• Навіны
  • Офіс
  • Новая Беларусь
  • Партнёры
  • Дапамога
  • Кантакты
  • Беларуская
  • Навіны
  • Офіс
  • Новая Беларусь
  • Партнёры
  • Дапамога
  • Кантакты
  • Поўная прамова Святланы Ціханоўскай на Віленскім саміце свабоды

    15 кастрычніка, 2026

    «Паважаны спадар міністр, дарагі Кястуціс!

    Дарагі Рэмiгіюс!

    Дарагія Джэймі, Норм, Джэйн!

    Вашы Эксцэленцыі, дарагія сябры!

    Перш за ўсё, дзякуй вам, дарагі Кястуціс, за вашыя моцныя словы і за арганізацыю гэтага саміту.

    Як вы ведаеце, Літва стала маім другім домам пасля таго, як рэжым Лукашэнкі прымусіў мяне і маю сям’ю з’ехаць у выгнанне.

    Літва стала домам для тысяч беларусаў, якія ратаваліся ад арыштаў, рэпрэсіяў, пераследу і злачыннай вайны Расіі.

    Лукашэнка думаў, што тэрорам зможа зламаць беларускі народ. Што зможа знішчыць нашу надзею на перамены.

    Але дзякуючы Літве, Польшчы, Еўрапейскаму саюзу, Злучаным Штатам і такім арганізацыям, як Freedom House, мы не проста знайшлі бяспечны прытулак.

    Мы аднавілі працу нашых незалежных медыя, праваабарончых арганізацыяў, культурных і адукацыйных ініцыятываў.

    Мы стварылі цэлую сістэму ўлады ў выгнанні. Дэмакратычнае прадстаўніцтва Беларусі. Менавіта таму тут, у Вільні, працягвае працаваць і мой Офіс.

    І Літва была адной з першых краінаў, якія нас падтрымалі. І працягвае нязменна падтрымліваць да сёння.

    Літва паказала, што Беларусь — гэта не рэжым. Што Беларусь — гэта не Расія.

    Літва прадэманстравала сілу. Прынцыповасць. Вернасць дэмакратычным каштоўнасцям.

    І я яшчэ раз хачу асабіста падзякаваць міністру Будрысу, а таксама вашаму прэзідэнту, ураду і Сейму.

    Голас Літвы ў абарону дэмакратыі гучыць моцна. І яго чуюць ва ўсім свеце.

    Ačiū jums labai!

    Я таксама хачу прывітаць нашых сяброў з Freedom House.

    Не ведаю, як у вашых краінах, але ў Беларусі кожны ведае Freedom House.

    Пасля нашага мірнага паўстання арганізацыя дапамагла тысячам людзей уратавацца ад пераследу. Дапамагала з дакументамі, бяспечным жыллём.

    Ваш віленскі офіс і асабіста Віціс Юрконіс клапаціліся пра мяне ў тыя першыя месяцы, калі мы толькі стваралі нашыя структуры.

    І за гэтыя шэсць гадоў дзякуючы вам мы змаглі дасягнуць вельмі шмат чаго.

    Дэмакратыя і свабода не прыходзяць самі па сабе. За іх трэба змагацца. І ў гэтай барацьбе патрэбныя саюзнікі.

    Як ужо сказаў Джэймі, Freedom House падтрымлівае рухі за свабоду па ўсім свеце. Рухі, якія былі вымушаныя працягваць сваю дзейнасць у выгнанні. Людзей, якія пакутуюць ад несправядлівасці.

    Не толькі ў Беларусі, але і ў Венесуэле, Нікарагуа, на Кубе, у Іране і Паўночнай Карэі.

    Мы ўсе з розных краінаў. Мы сутыкаемся з рознымі абставінамі. Але змагаемся з адным і тым жа злом.

    Тыраніяй. Дыктатурамі.

    І гэтае зло не ведае межаў. Калі мы яго не спынім, яно будзе распаўсюджвацца далей.

    Менавіта таму мы павінны трымацца разам. Мы павінны захоўваць адзіны фронт супраць дыктатураў усюды, дзе гэта магчыма.

    І Віленскі саміт свабоды паказвае, што наш агульны фронт моцны. І рашучы.

    Але, дарагія сябры, сёння галоўная лінія фронту гэтай барацьбы праходзіць ва Украіне.

    Вынік барацьбы Украіны вызначыць будучыню не толькі нашага рэгіёна ці Еўропы. Ён вызначыць будучыню дэмакратыі ва ўсім свеце.

    Калі Украіна будзе моцнай, а Расія — слабой, гэта адкрые акно магчымасцяў і для Беларусі.

    Гэта дапаможа Малдове, Грузіі, Арменіі і многім іншым народам, якія хочуць вызваліцца ад дыктатураў, што падтрымліваюцца Расіяй.

    Менавіта таму так важна даць Украіне ўсё неабходнае.

    Менавіта таму так важна дапамагчы Украіне перажыць гэтую халодную зіму.

    Вайсковая дапамога павінна працягвацца. Абмен разведвальнай інфармацыяй павінен працягвацца. І, безумоўна, надзвычай важная гуманітарная дапамога.

    Літаральна два дні таму я сустракалася з міністрам замежных справаў Украіны Андрэем Сібігам.

    Ён сказаў мне: «У нас няма іншага выбару, акрамя перамогі. І мы зможам перамагчы толькі разам».

    Дарагія сябры!

    Сёння мы павінны захаваць еўрапейскае адзінства і трансатлантычны саюз.

    Дыктатары — Пуцін, Лукашэнка і іншыя — спрабуюць нас падзяліць.

    Яны правяраюць нашыя краіны на адзінства. Выпрабоўваюць нашу салідарнасць.

    Наколькі далёка мы гатовыя пайсці на кампраміс са сваімі прынцыпамі? На якія саступкі мы гатовыя? Наколькі далёка мы гатовыя адступіць ад сваіх каштоўнасцяў?

    Яны шукаюць нашыя слабыя месцы, каб выкарыстаць іх супраць нас.

    І найлепшы адказ дэмакратыяў — паказаць зубы. Паказаць сваю сілу. Падтрымліваць адно аднаго.

    Для нас, беларусаў, як і для многіх іншых народаў, Еўропа — гэта наша мэта. Еўропа — гэта наша сям’я.

    А Злучаныя Штаты заўсёды былі маяком свабоды.

    Надзвычай важна, каб Амерыка заставалася вернай сваім прынцыпам.

    Каб яна працягвала падтрымліваць Еўропу. Украіну. І беларусаў, якія змагаюцца за свабоду.

    Я вельмі ўдзячная Джону Коўлу, спецыяльнаму пасланніку прэзідэнта ЗША.

    За апошні год дзякуючы яго намаганням больш за 500 закладнікаў былі вызваленыя з турмаў Лукашэнкі. Людзі нарэшце змаглі абняць сваіх блізкіх.

    Гэта велізарнае дасягненне. Наша агульная перамога.

    І я ганаруся тым, што нам удалося зрабіць пытанне беларускіх закладнікаў адным з прыярытэтаў для прэзідэнта Трампа.

    Але мы павінны памятаць: гэта яшчэ не канец.

    Яшчэ каля 900 чалавек застаюцца за кратамі.

    І кожны дзень з’яўляюцца новыя палітычныя зняволеныя.

    Наша задача — вызваліць іх усіх.

    Наша задача — разарваць само кола рэпрэсіяў.

    Наша задача — дамагчыся дэмакратычных пераменаў. І новых, свабодных выбараў.

    Вызваліць Беларусь ад дыктатуры і ад расійскай залежнасці.

    Я веру, што гэта магчыма.

    Але каб гэтага дасягнуць, мы павінны захоўваць ціск на дыктатараў.

    Працягваць іх ізаляцыю. І біць па самым балючым месцы — па іх кашальках, праз санкцыі.

    Дарагія сябры!

    Безумоўна, усім нам патрэбныя перамогі.

    Напрыклад, калі Венесуэле ўдасца правесці выбары ў наступным годзе, гэта створыць прэцэдэнт. Гэта стане прыкладам і для Беларусі.

    Перамогі Украіны таксама стануць важным паваротным момантам для нас.

    Мы, беларусы, ужо шэсць гадоў працуем у надзвычай складаных умовах.

    Рэпрэсіі. Выгнанне. Пагрозы. Ціск. Транснацыянальныя рэпрэсіі.

    Але мы працягваем сваю працу і рыхтуемся да патрэбнага моманту.

    Мы шукаем саюзнікаў, у тым ліку ўнутры самой сістэмы. Людзей, якія ў вырашальны момант стануць на наш бок.

    Ніхто з нас не збіраецца здавацца.

    Украінцы не збіраюцца здавацца.

    І я ўпэўненая, што ніхто ў гэтай зале таксама не збіраецца здавацца.

    Сёння я хачу папрасіць вас пра тры рэчы.

    Па-першае, працягвайце падтрымліваць тых, хто змагаецца за свабоду і справядлівасць.

    Па-другое, не бойцеся Пуціна.

    Заўсёды існавала гэтая ілюзія вялікай імперыі. Гэты страх перад Расіяй.

    Але Украіна ўжо паказала, што Расія не такая ўжо і вялікая, як здавалася.

    І нарэшце, захоўвайце аптымізм.

    Дыктатары хочуць, каб мы страцілі надзею і пачалі сумнявацца ў сабе.

    Не будзем даваць ім такой радасці.

    Разам мы ўсё пераадолеем.

    Вялікі дзякуй!

    Жыве Беларусь!

    Жыве Еўропа!

    Слава Украіне!»

    Апошнія навіны