• Навіны
  • Офіс
  • Новая Беларусь
  • Партнёры
  • Дапамога
  • Кантакты
  • Беларуская
  • Навіны
  • Офіс
  • Новая Беларусь
  • Партнёры
  • Дапамога
  • Кантакты
  • Дакументы для беларусаў і дапамога палітвязням: сустрэча Ціханоўскай з міністаркай замежных спраў Ірландыі

    28 кастрычніка, 2026

    28 кастрычніка ў Дубліне Святлана Ціханоўская сустрэлася з міністаркай замежных спраў і гандлю Ірландыі Хелен Макэнці. Гаварылі пра праблемы беларусаў з дакументамі, вызваленне палітвязняў, санкцыі супраць рэжыму Лукашэнкі, адказнасць за рэпрэсіі і далейшую падтрымку дэмакратычнай Беларусі.

    Дакументы і дапамога беларусам у Ірландыі

    Адна з галоўных тэм — праблемы беларусаў, якія не могуць атрымаць новыя пашпарты праз забарону рэжыму афармляць іх у консульствах.

    Ціханоўская падзякавала Ірландыі за рашэнне прымаць пратэрмінаваныя беларускія пашпарты для падаўжэння дазволаў на пражыванне. Аднак застаецца праблема з праязнымі дакументамі, асабліва для дзяцей, якія ніколі не мелі беларускага пашпарта, і былых палітвязняў, якіх рэжым прымусова вывез з краіны.

    Ціханоўская перадала міністарцы канкрэтныя выпадкі беларусаў, якім патрэбная дапамога, а таксама прапановы па вырашэнні праблемы. Міністарка паабяцала абмеркаваць гэтыя пытанні з міністрам юстыцыі Ірландыі, у тым ліку магчымасць індывідуальных рашэнняў і дапамогу ва ўз’яднанні сем’яў.

    Палітвязні, санкцыі і дапамога рэпрэсаваным

    Абмеркавалі перамовы ЗША з рэжымам аб вызваленні палітвязняў. Ціханоўская падкрэсліла, што кожнае вызваленне важнае, але рэпрэсіі працягваюцца, а многіх вызваленых прымусова вывозяць з Беларусі без дакументаў.

    Гуманітарныя намаганні павінны працягвацца, але не за кошт аслаблення еўрапейскіх санкцый. Ціханоўская заклікала захаваць і ўзмацніць ціск на рэжым, у тым ліку падчас чарговага перагляду санкцый у лютым.

    Яна таксама падзякавала Ірландыі за ўнёсак у Міжнародны гуманітарны фонд дапамогі рэпрэсаваным беларусам і папрасіла разгледзець магчымасць новага ўнёску. Сродкі асабліва патрэбныя на лячэнне, рэабілітацыю і падтрымку былых палітвязняў, якія выходзяць на волю пасля гадоў зняволення.

    Адказнасць рэжыму і правы чалавека

    Ціханоўская павіншавала Ірландыю з абраннем у Раду ААН па правах чалавека на 2027–2029 гады і папрасіла зрабіць Беларусь адным з прыярытэтаў яе працы.

    Абмеркавалі расследаванне злачынстваў рэжыму Лукашэнкі ў Міжнародным крымінальным судзе, распачатае пасля звароту Літвы. Ціханоўская прапанавала Ірландыі падтрымаць гэтае расследаванне.

    Асобная тэма — транснацыянальныя рэпрэсіі, калі рэжым пераследуе беларусаў нават за мяжой: пагражае іх сем’ям, выкарыстоўвае міжнародныя механізмы вышуку і спрабуе запалохваць актывістаў. Ціханоўская прапанавала правесці сумеснае мерапрыемства па гэтай тэме ў Жэневе.

    Таксама гаварылі пра пагрозы бяспецы з боку рэжыму, залежнасць беларускай эканомікі ад расійскіх ваенных заказаў і важнасць захавання адзінай еўрапейскай пазіцыі.

    Падтрымка незалежных медыя, культуры і грамадзянскай супольнасці

    Ціханоўская падзякавала Ірландыі за падтрымку беларускіх незалежных медыя, праваабаронцаў і культурных праектаў.

    Асобна абмеркавалі беларуска-ірландскую канферэнцыю па нацыянальнай і культурнай ідэнтычнасці, якая прайшла ў Дубліне. Ціханоўская прапанавала зрабіць такія сустрэчы штогадовымі, кожны раз прысвячаючы іх новай тэме.

    Яна таксама падзякавала пасольству Ірландыі ў Вільні і амбасадарцы Шэйне Мак’ю за дапамогу беларускім ініцыятывам, арганізацыю мерапрыемстваў і падтрымку перакладаў ірландскіх дзіцячых кніг на беларускую мову.

    Бакі абмеркавалі новыя сумесныя праекты, у тым ліку ў сферы тэхналогій, дэмакратыі і падтрымкі грамадзянскай супольнасці.

    Святлана Ціханоўская:

    «Для мяне Ірландыя — асаблівая краіна. Я праводзіла тут лета ў дзяцінстве і добра ведаю, наколькі моцнай можа быць падтрымка ірландцаў.

    Сёння гэтая падтрымка патрэбная тысячам беларусаў. Камусьці — каб атрымаць дакументы і ўз’яднацца з сям’ёй. Камусьці — каб аднавіць здароўе пасля турмы. А тым, хто застаецца ў Беларусі, — каб ведаць, што свет пра іх не забыўся.

    Я вельмі ўдзячная Ірландыі за дапамогу ў вырашэнні канкрэтных праблем людзей. Мы хочам, каб Беларусь стала свабоднай еўрапейскай краінай. І вельмі важна, што на гэтым шляху ў нас ёсць такія сябры».

    Ірландскі бок пацвердзіў гатоўнасць працягваць падтрымку беларускіх дэмакратычных сіл, праваабарончых і гуманітарных ініцыятыў, а таксама шукаць рашэнні праблем беларусаў з дакументамі.

    Апошнія навіны