27 кастрычніка ў Дубліне прайшла канферэнцыя «Ірландыя і Беларусь: нацыянальная і культурная ідэнтычнасць», арганізаваная МЗС Ірландыі, Аб’яднаным Пераходным Кабінетам і Офісам Святланы Ціханоўскай.
Галоўны дарадца Святланы Ціханоўскай Франак Вячорка расказаў пра падрыхтоўку сустрэчы, яе ўдзельнікаў і магчымасці падтрымкі беларускай культуры:
«Канферэнцыю рыхтавалі больш за два гады. Яна прайшла ў межах старшынства Ірландыі ў Радзе Еўрапейскага саюза як афіцыйная частка яго праграмы. Для нас гэта магчымасць прадставіць беларускую культуру.
Больш за 90 працэнтаў аўдыторыі — ірландцы: інтэлігенцыя, людзі культуры і прадстаўнікі ўраду. Шмат дыскусій было пра паралелі ў ірландскай і беларускай гісторыі, змаганне за сваю мову, культуру, ідэнтычнасць і нацыянальную гістарычную памяць. Гэтую тэму выбралі невыпадкова.
Ірландцы падзяліліся сваім досведам захавання ірландскай мовы, аднаўлення гісторыі, ідэнтычнасці і традыцый. Беларускія ўдзельнікі прадстаўлялі свае праекты, а таксама дзяліліся праблемамі, з якімі сутыкаюцца. Разам шукалі паралелі і магчымасці ўзаемадапамогі».
На канферэнцыі Купалаўцы паказалі ўрыўкі са спектакля «Translations», выступілі Андрэй Хадановіч, прадстаўнікі Інстытута беларускай мовы, журналісты і кінакрытыкі. Святлана Ціханоўская выступіла на адкрыцці і ўзяла ўдзел у дыскусіі з дзяржаўным міністрам Ірландыі па еўрапейскіх справах і абароне Томасам Бірнам.
