У межах сустрэчы, прысвечанай Ночы расстраляных паэтаў, беларусы чыталі вершы і згадвалі дзеячаў беларускай культуры, забітых сталінскім рэжымам.
У сваім выступе Святлана Ціханоўская нагадала, што 89 гадоў таму за адну ноч было амаль знішчана цэлае пакаленне беларускай культуры. Сёння рэжым зноў пераследуе беларускіх пісьменнікаў і выдаўцоў, забараняе кнігі і выцясняе беларускую мову з грамадскага жыцця.
«У Беларусі ёсць свая гісторыя, свая мова, свая культура і свае героі. І ніводзін дыктатар не зможа адабраць гэта ў нас. Мы не проста ўспамінаем тых, каго забілі. Мы вяртаем іх галасы».
Святлана падзякавала беларускай супольнасці Эстоніі за тое, што яна захоўвае мову і традыцыі, падтрымлівае творцаў і аб’ядноўвае беларусаў, а эстонскім сябрам — за падтрымку беларускай культуры.
Пасля памятнай часткі Святлана Ціханоўская паразмаўляла з беларускай дыяспарай у цёплай, нефармальнай атмасферы.
Напрыканцы свайго выступу Святлана прачытала верш Міхася Чарота «Я не чакаў», які паэт выдрапаў на сцяне турэмнай камеры ў Мінску перад тым, як быў расстраляны ў 1937 годзе.
