27 кастрычніка ў Бруселі адбылася сесія Мінскага форуму, прысвечаная пытанням легалізацыі беларусаў і атрымання дакументаў у еўрапейскіх краінах.
У дыскусіі ўзялі ўдзел прадстаўнікі Офіса Святланы Ціханоўскай:
– Леанід Марозаў — дарадца Святланы Ціханоўскай па прававых пытаннях;
– Віталь Малчанаў — прадстаўнік Офіса Святланы Ціханоўскай у Эстоніі;
– Крысціна Шыянок — дырэктарка Офіса дэмакратычных сіл Беларусі ў Чэшскай Рэспубліцы.
Да сустрэчы таксама далучыліся прадстаўнікі Еўрапейскай службы знешніх дзеянняў, Еўрапейскай камісіі, Рады Еўропы, дыпламаты краін ЕС, эксперты Аб’яднанага Пераходнага Кабінета, Каардынацыйнай Рады, Народных амбасадаў і беларускіх грамадскіх арганізацыяў.
Галоўная тэма абмеркаванняў — праблемы, з якімі сутыкаюцца беларусы і беларускі, вымушаныя жыць за межамі краіны. Сярод ключавых пытанняў — выкананне Люксембургскіх рашэнняў, асаблівасці легалізацыі ў розных краінах Еўропы, атрыманне і падаўжэнне дакументаў, а таксама пошук рашэнняў, якія ўлічваюць становішча беларусаў, што не могуць бяспечна вярнуцца на радзіму.
Падчас сустрэчы прадстаўнікі беларускага боку прадставілі свае прапановы экспертам Генеральнага дырэктарата Еўрапейскай камісіі па міграцыі і ўнутраных справах.
Для Офіса Святланы Ціханоўскай адным з прыярытэтаў застаецца абарона правоў і інтарэсаў беларусаў за мяжой. Важна, каб еўрапейскія краіны ўлічвалі асаблівае становішча грамадзян Беларусі, якія сутыкаюцца з наступствамі палітычных рэпрэсій і трансгранічнага пераследу з боку рэжыму.
Офіс працягвае працу з еўрапейскімі партнёрамі і беларускімі дэмакратычнымі сіламі, каб знаходзіць практычныя рашэнні праблем легалізацыі і дакументавання беларусаў.
Сесія прайшла ў памяшканні Місіі дэмакратычнай Беларусі ў Бруселі. Мінскі форум арганізаваны Германска-беларускім таварыствам пры падтрымцы Міністэрства замежных справаў Германіі.
