• Навіны
  • Офіс
  • Новая Беларусь
  • Партнёры
  • Дапамога
  • Кантакты
  • Беларуская
  • Навіны
  • Офіс
  • Новая Беларусь
  • Партнёры
  • Дапамога
  • Кантакты
  • Поўная прамова Святланы Ціханоўскай з нагоды адкрыцця офіса ў Варшаве

    26 лістапада, 2026

    Шаноўны спадар прэзідэнт Тшаскоўскі, Вашы Эксцэленцыі, дарагія сябры, дарагія беларускія сябры!

    Сардэчна запрашаем! Сардэчна запрашаем дадому!

    Я спадзяюся, што гэтае месца стане домам для ўсіх вас, але найперш — для тысяч беларусаў, якія, нягледзячы на рэпрэсіі, страх і тэрор, працягваюць змагацца.

    Сёння мы адкрываем не проста прастору, не проста офіс, а цэнтр беларускага дэмакратычнага руху і нашага ўрада ў выгнанні.

    За апошнія шэсць гадоў мы пабудавалі нешта ўнікальнае: дэмакратычныя інстытуты, якія прадстаўляюць беларускі народ. Мы паказалі, што Беларусь — гэта не рэжым. І Беларусь — гэта не Расія.

    Так, магчыма, мы не маем кантролю над нашай дзяржавай. Яна захоплена двума дыктатарамі. Але ў нас ёсць самае галоўнае — людзі, якія працягваюць змагацца па абодва бакі мяжы.

    І я ўпэўненая, што аднойчы мы ўсе вернемся дадому. Мы вернем дэмакратыю ў Беларусь і вернем Беларусь у Еўропу, куды мы і належым.

    Сёння мы адкрываем новую старонку ў нашай барацьбе. Дзякуй, што адзначаеце гэты дзень разам з намі.

    Я хачу прывітаць усіх паслоў і дыпламатаў, якія прысутнічаюць тут. Прадстаўнікоў польскага ўрада, Міністэрства замежных спраў, Сейма, Сената і Канцылярыі Прэзідэнта. Былых паслоў у Беларусі, інтэлектуалаў, легенд «Салідарнасці», журналістаў, экспертаў і нашых найбліжэйшых міжнародных партнёраў.

    Я шчаслівая, што беларуская справа аб’ядноўвае людзей па ўсёй Польшчы, незалежна ад іх палітычных поглядаў ці прыналежнасці.

    Польшча з уласнай гісторыі ведае, што значыць змагацца за свабоду. У вас таксама былі палітвязні, падпольныя газеты, забароненыя арганізацыі і ўрад у выгнанні. У вас таксама былі светлыя дні і цёмныя дні. Хвіліны надзеі і хвіліны роспачы. Часы, калі нават вашы найбліжэйшыя сябры сумняваліся, што перамены магчымыя.

    Але вы не здаліся. Вы засталіся адзінымі. І вы ПЕРАМАГЛІ!

    Былыя палітвязні і дысідэнты сталі міністрамі і прэзідэнтамі. Польшча ўступіла ў ЕС і НАТА. І цяпер Польшча — адна з наймацнейшых эканомік Еўропы.

    Польскі прыклад сапраўды натхняе нас. Калі змаглі вы, зможам і мы. Бо ніводная дыктатура не доўжыцца вечна. Дыктатура Лукашэнкі таксама падзе. І мы павінны быць да гэтага гатовыя.

    Гэта сапраўды вялікі дзень. Гэта было б немагчыма без падтрымкі Міністэрства замежных спраў Польшчы, але найперш — мэра Варшавы.

    Дарагі Рафал, ты быў з беларусамі з самых першых дзён. І якое сімвалічнае месца ты нам даў! Менавіта тут людзі тварылі гісторыю. Не толькі гісторыю Польшчы, але і гісторыю Еўропы.

    Калісьці тут выступаў Яцэк Качмарскі. Яго песня «Mury» — «Муры» — пазней стала гімнам нашай уласнай рэвалюцыі ў 2020 годзе.

    Гэты самы дух салідарнасці жыве ў гэтых сценах. Тут мы будзем аб’ядноўваць нашы дэмакратычныя сілы, умацоўваць нашы інстытуты, працаваць з міжнароднымі партнёрамі, рыхтаваць рэформы, навучаць будучых лідараў і дапамагаць нашым людзям па абодва бакі мяжы.

    Мы будзем умацоўваць нашу супольнасць у Польшчы. Тысячы беларусаў знайшлі тут бяспечны прытулак, стварылі тэатры, запусцілі медыя і адкрылі бізнесы.

    Толькі ў 2024 годзе польскія кампаніі з беларускімі каранямі згенеравалі амаль 20 мільярдаў злотых даходу. Гэта паказвае, што беларусы не проста просяць пра дапамогу. Мы таксама робім унёсак у развіццё Польшчы і Еўрапейскага Саюза.

    Але, вядома, наш найвялікшы ўнёсак будзе тады, калі Беларусь стане свабоднай, дэмакратычнай, еўрапейскай краінай. Калі мы вызвалім Беларусь з-пад расійскага кантролю. І Беларусь больш не будзе пагрозай для Еўропы. Калі ўсе палітвязні выйдуць на волю, палітычныя рэпрэсіі скончацца, а ўсе вінаватыя панясуць адказнасць.

    І я веру, што ўсё гэта магчыма.

    Да таго часу мы павінны заставацца адзінымі. Мы павінны працягваць ціск на рэжым. І падтрымліваць беларускі народ.

    Вядома, сёння шмат што залежыць ад Украіны. Калі Украіна будзе моцнай, а Расія аслабленай, гэта адкрые акно магчымасцяў і для Беларусі.

    Учора мы далучыліся да кампаніі нашых польскіх сяброў «Цяпло для Украіны», каб сабраць сродкі і дапамагчы Украіне перажыць будучую зіму.

    Давайце памятаць, што салідарнасць — гэта наша суперсіла. Яна робіць немагчымае магчымым. Салідарнасць — гэта наша рухаючая сіла і наша зброя супраць дыктатараў. Не дамо ім ніводнага шанцу!

    Дзякуй, дарагія сябры!

    Niech żyje Polska!

    Слава Украіне! Жыве Беларусь!

    Апошнія навіны