Камітэт па міграцыі Парламенцкай Асамблеі Рады Еўропы прадставіў дакумент «Люксембургскія рашэнні: вынікі і перспектывы». Гэта збор матэрыялаў, дзе падсумоўваюцца выклікі, з якімі сутыкнуліся беларусы ў выгнанні пасля прэзідэнцкіх выбараў 2020 года. Дакумент утрымлівае пералік канкрэтных рашэнняў і рэкамендацыяў для падтрымкі людзей у вымушанай эміграцыі. Асноўная ўвага нададзеная ролі нацыянальных парламентаў і ўладаў у падтрымцы беларусаў за мяжой.
Канкрэтныя рэкамендацыі, якія даюць «Люксембургскія рашэнні»:
- Легальны ўезд і пражыванне:
- Спрашчэнне візавага рэжыму для беларусаў у краінах-удзельніцах Рады Еўропы;
- Забеспячэнне права на прытулак і выдача шматразовых візаў;
- Стварэнне сеткі кансультацыйных цэнтраў для беларусаў за мяжой.
- Пагрозы свабодзе перамяшчэння і адмова ў консульскіх паслугах:
- Вырашэнне праблемаў з дакументамі: выдача пашпартоў замежніка і трэвэл-дакументаў, неабавязковасць апастыляў і даведак, прызнанне пратэрмінаваных пашпартоў для мэтаў легалізацыі і Новага Беларускага пашпарта;
- Спрашчэнне працэдураў атрымання міжнароднай аховы.
- Рэпрэсіі на радзіме:
- Падтрымка сваякоў палітвязняў у Беларусі;
- Арганізацыя міжнародных альянсаў для дапамогі палітвязням.
- Доступ да адукацыі:
- Забеспячэнне роўнага доступу да адукацыі для беларускіх дзяцей за мяжой;
- Стварэнне праграмаў падтрымкі беларускай мовы і культуры;
- Спрашчэнне працэдураў прызнання дыпломаў і адаптацыі настаўнікаў.
- Прафесійная кар’ера і прадпрымальніцтва:
- Прасоўванне беларускіх прадпрыемстваў за мяжой і аблягчэнне іх інтэграцыі ў мясцовыя рынкі;
- Падтрымка беларускіх юрыстаў і журналістаў у выгнанні.
- Захаванне і прасоўванне беларускай культурнай ідэнтычнасці:
- Падтрымка беларускай культуры і мовы праз культурніцкія праекты, пераклады і міжнародныя мерапрыемствы;
- Стварэнне інстытутаў беларускай культуры за мяжой.
«Люксембургскія рашэнні» – не фармальны пералік прапановаў, а рэальны інструмент для супрацоўніцтва з парламентамі і дэпутатамі ўсіх краінаў-чальцоў ПАРЕ. Яго немагчыма ігнараваць: гэта афіцыйны дакумент міжнароднай арганізацыі з пэўнымі рэкамендацыямі для нацыянальных парламентаў.
Цяпер беларускія дыяспары, народныя амбасады, грамадскія арганізацыі і ініцыятывы маюць падставу для ўключэння ўсіх прынятых рашэнняў у нацыянальнае заканадаўства тых краінаў, дзе знаходзяцца. Для гэтага трэба ўсталяваць кантакт з дэпутацкай групай «За дэмакратычную Беларусь» і пачынаць дзейнічаць разам.