• Навіны
  • Офіс
  • Новая Беларусь
  • Партнёры
  • Дапамога
  • Кантакты
  • Беларуская
  • Навіны
  • Офіс
  • Новая Беларусь
  • Партнёры
  • Дапамога
  • Кантакты
  • Поўная прамова Святланы Ціханоўскай на канферэнцыі, прысвечанай нацыянальна-культурнай ідэнтычнасці Ірландыі і Беларусі

    27 кастрычніка, 2026

    Паважаны міністр Бёрн,

    Паважаныя ірландскія сябры,

    Дарагія мае беларусы,

    Перш за ўсё я хачу сказаць: Go raibh maith agaibh, a Éire!

    Дзякуй Міністэрству замежных спраў, усяму яго калектыву і асабіста міністру Томасу Бёрну. І, вядома ж, дзякуй цудоўнаму Тэатру Эбі за тое, што сабраў нас разам.

    Калі я прыляцела ў Ірландыю ўчора ўвечары, акурат перад паўноччу, ішоў дождж і быў моцны вецер.

    І я падумала: нешта ў гэтым свеце ніколі не змяняецца!

    Менавіта так жа было і больш за трыццаць гадоў таму, калі я ўпершыню прыехала сюды па праграме «Дзеці Чарнобыля».

    І сёння я адчуваю сябе так, нібыта вярнулася дадому.

    Тады я была проста дзяўчынкай з малога гарадка на поўдні Беларусі. Я ніколі раней не выязджала так далёка ад дому.

    Усё для мяне было новым. Цудоўная прырода. Дамы. Людзі.

    Я была здзіўленая тым, як часта людзі ўсміхаюцца адзін аднаму. Пасля постсавецкай краіны я да такога проста не звыкла!

    Я спынілася ў Генры і Мэрыян Дын у Роскраі, графства Тыперэры.

    Я памятаю, як падымалася на пагорак Knockshegowna каля Роскрая. Памятаю фургончык з марожаным, сямейныя вячэры, смех і бясконцы чай.

    І памятаю Мэрыян, якая заўсёды клапацілася пра тое, каб усе былі сытыя.

    Калі я вярнулася ў іх дом у 2021 годзе праз столькі гадоў, амаль нічога не змянілася.

    Мэрыян усё так жа казала мне, што рабіць. А я ўсё так жа памятала, у якой шуфлядзе на кухні ляжыць соль.

    Я адчула сябе дачкой, якая вярнулася дадому…

    Тыя леты змянілі маё жыццё.

    Я вывучыла тут англійскую мову, і нават трохі ірландскую. Я адкрыла для сябе іншую культуру. Але самае галоўнае — я адкрыла для сябе іншы спосаб жыцця.

    Я ўбачыла, што людзі могуць свабодна гаварыць. Што яны могуць не пагаджацца з урадам і пры гэтым не баяцца.

    У той час я была занадта маладой, каб зразумець, што такое дэмакратыя насамрэч.

    Але я магла адчуць, што такое свабода.

    І я думаю, гэта тое, што ніколі не забываецца.

    Ірландыя дапамагла сфарміраваць мяне як асобу. Яна сфарміравала мае каштоўнасці і маю еўрапейскую ідэнтычнасць.

    Задоўга да таго, як я даведалася пра Еўрапейскі Саюз, я адчула еўрапейскія каштоўнасці праз звычайных ірландцаў.

    Праз сям’ю, якая адчыніла дзверы свайго дома для беларускай дзяўчынкі. Праз суседзяў, якія ставіліся да мяне як да сваёй.

    Для мяне Еўропа пачалася ў Ірландыі.

    І Ірландыя дала мне яшчэ адзін важны ўрок.

    Можна любіць сваю краіну, сваю мову і свае традыцыі — і пры гэтым заставацца адкрытым свету.

    Можна з гонарам быць ірландцам і з гонарам быць еўрапейцам.

    Так сама, як я з гонарам звяртаюся да вас як беларуска і еўрапейка.

    Гэтыя ідэнтычнасці не канкуруюць між сабой. Яны робяць нас моцнымі.

    І гэта менавіта тая Еўропа, часткай якой я хачу бачыць Беларусь.

    Магчыма, менавіта таму я адчуваю такую моцную сувязь паміж нашымі народамі.

    Мы — адносна невялікія нацыі з вялікімі суседзямі. І давайце прызнаем: мець вялікіх суседзяў — гэта не заўсёды проста!

    Мы ведаем, што значыць змагацца за незалежнасць. Абараняць сваю мову, культуру і традыцыі.

    А часам — проста нагадваць свету пра тое, што мы існуем.

    І мы ведаем, што культура можа быць магутнай формай супраціву.

    Ірландыя — цудоўны прыклад.

    На працягу пакаленняў ваша мова і культура сутыкаліся з велізарным ціскам. Але яны выжылі. Дзякуючы звычайным ірландцам. Сем’ям, настаўнікам, пісьменнікам і музыкам, якія адмовіліся даць ім знікнуць.

    Часам не дзякуючы тым, хто пры ўладзе, а насуперак ім.

    І сёння ў вас ёсць свая дзяржава, яка абараняе і развівае вашу мову. Ірландскую мову выкладаюць у школах, яна гучыць па радыё і тэлебачанні. Яна з’яўляецца афіцыйнай мовай Еўрапейскага Саюза.

    І, мушу прызнацца, я трохі зайздрошчу!

    Ваш прыклад дае нам надзею. Вы дасягнулі таго, што калісьці здавалася немагчымым.

    Беларусь мае падобную гісторыю.

    Стагоддзямі беларуская мова і культура сутыкаліся з русіфікацыяй, абмежаваннямі і спробамі асіміляцыі. Спачатку ў Расійскай імперыі, потым у Савецкім Саюзе.

    А апошнія 32 гады — пры Лукашэнку, прарасійскім чалавеку, які спрабуе сцерці беларускую ідэнтычнасць і ўсё, што злучае нас з Еўропай.

    Але калі ў Ірландыі ўрад дапамагае нацыянальнай мове і культуры развівацца, то ў Беларусі рэжым спрабуе выцесніць іх на перыферыю.

    У Беларусі нават кажуць: наша мова стала першым палітычным зняволеным.

    Беларускія кнігі забараняюць. У незалежных выдавецтвах праходзяць ператрусы. Пісьменнікаў, музыкаў і мастакоў кідаюць у турмы або вымушаюць да эміграцыі.

    Тым не менш, нягледзячы на ўсё гэта, беларусы працягваюць захоўваць сваю ідэнтычнасць. Часта не дзякуючы ўладзе, а насуперак ёй.

    Вялікую ролю ў гэтым адыграў інтэрнэт. Многія маладыя людзі па-новаму адкрываюць свае карані. Вучаць беларускую мову, чытаюць нашу літаратуру і даследуюць гісторыю праз YouTube.

    І ў 2020 годзе, калі пачалося наша паўстанне, гэта быў момант нацыянальнага абуджэння.

    Гэта было прыгожа. Людзі пачалі спяваць беларускія песні. Наш бел-чырвона-белы сцяг з’явіўся паўсюль.

    Так, паўстанне было задушанае, але не імкненне да свабоды.

    Сёння, калі людзі больш не могуць пратэставаць адкрыта, яны знаходзяць іншыя шляхі для самавыражэння. Праз музыку, літаратуру, тэатр і нават дзіцячыя кнігі.

    Мастакі працягваюць ствараць выдатныя творы. Хтосьці ў эміграцыі. Хтосьці — нават у турме. Іншыя — ціха ўнутры Беларусі, нягледзячы на рэпрэсіі.

    А поўнамаштабнае ўварванне Расіі ва Украіну прымусіла нас зразумець вельмі важную рэч.

    Наша нацыянальная ідэнтычнасць — гэта не толькі захаванне мінулага. Гэта яшчэ і абарона нашай будучыні.

    Таму што так званы «русский мир» пабудаваны на ідэі, нібыта Беларусь і Украіна — гэта проста працяг Расіі.

    Але Беларусь — гэта не Расія. Беларусь — гэта Еўропа. І наша культура — найлепшы таму доказ.

    Расія не бачыць у Беларусі ці Украіне незалежных нацый.

    Сёння рэжым у Беларусі праводзіць палітыку русіфікацыі — так сама, як гэта робіць Расія на акупаваных тэрыторыях Украіны, намагаючыся ператварыць нас у рускіх.

    Асабліва нашых дзяцей. Праз школы, падручнікі і перапісванне гісторыі.

    Логіка за гэтым вельмі простая:

    Спачатку табе кажуць, што твая мова не мае значэння. Потым — што твая гісторыя не мае значэння. І нарэшце — што твая краіна не мае значэння.

    Вось чаму падтрымка культуры, абарона нашых моў і ўмацаванне нацыянальнай ідэнтычнасці так важныя сёння — як для ўкраінцаў, так і для беларусаў.

    Гэта адзін са спосабаў супрацьстаяць прасоўванню так званага «русского мира» далей у Еўропу.

    Так мы абараняем нашу незалежнасць, нашу ідэнтычнасць і нашу еўрапейскасць.

    Дарагія сябры!

    Сёння вы пачуеце тых, хто знаходзіцца на перадавой гэтага культурнага супраціву.

    Пісьменнікаў, перакладчыкаў, мастакоў і акцёраў, якія працягваюць сваю працу, нягледзячы на рэпрэсіі, цэнзуру і эміграцыю.

    Я шчаслівая, што мы сустракаемся менавіта тут, у Тэатры Эбі.

    Таму што ёсць цудоўная гісторыя, якая злучае ірландскі і беларускі тэатр.

    У 2009 годзе славутая п’еса Браена Фрыла «Пераклады» была пастаўлена ў Нацыянальным акадэмічным тэатры імя Янкі Купалы ў Мінску.

    П’еса распавядае гісторыю Ірландыі, дзе англійскія ўлады замянялі традыцыйныя ірландскія тапонімы на англійскія.

    Але ў беларускага рэжысёра Мікалая Пінігіна ўзнікла геніяльная ідэя.

    У яго пастаноўцы ірландскія персанажы размаўлялі па-беларуску. А англійскія — па-руску.

    Раптоўна п’еса пра Ірландыю стала п’есай пра Беларусь.

    Сёння з намі акцёры таго самога тэатра — «Купалаўцы».

    У 2020 годзе яны ўсталі разам з беларускім народам супраць гвалту і рэпрэсій.

    Яны страцілі працу. Страцілі сваю сцэну. Многім прыйшлося пакінуць краіну.

    Але яны не перасталі выступаць.

    Цяпер яны працуюць у эміграцыі, даносячы беларускія гісторыі да глядачоў па ўсёй Еўропе.

    Вы таксама пачуеце Андрэя Хадановіча — аднаго з нашых найбольш вядомых паэтаў і перакладчыкаў.

    Праз яго пераклады беларускія чытачы адкрылі для сябе выдатныя творы сусветнай літаратуры, у тым ліку ірландскую паэзію.

    Дзіўна, як верш, напісаны ў Ірландыі, можа здабыць новае жыццё па-беларуску. А п’еса пра Ірландыю можа дапамагчы беларусам зразумець сваю ўласную гісторыю.

    Вы таксама пачуеце беларускіх лінгвістаў, культурных менеджараў і журналістаў — людзей, якія штодня працуюць над адраджэннем нашай мовы і культуры.

    І я спадзяюся, што сённяшні абмен дапаможа ўмацаваць і ўзбагаціць абедзве нашы нацыі.

    Дарагія сябры!

    Я так рада, што гэта канферэнцыя праходзіць падчас старшынства Ірландыі ў Еўрапейскім Саюзе.

    Гэта пасылае нам выразны сігнал: Беларусь — частка Еўропы.

    І тэма, якую мы абралі, можа здавацца не найважнейшай падчас вайны. Але яна мае велізарнае значэнне.

    Таму што абараняць нашу культуру і ідэнтычнасць — азначае абараняць нашу свабоду.

    На працягу многіх гадоў Ірландыя была моцным голасам Беларусі.

    Вы выступалі ў нашу падтрымку ў Радзе Бяспекі ААН, Радзе Еўропы і Еўрапейскай палітычнай супольнасці. Вы дапамагалі нашым медыя і палітычным зняволеным.

    Я асабліва хачу падзякаваць вашаму пасольству ў Вільнюсе. Дзякуй, дарагая Шэйна, і вашай камандзе.

    Мы, беларусы, ніколі не забудзем ірландскую салідарнасць і падтрымку.

    Ірландыя разумее наш боль, нашу гісторыю і нашае змаганне лепш за многія іншыя нацыі.

    І калі сёння мы святкуем нашы культуры і ідэнтычнасці, я спадзяюся, што гэта канферэнцыя яшчэ больш зблізіць ірландскі і беларускі народы.

    І што дружба, якую мы будуем тут, захаваецца на пакаленні.

    Я спадзяюся, што аднойчы я змагу запрасіць усіх вас у маю любімую Беларусь.

    Сёння гэта можа здавацца немагчымым. Але, як вы ведаеце з уласнай гісторыі, ніводная імперыя не існуе вечна. І ніводная дыктатура не існуе вечна.

    І я абяцаю: мы сустрэнем вас з такой жа цеплынёй, якую Ірландыя паказала мне больш за трыццаць гадоў таму.

    Хоць я і не магу паабяцаць лепшага надвор’я!

    Дзякуй, Ірландыя, за тое, што адчынілі свае сэрцы беларусам.

    Éire go Brách!

    Хай Жыве Ірландыя!

    І Жыве Беларусь!

    Апошнія навіны