6 лістапада 2025 года ў Канберы міністарка замежных справаў Аўстраліі Пэні Вонг прыняла кіраўніцу Аб’яднанага Пераходнага Кабінета Беларусі Святлану Ціханоўскую.
Ціханоўская асабіста падзякавала міністарцы Вонг за запрашэнне наведаць Аўстралію і адзначыла, што ў найноўшай гісторыі Беларусі не было візітаў такога ўзроўню.
Падчас сустрэчы бакі абмеркавалі шырокі спектр пытанняў — ад рэгіянальнай бяспекі і становішча ў Беларусі да практычнай падтрымкі беларускіх дэмакратычных сілаў і грамадзянскай супольнасці.
Міністарка запэўніла Ціханоўскую ў падтрымцы дэмакратычнай Беларусі. Ціханоўская падзякавала міністарцы Вонг і ўраду Аўстраліі за прынцыповую пазіцыю ў падтрымцы Украіны і непахісную адданасць дэмакратычным каштоўнасцям і правам чалавека.
Што абмеркавалі?
– Падтрымку грамадзянскай супольнасці і незалежных медыя. Ціханоўская прапанавала Аўстраліі запусціць праграму падтрымкі незалежных СМІ і жаночага лідарства ў Беларусі. Святлана Ціханоўская падкрэсліла, што беларускія журналісты і актывісткі, якія працуюць у выгнанні не толькі змагаюцца за праўду, але і захоўваюць сувязь паміж Беларуссю і свабодным светам.
– Ціск і міжнародная ізаляцыя рэжыму. Ціханоўская заклікала Аўстралію працягваць ціск на рэжымы Лукашэнкі і Пуціна, каб дабіцца спынення рэпрэсіяў, вызвалення палітвязняў, а таксама спынення вайны ва Украіне. Ціханоўская адзначыла, што Аўстралія можа адыграць важную ролю ў каардынацыі з партнёрамі G7 і ЕС.
– Міжнародны гуманітарны фонд. Святлана Ціханоўская заклікала Аўстралію далучыцца да Міжнароднага гуманітарнага фонду дапамогі ахвярам рэпрэсіяў, які ўжо падтрымалі Нарвегія, Швецыя, Фінляндыя, Эстонія, Латвія, Іспанія, Люксембург, Данія, Ісландыя і Харватыя. Гэты фонд дапамагае вызваленым палітвязням і іх сем’ям, забяспечвае медыцынскую і псіхалагічную дапамогу, а таксама аказвае падтрымку тым, хто вымушаны быў пакінуць краіну.
– Адказнасць і міжнароднае правасуддзе. Ціханоўская заклікала аўстралійскі ўрад падтрымаць намаганні па прыцягненні рэжыму Лукашэнкі да адказнасці ў рамках Міжнароднага крымінальнага суда (ICC) і Міжнароднага суда ААН (ICJ). Яна паведаміла пра літоўскую ініцыятыву перадачы матэрыялаў у Гаагу па злачынствах супраць чалавечнасці ў Беларусі, а таксама пра справу ў ICJ, звязаную з арганізаваным міграцыйным крызісам і парушэннямі Канвенцыі аб ліквідацыі ўсіх формаў дыскрымінацыі ў адносінах да жанчын.
– Падтрымка праваабаронцаў і гуманітарных работнікаў. Ціханоўская адзначыла намаганні міністаркі Вонг у абарону гуманітарных работнікаў у зонах крызісу, і прапанавала таксама падтрымаць працу беларускіх праваабаронцаў: «Сёння беларускія праваабаронцы — гэта таксама гуманітарныя работнікі. Яны літаральна ратуюць жыцці людзей, дапамагаючы сем’ям палітвязняў, зняволеным і рэпрэсаваным. І яны заслугоўваюць такой жа абароны, як і ўсе, хто выконвае гуманітарную місію».
– Падтрымка беларускіх прафсаюзаў. Абмеркавалі супрацоўніцтва паміж аўстралійскімі і беларускімі прафсаюзамі. Ціханоўская адзначыла, што нядаўна шэраг беларускіх прафсаюзных лідараў былі вызваленыя, але некаторыя застаюцца ў турмах, і неабходна дабівацца іх вызвалення. Абмеркавалі магчымасці супрацоўніцтва ў межах Міжнароднай арганізацыі працы, а таксама дамовіліся наладзіць сувязі паміж аўстралійскімі і беларускімі прафсаюзамі. Заўтра Ціханоўская сустрэнецца з лідарамі аўстралійскіх прафсаюзаў.
– Спецыяльны пасланнік па Беларусі. Святлана Ціханоўская прапанавала разглядзець магчымасць прызначэння спецыяльнага пасланніка або амбасадара па асаблівых даручэннях, які б адказваў за камунікацыю з дэмакратычнымі сіламі Беларусі — як гэта ўжо зрабілі Францыя, Швецыя, Нарвегія, Латвія і Эстонія. Гэты крок, паводле яе, стаў бы «моцным сігналам салідарнасці з беларускім народам».
– Міжнароднае супрацоўніцтва. Бакі таксама абмеркавалі ўзаемадзеянне ў рамках ААН, Рады па правах чалавека і Кааліцыі за свабоду медыя.
«Міністарка Вонг была вельмі добра інфармаваная, уважлівая і сапраўды зацікаўленая ў тым, каб дапамагчы Беларусі. Ёй шчыра баліць за нашых людзей, і я радая, што тут, на іншым канцы планеты, мы маем такую саюзніцу», — адзначыла Святлана Ціханоўская пасля сустрэчы.
