• Навіны
  • Офіс
  • Новая Беларусь
  • Партнёры
  • Дапамога
  • Кантакты
  • Беларуская
  • Навіны
  • Офіс
  • Новая Беларусь
  • Партнёры
  • Дапамога
  • Кантакты
  • Святлана Ціханоўская: «Людзям, якія трапілі пад каток рэпрэсіяў, патрэбная дапамога тут і цяпер, а не калі-небудзь у будучыні»

    19 верасня, 2024

    Сёння ў Вільні беларуская лідарка прэзентавала Міжнародны гуманітарны фонд дапамогі беларускім палітвязням. Мерапрыемства прайшло ў фармаце прэс-канферэнцыі, удзел у якой узялі прадстаўнікі арганізацыяў гуманітарнай падтрымкі ў Беларусі: Вольга Зазулінская (фонд «Краіна для жыцця»), Андрэй Стрыжак (фонд BYSOL), Аляксей Лявончык (фонд ByHelp).

    Святлана Ціханоўская:

    «Паважаныя калегі, дарагія сябры!

    Журналісты, партнёры!

    Я вельмі радая, што мы, цяпер ужо афіцыйна, можам абвясціць запуск Міжнароднага гуманітарнага фонду дапамогі ахвярам рэпрэсіяў. Паверце, яшчэ больш я радавалася б, калі б патрэбы ў такім фондзе не было і ўсе палітвязні выйшлі на волю. Але патрэба ёсць, і яна, на жаль, не змяншаецца, а расце. Гэта рэальнасць.

    Я ўдзячная нашым замежным партнёрам за тое, што яны адгукнуліся на гэтую нашую ініцыятыву. Перадусім ураду Нарвегіі, які зрабіў першы грашовы ўнёсак амаль мільён еўра, і ўраду Швецыі, які адразу ж далучыўся да сваіх нарвежскіх калегаў. 

    Я ўдзячная Нарвежскаму Хельсінкскаму камітэту, які стаў адміністрацыйным партнёрам фонду, і ўсім тым беларускім ініцыятывам, у першую чаргу Аляксею Лявончыку і Службе хуткай гуманітарнай дапамогі, якія аказваюць дапамогу палітвязням, былым і цяперашнім.

    Само па сабе стварэнне фонду – вынік вялікай працы, зробленай дэмакратычнымі сіламі, праваабаронцамі, гуманітарнымі ініцыятывамі. Мы пачалі гэтую працу яшчэ на пачатку 2023 году, калі стала відавочна, што рэжым не спыняе рэпрэсіяў, колькасць палітвязняў расце, а той падтрымкі, якая збіраецца данатамі ці выдзяляецца Еўрасаюзам, недастаткова. 

    Людзям, якія трапілі пад каток рэпрэсіяў, патрэбная дапамога. Тут і цяпер, а не калі-небудзь у будучыні. Патрэбная яна і тым, хто выйшаў з засценкаў нядаўна, і сем’ям тых, хто застаецца ў няволі. І я спадзяюся, што ў першую чаргу дапамога будзе аказвацца тым, хто ўнутры краіны.

    Гэты фонд ствараецца ні ў якім разе не замест цяперашніх праграмаў дапамогі, а ў дадатак да іх.

    Гэтая дапамога не павінна ісці коштам падтрымкі грамадзянскай супольнасці ці незалежных медыя, напрыклад. Гуманітарны фонд будзе такім «кошыкам», куды ўсе, каму неабыякавая Беларусь, змогуць ахвяраваць. Гэта можа быць і ўрад, і міжнародная арганізацыя, і неабыякавы мецэнат.

    Цяпер у фондзе адзін мільён дзвесце восемдзесят тысячаў еўра. Спадзяюся, гэта толькі пачатак. Ужо некалькі краінаў выказалі гатоўнасць далучыцца, і мы будзем імкнуцца істотна павялічыць гэтую суму да новага года.

    У сувязі з гэтым хачу звярнуцца да нашых замежных партнёраў. Я прашу вас зрабіць унёскі ў Гуманітарны фонд. Гэтая дапамога можа камусьці выратаваць жыццё і здароўе, а камусьці – дапаможа перажыць гэты змрочны час. 

    Нядаўна ўва ўсёй Цэнтральнай Еўропе здарыліся паводкі. Людзі, і беларусы ў тым ліку, адразу ж адгукнуліся і сталі дасылаць ахвяраванні ў дапамогу тым, хто пацярпеў. Гэта выдатны, кранальны прыклад салідарнасці.

    Рэпрэсіі ў Беларусі – гэта таксама гуманітарная катастрофа, якая цягнецца ўжо чатыры гады. І ў беларусаў няма дзяржавы, якая б іх абараніла, бо дзяржава, наадварот, праводзіць рэпрэсіі. У такой сітуацыі ім застаецца толькі спадзявацца на міжнародную салідарнасць і ўласную самаарганізацыю. І дзякуй богу, што ў свеце хапае такіх людзей і арганізацыяў, якія разумеюць гэта і падтрымліваюць нас. Мы вельмі ім удзячныя.

    У працы фонду вельмі важныя празрыстасць і ашчаднасць. Рэпутацыя арганізацыі мае вялікае значэнне. Ніхто не павінен ставіць пад сумнеў, што дапамога пайшла па прызначэнні і сапраўды тым, каму яна патрэбная. 

    Таму і кіраванне арганізацыяй будзе калектыўным. Самі праваабаронцы і гуманітарныя ініцыятывы будуць разам прымаць рашэнні аб тым, куды і каму канкрэтна накіроўваць сродкі. 

    Наглядаць за працай арганізацыі будзе Назіральная рада, куды ўвойдуць эксперты, прадстаўнікі медыясупольнасці і замежныя дыпламаты.

    Аб’яднаны пераходны кабінет ці Офіс умешвацца ў працу фонду не могуць і не будуць. Нашая задача – займацца адвакацыяй, лабіяваць, здабываць для нашых палітвязняў дапамогу, гэтак жа, як мы гэта робім для незалежных медыя, грамадзянскай супольнасці, культурніцкіх і адукацыйных ініцыятываў.

    Трэба памятаць, што дапамога рэпрэсаваным не замяняе працы па вызваленні палітвязняў. Гэта два напрамкі, якія мы вядзём адначасова. Мы будзем змагацца за вызваленне кожнага і кожнай. Вызваленне палітвязняў і спыненне рэпрэсіяў – нашая задача і прыярытэт.

    Дзякую за ўвагу».

    Апошнія навіны