У Атаве адбыліся першыя стратэгічныя кансультацыі паміж урадам Канады і беларускімі дэмакратычнымі сіламі – аналаг Стратэгічнага дыялогу з ЗША. Пра правядзенне кансультацыяў было вырашана на сустрэчы Святланы Ціханоўскай з міністаркай замежных справаў Канады Мелані Жалі.
Кансультацыі праходзілі па наступных напрамках:
- Палітыка, бяспека і палітвязні.
- Дэмакратызацыя і падтрымка беларускіх медыя.
- Прыцягненне рэжыму да адказнасці за злачынствы супраць чалавечнасці.
- Непрызнанне «бязвыбараў-2025».
Інтарэсы беларускага боку адвакатавалі Святлана Ціханоўская і яе Офіс, прадстаўнік Аб’яднанага пераходнага кабінета Уладзімір Астапенка, прадстаўнікі НАУ, БелПол, а таксама журналісты незалежных беларускіх медыя. З канадскага боку бралі ўдзел прадстаўнікі ўраду, амбасадарка Канады ў Польшчы Кэтрын Годзін, МЗС, дырэктары дэпартаментаў, якія займаюцца санкцыямі і міжнародным правасуддзем.
Асноўная ўвага падчас кансультацыяў была прысвечаная падтрымцы незалежных СМІ, прыцягненню рэжыму Лукашэнкі да адказнасці за злачынствы супраць чалавечнасці, «бязвыбарам» 2025 году і ваенна-палітычнай сітуацыі ў рэгіёне.
Святлана Ціханоўская адзначыла:
«Кансультацыі адкрылі новую старонку ў адносінах паміж Беларуссю і Канадай. Мы будзем працаваць разам для вызвалення палітвязняў, падтрымкі незалежных медыя і грамадзянскай супольнасці Беларусі. У наступным годзе Канада пачынае старшынства ў G7, і мы спадзяёмся, што Беларусь будзе адным з прыярытэтаў».
Мэта падобных камунікацыяў – выпрацоўка супольных пазіцыяў і прыярытэтаў па ключавых пытаннях і паляпшэнне праграмаў падтрымак. Правядзенне такіх кансультацыяў спрыяе прызнанню суб’ектнасці дэмакратычных сілаў.