Падчас візіту ў Канберу Святлана Ціханоўская ўзяла ўдзел у круглым стале з прадстаўнікамі Ліберальнай партыі. Сустрэча прайшла з удзелам палітыкаў, экспертаў і прадстаўнікоў грамадзянскай супольнасці. Падчас размовы бакі абмеркавалі шляхі падтрымкі беларускіх палітвязняў, дэмакратычных зменаў у Беларусі і беларускіх супольнасцяў у Аўстраліі.
Беларуская лідарка прапанавала практычныя крокі па падтрымцы Беларусі для цяперашняга і будучага ўрадаў Аўстраліі:
- Захоўвайце ціск супраць Пуціна і Лукашэнкі — дыктатары не павінны адчуваць сябе ў бяспецы.
- Настойвайце на справядлівасці — падтрымлівайце міжнародныя судовыя працэсы, каб прыцягнуць вінаватых да адказнасці.
- Далучайцеся да Міжнароднага гуманітарнага фонду для ахвяраў рэпрэсіяў, каб дапамагчы вызваленым зняволеным і іх сем’ям аднавіць сваё жыццё.
- Дапамагайце беларусам у выгнанні — прызнавайце дзеючымі дакументы, тэрмін якіх скончыўся і якія немагчыма працягнуць.
- Не экстрадуйце грамадзянаў Беларусі ў Беларусь.
- Афармляйце афіцыйныя адносіны з нашымі дэмакратычнымі структурамі.
- Трымайце Беларусь на парадку дня — у ААН, у рамках рэгіянальных партнёрстваў і на праваабарончых форумах.
- Поўнасцю падтрымлівайце Украіну — нашы лёсы пераплеценыя, мы змагаемся з адным ворагам: расійскім імперыялізмам. Перамога Украіны адкрые акно магчымасцяў для Беларусі.