Сёння Святлана Ціханоўская прыняла ў новым Офісе мэра Варшавы Рафала Тшаскоўскага.
За апошнія гады Варшава стала адным з найбуйнейшых цэнтраў беларускай дыяспары – сёння ў горадзе жывуць больш за 100 тысяч беларусаў. Таму асаблівую ўвагу падчас сустрэчы надалі падтрымцы беларускай супольнасці і новым магчымасцям для супрацоўніцтва з горадам.
Беларуская лідарка прапанавала штогод праводзіць «Дні Беларусі ў Варшаве» пры падтрымцы горада. Праграма культурных і памятных мерапрыемстваў ахоплівала б Дзень Волі, Дзень годнасці 9 жніўня, а таксама Ноч расстраляных паэтаў і Дзяды.
Таксама Ціханоўская прапанавала:
– зрабіць Кубак імя Мікіты Мелказёрава – футбольны турнір салідарнасці з беларускімі палітвязнямі – сумеснай традыцыяй беларускай супольнасці і Варшавы, а таксама запрасіць каманду мэрыі да ўдзелу ў турніры ў 2027 годзе.
– дадаць беларускую мову на афіцыйны сайт мэрыі Варшавы, каб беларусы маглі атрымліваць інфармацыю пра гарадскія паслугі і магчымасці на роднай мове.
Святлана Ціханоўская:
«За апошнія гады Варшава стала домам для тысяч беларусаў. Тут нашыя дзеці ходзяць у школы, беларусы адкрываюць свае справы, ствараюць культурныя праекты, ладзяць спартыўныя мерапрыемствы. І мне вельмі важна, каб беларусы мелі магчымасць захоўваць сваю культуру, адзначаць нашыя святы і разам ушаноўваць памяць тых, хто змагаўся за вольную Беларусь. Я ўдзячная Варшаве і асабіста Рафалу Тшаскоўскаму за тое, што ў гэтым горадзе ёсць месца для беларускай мовы, культуры і нашых нацыянальных сімвалаў».