Святлана Ціханоўская правяла сустрэчу са старшынёй Камітэта па замежных справах парламента Эстоніі Марка Міхкельсанам. У сустрэчы таксама ўзяў удзел кіраўнік Місіі дэмакратычных сілаў Беларусі ў Таліне Віталь Малчанаў.
Святлана Ціханоўская падзякавала Марка Міхкельсану за шматгадовую падтрымку беларускіх дэмакратычных сілаў, паслядоўную пазіцыю ў абарону незалежнасці Беларусі, салідарнасць з палітвязнямі і падтрымку Украіны.
Падчас сустрэчы абмеркавалі пяць асноўных тэмаў:
- Бяспека рэгіёна і суверэнітэт Беларусі. Бакі абмеркавалі ўзмацненне расійскай вайсковай прысутнасці ў Беларусі, мілітарызацыю краіны і пагрозы для суседніх дзяржаў. Ціханоўская падкрэсліла, што Беларусь не павінна стаць разменнай манетай у магчымых перамовах аб завяршэнні вайны ва Украіне. Любыя дамоўленасці з Расіяй павінны ўлічваць суверэнітэт і незалежнасць Беларусі.
- Падтрымка Украіны. Абмеркавалі неабходнасць далейшай вайсковай, палітычнай і гуманітарнай дапамогі Украіне, а таксама паглыбленне супрацоўніцтва беларускіх дэмакратычных сілаў з украінскімі партнёрамі. Святлана Ціханоўская распавяла пра працу беларускай Місіі ў Кіеве, дзейнасць беларускіх добраахвотнікаў і ініцыятывы дапамогі Украіне, у тым ліку праект «Цяпло для Украіны».
- Вызваленне палітвязняў. Асобную ўвагу надалі неабходнасці вызвалення ўсіх палітычных зняволеных, спынення новых арыштаў і палітычнага пераследу ў Беларусі. Абмеркавалі, як еўрапейскія парламентарыі могуць узмацніць міжнародныя намаганні праз шэфства над палітвязнямі і парламенцкую дыпламатыю. Ціханоўская таксама падкрэсліла важнасць захавання міжнароднага ціску на рэжым, пакуль у Беларусі працягваюцца рэпрэсіі.
- Падтрымка беларусаў у Эстоніі. Бакі абмеркавалі становішча беларускай супольнасці, пытанні легалізацыі і абароны правоў людзей, якія былі вымушаныя пакінуць Беларусь праз рэпрэсіі. Ціханоўская заклікала не атаясамліваць беларусаў з рэжымам Лукашэнкі і ўлічваць становішча беларускіх уцекачоў пры прыняцці абмежавальных мераў.
- Парламенцкае супрацоўніцтва. Абмеркавалі далейшую дзейнасць групы «За дэмакратычную Беларусь» у Рыйгікогу і ўдзел эстонскіх дэпутатаў у міжнародных парламенцкіх ініцыятывах у падтрымку Беларусі.
Асобнай тэмай стала магчымасць выступлення лаўрэата Нобелеўскай прэміі міру Алеся Бяляцкага ў парламенце Эстоніі.
Напрыканцы сустрэчы Святлана Ціханоўская падкрэсліла, што бяспека Беларусі, Украіны і краін Балтыі непасрэдна звязаная паміж сабой. Паводле яе, для ўстойлівага міру ў рэгіёне неабходна не дапусціць канчатковай страты Беларуссю суверэнітэту і яе далейшага выкарыстання Расіяй у ваенных мэтах.
Святлана Ціханоўская:
«Без свабоднай і незалежнай Беларусі не будзе ўстойлівай бяспекі ў нашым рэгіёне. Мы павінны зрабіць усё, каб Беларусь не стала разменнай манетай у перамовах аб завяршэнні вайны. Любыя мірныя дамоўленасці павінны ўлічваць суверэнітэт нашай краіны. Беларусь павінна быць часткай рашэння, а не часткай расійскай ваеннай машыны».
