Сёння ў Парыжы стартавала 3-я сустрэча Альянсу парламенцкіх групаў «За дэмакратычную Беларусь», арганізаваная Нацыянальнай асамблеяй Францыі і Офісам Святланы Ціханоўскай. На адкрыцці прагучалі прамовы Святланы Ціханоўскай, прэзідэнткі Палаты дэпутатаў Францыі Яэль Браўн-Півэ, кіраўніка групы «За дэмакратычную Беларусь» у Францыі Фрэдэрыка Пэці і спікера Каардынацыйнай Рады Арцёма Брухана.
Падчас сустрэчы адбудуцца наступныя дыскусіі:
⭕ «Пяць гадоў пасля рэвалюцыі ў Беларусі: які дэмакратычны шлях наперадзе?».
⭕ «Сведчанні палітвязняў».
⭕ «Круглы стол: ці эфектыўныя меры Еўропы ў адказ рэжыму Аляксандра Лукашэнкі? Ці варта працягваць?».
Святлана Ціханоўская:
«Для нас вялікі гонар праводзіць трэцюю сустрэчу Альянсу тут, у Парыжы — у Нацыянальнай асамблеі Францыі, адным з сапраўдных храмаў еўрапейскай дэмакратыі.
Голас Францыі ў Еўропе гучыць моцна і выразна. Вы абараняеце Еўрапейскі саюз ад ціску дыктатараў і цынізму «рэальнай палітыкі».
Ніколі раней Беларусь не займала такога высокага месца ў знешняй палітыцы Францыі, і ніколі супрацоўніцтва паміж беларускімі дэмакратычнымі сіламі і Францыяй не было такім шчыльным, як цяпер.
Яшчэ на мінулым тыдні я сустрэлася з прэзідэнтам Макронам на саміце Еўрапейскай палітычнай супольнасці ў Капенгагене. Ён яшчэ раз пацвердзіў: незалежная, дэмакратычная і еўрапейская Беларусь застаецца прыярытэтам Францыі — не толькі як пытанне правоў чалавека, але і як пытанне еўрапейскай бяспекі».