ВІЗІТ У АЎСТРАЛІЮ
Святлана Ціханоўская наведала Аўстралію па запрашэнні міністаркі замежных справаў краіны. У межах візіту беларуская лідарка сустрэлася з прэм’ер-міністрам Энтані Албанізам, міністаркай замежных справаў Пэні Вонг, спікерам Палаты прадстаўнікоў Мілтанам Дыкам, кіраўніцай Аўстралійскай рады прафсаюзаў Мішэль О’Ніл, былымі прэм’ер-міністрамі Аўстраліі Скотам Морысанам і Тоні Эбатам.
Асноўныя тэмы — міжнародная адказнасць і правасуддзе, падтрымка беларускіх журналістаў, прафсаюзаў і праваабаронцаў, працяг ціску Аўстраліі на рэжымы Лукашэнкі і Пуціна, развіццё беларуска-аўстралійскіх сувязяў у сферах адукацыі і культуры, а таксама абарона беларускай дыяспары і вырашэнне праблемаў легалізацыі і прызнання пашпартоў.
Падчас візіту ў Мельбурн Святлана Ціханоўская сустрэлася з дэпутатамі парламента штата Вікторыя, дзе абмеркавалі падтрымку беларусаў у Аўстраліі і стварэнне групы «За дэмакратычную Беларусь». Па выніках сустрэчы было прынятае рашэнне аб стварэнні такой групы, а таксама разглядзе магчымасці дапамогі рэпрэсаваным і беларускім добраахвотнікам.
Акрамя таго, Ціханоўская ўзяла ўдзел у круглым стале з прадстаўнікамі Ліберальнай партыі, выступіла ў Аўстралійскім нацыянальным універсітэце (ANU), на Канферэнцыі «Аўтарытарны збег», у Аўстралійскім інстытуце стратэгічнай палітыкі (ASPI), ва Універсітэце Суінберн у Мельбурне.
Ціханоўская ўсклала кветкі каля Манумента памяці ў Мельбурне і прыняла ўдзел у фармальнай цырымоніі разам з прадстаўнікамі беларускай дыяспары і аўстралійскіх уладаў.
ВІЗІТ У НОВУЮ ЗЕЛАНДЫЮ
На пачатку тыдня Святлана Ціханоўская здзейсніла працоўны візіт у Новую Зеландыю. Тут Ціханоўская сустрэлася з міністрам замежных справаў Уінстанам Пітэрсам і заклікала ўрад краіны падтрымаць дэмакратычныя сілы Беларусі, далучыцца да міжнародных ініцыятываў і гуманітарных праектаў.
Акрамя таго, беларуская лідарка выступіла з лекцыяй у Новазеландскім інстытуце міжнародных справаў.
СВЯТЛАНА ЦІХАНОЎСКАЯ — ПРА НОВАГА СПЕЦПАСЛАННІКА ЗША У БЕЛАРУСІ
Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп паведаміў, што Джон Коўл можа быць прызначаны спецыяльным пасланнікам Злучаных Штатаў у Беларусі. Святлана Ціханоўская з гэтай нагоды: «Гэта важны і абнадзейваючы крок — знак таго, што Беларусь і нашы палітвязні застаюцца ў фокусе ўвагі Злучаных Штатаў. Разам з Джонам Коўлам і яго камандай мы ўжо некалькі месяцаў працуем над тым, каб вярнуць нашых людзей дадому і спыніць рэпрэсіі. Мы цэнім гэтыя высілкі і будзем рабіць усё, каб як мага хутчэй пабачыць усіх на волі».
ВЫНІКІ ЧАЦВЁРТАГА ПЕРЫЯДЫЧНАГА АГЛЯДУ ААН
На 50-й сесіі Рады ААН па правах чалавека ў Жэневе абмеркавалі стан выканання правоў чалавека ў Беларусі ў межах чацвёртага Універсальнага перыядычнага агляду (UPR). Прадстаўнікі рэжыму спрабавалі схаваць рэальныя маштабы парушэнняў, аднак згодна з альтэрнатыўным дакладам праваабарончай супольнасці, рэкамендацыі папярэдніх цыклаў практычна не выкананыя, а ўзровень рэпрэсіяў застаецца крытычным. Дэмакратычныя краіны, у тым ліку Вялікабрытанія і Новая Зеландыя, асудзілі дзеянні рэжыму Лукашэнкі, заклікалі вызваліць палітвязняў, спыніць смяротнае пакаранне і забяспечыць правы чалавека ў адпаведнасці з міжнароднымі стандартамі.
ПАВЕЛ ЦЕРАШКОВІЧ — ПРА ФІНАНСАВАННЕ АДУКАЦЫІ Ў БЕЛАРУСІ
Павел Церашковіч адзначыў, што фінансаванне адукацыі ў Беларусі застаецца на крытычна нізкім узроўні, што не дазваляе забяспечыць нармальныя ўмовы для навучання і працы. Асноўная праблема — мізэрныя заробкі выкладчыкаў і прафесараў. Церашковіч падкрэсліў, што без істотнага павелічэння фінансавання адукацыйная сістэма не мае шанцаў на развіццё.
ЛЕАНІД МАРОЗАЎ — ПРА МІЖНАРОДНЫ ВЫШУК І АБАРОНУ БЕЛАРУСАЎ
Дарадца Святланы Ціханоўскай па прававых пытаннях Леанід Марозаў паведаміў, што рэжым Лукашэнкі працягвае выкарыстоўваць Інтэрпол для пераследу палітычна актыўных беларусаў за мяжой, у тым ліку праз сфабрыкаваныя «наркатычныя справы».
ФОРУМ АСТРОЖСКІХ–2025
11–15 лістапада ў Львове і Кіеве пройдзе беларуска-ўкраінскі форум Астрожскіх–2025. Мерапрыемства прысвечанае развіццю супрацоўніцтва паміж беларускімі і ўкраінскімі дэмакратычнымі ініцыятывамі, адукацыйнымі і культурніцкімі праектамі. Ад Офіса Святланы Ціханоўскай у форуме возьмуць удзел Франак Вячорка, Анатоль Лябедзька і Святлана Шаціліна, якія прадставяць бачанне беларускай дэмакратычнай супольнасці адносна рэгіянальнага партнёрства і абмяркуюць шляхі падтрымкі беларусаў ва ўмовах рэпрэсіяў і выгнання.
АРМЕНІЯ ДАЗВОЛІЛА ВЫЕЗД БЕЛАРУСЦЫ, ЯКАЯ БЫЛА Ў МІЖНАРОДНЫМ ВЫШУКУ
Арменія дазволіла выезд грамадзянцы Беларусі, якая знаходзілася ў міжнародным вышуку па запыце рэжыму Лукашэнкі. Яна была затрыманая раней па палітычных артыкулах і вымушана пакінуць краіну пасля падзеяў 2020 года. Пры падтрымцы Офіса Святланы Ціханоўскай, НАУ, праваабаронцаў і арганізацыі «Грамадскі вердыкт» Пракуратура Арменіі дазволіла ёй пакінуць краіну, і цяпер яна ўжо ў бяспецы ў Еўрасаюзе.
ПРАЕКТ ЗАКОНА АБ СТАТУСЕ БЕЛАРУСКІХ ДОБРААХВОТНІКАЎ УНЕСЕНЫ Ў ВЯРХОЎНУЮ РАДУ
Дарадца Святланы Ціханоўскай па парламенцкім супрацоўніцтве Анатоль Лябедзька паведаміў, што праект закона аб статусе беларускіх добраахвотнікаў ужо ўнесены на разгляд Вярхоўнай Рады Украіны. Ён адзначыў, што гэта вынік працы, якая пачалася яшчэ ў сакавіку падчас круглага стала ў Кіеве, і цяпер ёсць кароткі тэрмін для ўнясення прапаноў і заўваг. Паводле Лябедзькі, першыя прапановы ўжо перададзеныя ўкраінскаму боку.
МЕДЫЯ
АВС (Аўстралія), Sky News (Аўстралія), Sydney Morning Herald (Аўстралія), The Age (Аўстралія), Newsroom (Новая Зеландыя), ABC Radio (Аўстралія), The Moscow Times (Міжнароднае), La Croix (Францыя), Kathimerini (Грэцыя).
