6 лістапада ў румынскай Тымішаары Святлане Ціханоўскай уручылі прэмію Timișoara Award for European Values — за мірную барацьбу супраць дыктатуры, абарону свабоды і чалавечай годнасці. Ціханоўская прысвяціла яе беларусам, якія працягваюць змагацца за свабоду.
Прэмію заснавалі ў 2024 годзе па ініцыятыве ўладаў Тымішаары. Яе прысуджаюць міжнародным дзеячам, якія абараняюць еўрапейскія каштоўнасці. Першымі лаўрэаткамі сталі прэзідэнтка Малдовы Мая Санду і старшыня Еўрапейскага парламента Раберта Метсола.
Сёлета незалежнае журы аднагалосна абрала Святлану Ціханоўскую, адзначыўшы яе мужнасць і паслядоўнасць у абароне права беларусаў самастойна вырашаць сваю будучыню.
Месца ўручэння мае асаблівае значэнне: менавіта ў Тымішаары ў снежні 1989 года пачалася рэвалюцыя, якая прывяла да падзення дыктатуры Нікалае Чаўшэску.
Святлана Ціханоўская:
«Салідарнасць — тая еўрапейская каштоўнасць, якой дыктатары баяцца найбольш.
Бо дыктатары могуць арыштоўваць людзей. Яны могуць прымусіць журналістаў замаўчаць. Могуць закрываць арганізацыі. Але яны не могуць перамагчы грамадства, у якім людзі адмаўляюцца пакідаць адно аднаго ў бядзе. Праз шэсць гадоў пасля нашага паўстання менавіта гэтая салідарнасць дапамагае нашаму руху працягваць жыць.
Я прымаю гэтую ўзнагароду не толькі для сябе. Я прымаю яе ад імя мільёнаў беларусаў, якія працягваюць абараняць свабоду. Ад імя жанчын, якія мірна стаялі перад узброенымі сілавікамі. Журналістаў, якія працягваюць казаць праўду, нягледзячы на пераслед. Валанцёраў, якія дапамагаюць палітвязням і іх сем’ям. Мастакоў і настаўнікаў, якія абараняюць нашую мову і культуру. І тых, хто дагэтуль застаецца за кратамі».
