Падчас Варшаўскага форуму па бяспецы Святлана Ціханоўская абмеркавала з міжнароднымі партнёрамі расійскую пагрозу, падтрымку Украіны, вызваленне палітвязняў і абарону беларусаў за мяжой.
Дзе выступіла?
- На панэлі «Дэмакратычны фронт: лідарства супраць расійскага аўтарытарызму» разам з былым прэзідэнтам Эстоніі Тоомасам Хендрыкам Ільвесам, пятай прэзідэнткай Грузіі Саламэ Зурабішвілі і расійскім апазіцыйным палітыкам Уладзімірам Кара-Мурзой. Ціханоўская гаварыла пра еўрапейскую будучыню Беларусі, значэнне перамогі Украіны, неабходнасць вываду расійскіх войскаў і ядзернай зброі з Беларусі і гатоўнасць партнёраў да пераменаў у нашай краіне.
- На круглым стале «Беларусь: поўнамаштабная мілітарызацыя», арганізаваным у партнёрстве з BELPOL і Германскім фондам Маршала. Каманда BELPOL прадставіла даклад пра мілітарызацыю Беларусі і яе вайсковае супрацоўніцтва з Расіяй. Беларуская лідарка заклікала выкарыстоўваць сабраныя доказы для санкцый, прадухілення іх абыходу і прыцягнення вінаватых да адказнасці.
З кім сустрэлася?
З міністрам замежных спраў Украіны Андрэем Сібігам — абмеркавала бяспеку, каардынацыю санкцый, адказнасць рэжыму Лукашэнкі за саўдзел у вайне і дапамогу беларусам ва Украіне. Асобная ўвага — падтрымцы беларускіх добраахвотнікаў і ўмацаванню статусу Місіі дэмакратычнай Беларусі ў Кіеве.
З прэзідэнтам Парламенцкай асамблеі НАТА Маркушам Перэштрэлу і генеральнай сакратаркай Бенедэтай Берці — абмеркавала пагрозы з тэрыторыі Беларусі, вызваленне палітвязняў, санкцыі супраць ваенна-прамысловага комплексу і пашырэнне супрацоўніцтва з ПА НАТА. Ціханоўская таксама перадала даклад BELPOL.
Таксама беларуская лідарка сустрэлася і паразмаўляла з:
• міністрам замежных спраў Польшчы Радаславам Сікорскім і дэпутатамі польскага Сейма;
• амерыканскім дыпламатам Майклам Карпентарам;
• дзяржаўнай сакратаркай Швецыі Дыянай Янсэ і былой міністаркай замежных спраў Швецыі Ан Ліндэ;
• былой міністаркай замежных спраў Ісландыі Тордзіс Гільфадоцір;
• былым камандуючым войскамі ЗША ў Еўропе Бэнам Ходжэсам;
• кіпрскай дэлегацыяй і прадстаўнікамі дыпламатычнага корпуса ў Варшаве, у тым ліку амбасадарам ЗША ў Польшчы.
Асобна з Білам Браўдэрам Ціханоўская абмеркавала транснацыянальныя рэпрэсіі, пераслед беларусаў за мяжой і выкарыстанне Інтэрпола для такога пераследу. Таксама паразмаўляла з лордам Эшкрафтам, які займаецца падтрымкай гуманітарных праграмаў.
На вячэры для спікераў і ўдзельнікаў форуму Святлана Ціханоўская выступіла са словамі падзякі арганізатарам, Польшчы і ўсім, хто дапамагае свабоднай Беларусі.
Святлана Ціханоўская:
«На сустрэчах у Варшаве мы гаварылі пра тое, як звязаныя будучыня Беларусі, перамога Украіны і бяспека ўсёй Еўропы. Пакуль Расія выкарыстоўвае нашу тэрыторыю, вайсковую інфраструктуру і прадпрыемствы для сваёй агрэсіі, гэтая пагроза застаецца для ўсіх нашых суседзяў. Таму Беларусі патрэбная ўвага міжнародных партнёраў і выразная стратэгія, якая дапаможа вярнуць нашай краіне незалежнасць і свабоду.
За кожнай такой размовай стаяць і канкрэтныя патрэбы людзей: вызваленне палітвязняў, дапамога іх сем’ям, падтрымка добраахвотнікаў, абарона беларусаў, якіх рэжым пераследуе нават за мяжой. Я ўдзячная ўсім, хто працягвае працаваць з намі над гэтымі пытаннямі.
Нам важна, каб партнёры падтрымлівалі беларускае грамадства і былі гатовыя дапамагчы, калі адкрыецца магчымасць для дэмакратычных пераменаў. Свабодная Беларусь зможа быць надзейным суседам для Украіны і часткай бяспечнай Еўропы».
