Добры дзень, шаноўнае спадарства,
У першую чаргу, дазвольце падзякаваць вам і краінам у гэтай зале, якія вы прадстаўляеце, за тое, што вы зараз тут і падтрымліваеце беларусаў.
Я хацела б асабіста падзякаваць амбасадару Майклу Карпентару, а таксама дэлегацыям Злучанага Каралеўства, Германіі, Канады, Літвы, Польшчы, Швецыі, Францыі, Даніі і Эстоніі за супольную арганізацыю гэтай дыскусіі.
Я ведаю, што перамены ў Беларусі – задача саміх беларусаў, але з такімі паплечнікамі мы зможам хутчэй прайсці шлях да волі.
Фальсіфікацыя выбараў у Беларусі ў 2020 годзе выйшла з-пад кантролі. Скрадзеныя выбары не былі чымсьці новым, але ў 2020 годзе народ вырашыў, што з яго хопіць. АБСЕ ніколі не прызнавала выбары ў Беларусі дэмакратычнымі і добра дасведчана аб парушэннях правоў чалавека ў краіне.
З 2020 года сітуацыя стала нашмат горшай. Мірныя пратэсты 2020 года былі жорстка задушаны, але людзі па-ранейшаму прагнуць пераменаў. Нашыя грамадзяне жадаюць жыць у дэмакратыі, пабудаванай на міры і бяспецы.
Я хачу падкрэсліць, што правы чалавека і дэмакратыя з’яўляюцца найважнейшымі складальнікамі бяспекі.
Нагода Беларусі – яркі прыклад таго, як парушэнні правоў чалавека падрываюць нашую калектыўную бяспеку. Фальсіфікацыя выбараў у 2020 годзе прывяла да вымушанай пасадкі рэйса RyanAir у траўні 2021 года. Фальсіфікацыя выбараў прывяла да штучна створанага міграцыйнага крызісу на межах Еўрапескага саюза. Рэжым выкарыстоўваў мігрантаў у якасці зброі, прыстасаваў іх да сваіх мэтаў і абыходзіўся з імі бесчалавечна. Фальсіфікацыя выбараў прывяла да таго, што рэжым у Мінску патрапіў у рукі да Расіі. Рэжым стаў саўдзельнікам расійскай агрэсіі супраць Украіны.
Народ Беларусі з усім гэтым не згодны. У Лукашэнкі няма на гэта паўнамоцтваў. Ён не дзейнічае ад імя народу Беларусі. Ён працягвае быць пагрозай еўрапейскай бяспецы.
Менавіта таму АБСЕ павінна прыняць меры ў сувязі з бягучай сітуацыяй у Беларусі. Сёння я хачу расказаць пра тое, што можна зрабіць. Я хачу быць канкрэтнай і прадметнай, прадставіць усе гэтыя тэмы для разгляду групе «Сяброў дэмакратычнай Беларусі».
Па-першае, мы ўдзячныя ўсім краінам-удзельніцам АБСЕ за запуск Венскага і Маскоўскага механізмаў. Справаздачы ў рамках маскоўскіх механізмаў неабходныя для выяўлення праўды аб тым, што адбываецца. Але даклады не павінны быць канчатковай мэтай – яны павінны стаць асновай для дзеянняў.
Я павінна адзначыць, што выканаўчыя структуры АБСЕ мала што зрабілі ў пытанні крызісу ў Беларусі. Я хачу заклікаць БДІПЧ і Сакратарыят да выканання ўжо наяўных у іх мандатаў. Ім не трэба запытваць у краін-удзельніцаў ніякіх дадатковых дазволаў альбо ўзгадненняў. Яны маюць свае мандаты і павінны іх выконваць.
БДІПЧ і Сакратарыят павінны самым рашучым чынам запатрабаваць наведванні палітычных зняволеных у Беларусі. Чаму АБСЕ не звярнулася з публічнай ініцыятывай наведаць у турме лаўрэата Нобелеўскай прэміі 2022 года Алеся Бяляцкага? Ёсць шмат іншых людзей, умовы ўтрымання якіх патрабуюць неадкладнага ўмяшання.
Мы заклікаем БДІПЧ запытаць доступ да судовых працэсаў у Беларусі. БДІПЧ мае істотны досвед маніторынгу судовых працэсаў і добрай методыкай для гэтага.
Важна адзначыць, што гэтыя запыты павінны быць зроблены публічна. Канфідэнцыяльных лістоў недастаткова. Калі вам адмаўляюць у доступе, абвясціце гэтыя адказы. Толькі рэжым у Мінску мусіць быць аганьбаваны з-за адмовы ад супрацоўніцтва.
Па-другое, украінскія дзеці.
Існуе маса сведчанняў аб злачынствах супраць украінскіх дзяцей, учыненых з самага пачатку паўнамаштабнага ўварвання Расіі ва Украіну.
Нацыянальная група Антыкрызіснага Упраўлення сабрала дастаткова сведчанняў, якія даказваюць, што рэжым Лукашэнкі садзейнічаў здзяйсненню гэтых злачынстваў. Перавозкі ажыццяўляе дзяржаўная кампанія «Беларуськалій», а дзеці жывуць у лагеры, які ёй належыць. Перавозкі пачаліся ў 2022 годзе, і да канца траўня 2023 года ў Беларусь было вывезена не менш чым 2150 дзяцей.
Міжнародны крымінальны суд валодае юрысдыкцыяй у адносінах да меркаваных злачынстваў, учыненых ва Украіне Расіяй, хоць ні Украіна, ні Беларусь, ні Расія не з'яўляюцца краінамі-ўдзельніцамі Рымскага статута. Мы звяртаемся да нашых партнёраў з просьбай дапамагчы нам прыцягнуць Лукашэнку да адказнасці за гэтыя ваенныя злачынствы і выдаць яго суду.
«Група сяброў» у АБСЕ можа адыграць важную ролю ў асвятленні гэтай тэмы і ў забеспячэнні таго, каб Лукашэнка і яго саўдзельнікі былі прыцягнутыя да адказнасці за гэтыя злачынствы.
Па-трэцяе, перадача справы ў МКС, Міжнародны крымінальны суд.
Існуе юрыдычная альтэрнатыва, якая дазваляе пашырыць юрысдыкцыю Суда хаця б на частку злачынстваў супраць чалавечнасці, учыненых Лукашэнкам і яго саўдзельнікамі ў дачыненні да беларусаў. Ужо зараз у краінах-удзельніцах Рымскага статута (такіх, напрыклад, як Польшча, Літва і Латвія) знаходзяцца тысячы ахвяр, якія сутыкнуліся з дэпартацыяй (па вызначэнні Рымскага статута). Мы звяртаемся да гэтых краін з просьбай накіраваць зварот да генеральнага пракурора МКС. Гэта зробіць вялікі ўнёсак у нашую агульную справу – прыцягненне да адказнасці Лукашэнкі і ягоных набліжаных.
«Група сяброў» у АБСЕ можа аказаць гэтым краінам сваю важкую падтрымку.
Чацвёртае: Універсальная юрысдыкцыя.
Мы просім Вас падтрымаць беларусаў, якія ўцяклі ў ЕС, ва ўзбуджэнні крымінальных справаў на падставе ўніверсальнай юрысдыкцыі. Крымінальныя справы па фактах катаванняў у Беларусі ўжо заведзены ў Літве і Польшчы. Каб дапамагчы беларусам дабіцца справядлівасці, мы звяртаемся да нашых партнёраў з просьбай канкрэтызаваць кола злачынстваў, якія падпадаюць пад універсальную юрысдыкцыю. Мы спадзяемся, што вы дапаможаце дакладна пазначыць катэгорыі злачынстваў, якія могуць пераследавацца ў адпаведнасці з прынцыпам універсальнай юрысдыкцыі, уключаючы катаванні і злачынствы супраць чалавечнасці. Наступным крокам можа стаць перагляд унутраных законаў з мэтай забеспячэння надзейнай прававой асновы для судовага пераследу за міжнародныя злачынствы ў рамках універсальнай юрысдыкцыі.
«Група сяброў» можа супрацоўнічаць з міжнароднымі юрыстамі для кансультавання дзяржаў-удзельніц.
Па-пятае, я хачу надаць увагу пытанням найбліжэйшай будучыні.
Рэжым плануе правесці выбары ў 2024 годзе. У сітуацыі, калі правы чалавека не выконваюцца, калі няма палітычнага плюралізму, выбары будуць фарсам.
Я ведаю, што, калі вас запросяць назіральнікам, — а верагоднасць гэтага вельмі малая — БДІПЧ, магчыма, давядзецца накіраваць у Беларусь Місію па ацэнцы патрэбаў. Мы заклікаем гэтую патэнцыйную місію зрабіць выснову аб тым, што назіраць за будучымі выбарамі бессэнсоўна – няма неабходных умоваў для правядзення выбараў. Няма імкнення да дыялогу. БДІПЧ не павінна марнаваць свае рэсурсы на назіранне за гэтым фарсам.
Нарэшце, я хачу падзякаваць вам за прадстаўленую магчымасць выступіць сёння. Асаблівую падзяку я хачу выказаць за стварэнне групы «Сяброў дэмакратычнай Беларусі». Народ Беларусі ацэніць вашае імкненне зрабіць больш, разглядзець магчымыя шляхі быць карыснымі. У нашыя дні мультылатэрызм перажывае крызіс — але міжнародныя арганізацыі карысныя роўна настолькі, наколькі гэта ўдаецца зрабіць іх чальцам.
З такімі сябрамі, як Вы, у нас ёсць вялікія спадзяванні на дэмакратычную будучыню Беларусі. І мы вельмі спадзяемся на светлую будучыню АБСЕ.