Сёння ў офісе ў Варшаве Святлана Ціханоўская сустрэлася са Спецыяльным дакладчыкам ААН па правах чалавека ў Беларусі Нілсам Муйжніексам. У сустрэчы таксама прыняла ўдзел юрыдычная каманда Офіса на чале з дарадцам па прававых пытаннях Леанідам Марозавым.
Асноўныя тэмы сустрэчы:
– Прымусовая высылка былых палітвязняў з Беларусі і лёс іх дзяцей, якія засталіся ў краіне без бацькоў.
– Транснацыянальныя рэпрэсіі: пераслед беларусаў за мяжой, злоўжыванне механізмамі Інтэрпола, рызыкі затрыманняў і экстрадыцыі.
– Дакументаванне злачынстваў беларускага рэжыму і перспектывы стварэння гібрыднага трыбунала.
– Супрацоўніцтва ў межах Генеральнай Асамблеі ААН, у Жэневе і з Групай незалежных экспертаў ААН па Беларусі.
Юрыдычная каманда перадала Спецыяльнаму дакладчыку задакументаваныя выпадкі разлучэння дзяцей з бацькамі — былымі палітвязнямі. Таксама каманда прадставіла вынікі працы па супрацьдзеянні злоўжыванням механізмамі Інтэрпола: у 17 выпадках удалося дапамагчы прадухіліць дэпартацыю ці экстрадыцыю.
Святлана Ціханоўская: «Рэпрэсіі не заканчваюцца вызваленнем з турмы ці выездам з Беларусі. Бацькоў разлучаюць з дзецьмі, а беларусаў працягваюць пераследаваць нават за мяжой. Ніводная краіна не павінна станавіцца інструментам палітычнага пераследу, а дзеці — расплачвацца за рэпрэсіі супраць сваіх бацькоў».
Бакі дамовіліся працягваць супрацоўніцтва і абмен інфармацыяй, каб бараніць правы беларусаў.
