• Навіны
  • Офіс
  • Новая Беларусь
  • Партнёры
  • Дапамога
  • Кантакты
  • Беларуская
  • Навіны
  • Офіс
  • Новая Беларусь
  • Партнёры
  • Дапамога
  • Кантакты
  • Поўная прамова Святланы Ціханоўскай пра чорную ноч беларускай гісторыі

    29 кастрычніка, 2026

    «Чорная ноч у беларускай гісторыі. Мы называем яе «Ноччу расстраляных паэтаў». Пра яе не расказвалі ў школе, і праўду пра гэты дзень старанна хавалі ўлады. Штогод 29 кастрычніка беларусы ўшаноўваюць памяць забітых і чытаюць іх вершы. Сёння я хачу расказаць пра гэтых людзей і пра падзеі той ночы.

    У ноч з 29 на 30 кастрычніка 1937 года ў Мінску супрацоўнікі НКВД расстралялі 132 чалавекі. Сярод іх былі паэты, пісьменнікі, навукоўцы, выкладчыкі, прадстаўнікі інтэлігенцыі.

    Паэту Юлію ТаўбІну было ўсяго 26 гадоў. Валерыю МаракОву — 28. Яны ўжо выдавалі кнігі, перакладалі замежных аўтараў. Яны кахалі, будавалі планы. Наперадзе маглі быць яшчэ дзясяткі гадоў жыцця і працы.

    Гэта быў час татальных рэпрэсій. Сталінская ўлада імкнулася абезгаловіць Беларусь. Яна знішчала нашых таленавітых і адукаваных людзей. Па ўсёй краіне людзей арыштоўвалі, адпраўлялі ў лагеры, забівалі. Астатніх прывучалі да страху і маўчання. Кнігі расстраляных паэтаў вымалі з бібліятэк, рукапісы палілі. Нават імёны выкрэслівалі з падручнікаў.

    І калі глядзіш на гэтыя падзеі мінулага, складана не заўважыць, як гісторыя паўтараецца. Я думаю пра трыццаць сёмы год і не магу не думаць пра сённяшнюю Беларусь.

    Чаму цяперашні рэжым так баіцца гэтай даты? Навошта было зносіць крыжы ў Курапатах — на месцы масавых расстрэлаў і пахаванняў ахвяр сталінскіх рэпрэсій пад Мінскам? Навошта зноў забараняць кнігі?

    На мой погляд, у гэтай гісторыі яны пазнаюць сябе. Сёння ў Беларусі зноў пераследуюць за словы і погляды. Дзеячы культуры застаюцца ў няволі. Ад людзей зноў патрабуюць маўчаць.

    Але і тады, і цяпер тыя, хто забівае і знішчае, памыляюцца ў галоўным. Яны разлічвалі сцерці і саміх людзей, і памяць пра іх. Так, прайшлі дзесяцігоддзі. Савецкага Саюза больш няма. Частку твораў мы ўжо ніколі не прачытаем. Пра многія задумы так і не даведаемся.

    Але захаваныя вершы можна адкрыць і сёння. Яны працягваюць гучаць. Іх чытаюць, перакладаюць, кладуць на музыку. Мы перадаём гэтыя кнігі сваім дзецям.

    У творах ёсць каханне, сяброўства, радасць, трывога. Ёсць знаёмыя нам пачуцці. За кожным імем у спісе расстраляных — жывы чалавек. Са сваім характарам, любімымі людзьмі, планамі на заўтра.

    Паспрабуйце сёння знайсці адзін верш расстралянага паэта. Прачытайце яго для сябе ці сваім блізкім. Зазірніце ў біяграфію аўтара. Магчыма, гэта будзе ваша першае знаёмства з ім, і вам захочацца прачытаць яшчэ.

    Вядома, гэта не верне забітым жыццё. Але сёння мы можам пачуць іх словы, даведацца пра іх мары і разам адчуць іх радасць і боль».

    Апошнія навіны