі расстрэльныя спісы, сёння ва ўніверсітэтах выконваюць прарэктары па бяспецы. Гэта яны складаюць спісы неблаганадзейных, прызначаных для звальнення. Гэта дзякуючы ім абвалілася доля ўніверсітэцкіх выкладчыкаў з навуковымі ступенямі і пацягнула за сабой агульную дэградацыю вышэйшай школы. Так, як і ў 1930-х ім і іх калегам асабліва карціць існаванне беларускай мовы, культуры, літаратуры. Так, кнігі яшчэ не спальваюць, як раней, але ёсць спісы забароненых публікацый, зачыняюцца выдавецтвы, знікаюць літаратурныя газеты і часопісы. І яшчэ, яны старанна спрабуюць выкрасліць з гістарычнай памяці ўсё, што звязана з жудаснымі рэпрэсіямі супраць беларусаў, а таксама і палякаў, габрэяў, літоўцаў і латышоў, здзейсненымі іх папярэднікамі ў 1930-х. Не атрымаецца. Пра вердыкт выканаўцам чытайце вышэй».
