• Навіны
  • Офіс
  • Новая Беларусь
  • Партнёры
  • Дапамога
  • Кантакты
  • Беларуская
  • Навіны
  • Офіс
  • Новая Беларусь
  • Партнёры
  • Дапамога
  • Кантакты
  • Святлана Ціханоўская правяла перамовы з міністрам замежных спраў Румыніі Данам Някулэеску

    04 лістапада, 2026

    4 лістапада ў Бухарэсце Святлана Ціханоўская сустрэлася з міністрам замежных спраў Румыніі. Сустрэча адбылася ў межах візіту беларускай дэмакратычнай лідаркі ў Бухарэст.

    У сустрэчы таксама ўзяў удзел былы амбасадар Румыніі ў Беларусі Віарэл Машану, які працаваў у Мінску ў 2020 годзе і разам з іншымі еўрапейскімі дыпламатамі наведваў нобелеўскую лаўрэатку Святлану Алексіевіч, каб выказаць ёй падтрымку і салідарнасць.

    Ціханоўская павіншавала міністра з прызначэннем (на мінулым тыдні ён пачаў працу) і падзякавала Румыніі ў яго асобе за паслядоўную падтрымку беларускага народа, салідарнасць з палітвязнямі, падтрымку палітыкі Еўрасаюза, адукацыйных і гуманітарных праграм. Асобна яна адзначыла падтрымку румынскіх дыпламатаў і румынскай амбасады ў Вільні.


    Падчас сустрэчы абмеркавалі наступныя пытанні:

    • Візы для беларусаў. Ціханоўская папрасіла пашырыць выдачу шэнгенскіх візаў грамадзянам Беларусі.
    • Рэабілітацыя палітвязняў і іх сем’яў. Ціханоўская прапанавала Румыніі далучыцца да Міжнароднага гуманітарнага фонду падтрымкі рэпрэсаваных у Беларусі, падтрымаць праграмы медыцынскай і псіхалагічнай рэабілітацыі для былых палітвязняў, а таксама праграмы аздараўлення і адпачынку для дзяцей палітвязняў і рэпрэсаваных беларусаў.
    • Удзел Беларусі ў Цэнтральнаеўрапейскай ініцыятыве (Central European Initiative). У сувязі са старшынствам Румыніі ў арганізацыі Ціханоўская прапанавала запрашаць прадстаўнікоў беларускіх дэмакратычных сіл на мерапрыемствы ініцыятывы. Удзел афіцыйнага Мінска ў арганізацыі прыпынены з 2022 года.

    • Прызначэнне спецыяльнага прадстаўніка па Беларусі. Ціханоўская прапанавала Румыніі прызначыць спецыяльнага прадстаўніка па сувязях з беларускімі дэмакратычнымі сіламі для сістэмнай каардынацыі супрацоўніцтва.

    • Стратэгія ЕС па Беларусі і санкцыйная палітыка. Абмеркавалі неабходнасць доўгатэрміновай еўрапейскай стратэгіі, накіраванай не толькі на вызваленне палітвязняў, але і на дасягненне сістэмных дэмакратычных змен у Беларусі, а таксама захаванне санкцыйнага ціску на рэжым Лукашэнкі і прыцягненне яго да адказнасці праз міжнародныя механізмы.

    • Супрацоўніцтва з Украінай і мірныя перамовы. Абмеркавалі падтрымку Украіны, каардынацыю з украінскімі партнёрамі і неабходнасць уліку беларускага пытання ў магчымых перамовах дзеля забеспячэння ўстойлівага міру.

    • Падтрымка беларускай культуры і перакладчыкаў румынскай літаратуры. Асобна абмеркавалі магчымасці падтрымкі перакладчыкаў, якія знаёмяць беларусаў з румынскай літаратурай. Ціханоўская згадала перакладчыка Змітра Коласа, які перакладаў на беларускую мову творы Эжэна Іанеска і быў вызвалены з палітычнага зняволення дзякуючы намаганням амерыканскай адміністрацыі пры падтрымцы Румыніі.

    Ціханоўская таксама падкрэсліла важнасць супрацоўніцтва ў сферы рэгіянальнай бяспекі, супрацьдзеяння расійскім гібрыдным пагрозам і падтрымкі незалежных беларускіх СМІ і грамадзянскай супольнасці.

    Святлана Ціханоўская адзначыла, што досвед Румыніі, якая прайшла шлях ад дыктатуры да сяброўства ў ЕС, асабліва важны для падрыхтоўкі дэмакратычных пераўтварэнняў у Беларусі.


    Святлана Ціханоўская:

    «Румынія добра ведае, што такое дыктатура і якой цаной здабываецца свабода. Вашая краіна прайшла праз складаныя перамены і стала часткай аб’яднанай Еўропы. Я веру, што Беларусь таксама пройдзе гэты шлях.

    Але нам важна не толькі вызваліць людзей з турмаў. Нам трэба вызваліць краіну ад дыктатуры і расійскай залежнасці, вярнуць беларусам права самім вырашаць сваю будучыню.

    І я вельмі разлічваю на Румынію як на нашага партнёра — і сёння, калі мы змагаемся за свабоду, і заўтра, калі будзем будаваць новую дэмакратычную Беларусь».

    Апошнія навіны