«Дзякуй за ўсё, Мама!
Сёння найлепшы дзень для таго, каб падзякаваць тым, хто дараваў нам жыццё. Нашым матулям.
Я хачу падзякаваць кожнай матулі. Кожнай, хто гадуе дзяцей у гэтыя цяжкія часы, вучыць іх адрозніваць дабро і зло, верыць у сябе і не баяцца быць сумленнымі. Кожнай, хто любіць і чакае сваіх сыноў і дачок з турмы ці з выгнання, не перастаючы спадзявацца на хуткую сустрэчу. Кожнай, хто ахвяраваў свабодай дзеля таго, каб яе дзеці жылі ў вольнай краіне. Кожнай, хто працуе, клапоціцца, вучыць, абараняе — і пры гэтым знаходзіць сілы ўсміхацца.
Вы — наш гонар, нашая пяшчота, нашая апора. Вы нагадваеце, што Беларусь — гэта людзі, здольныя любіць, дараваць і ствараць жыццё нават там, дзе здаецца, што ўсё разбурана. Хай дзеці і ўнукі скажуць вам тое, што часта забываюць сказаць: дзякуй за бяссонныя ночы, за веру, за сілу, за вашую бясконцую і беспярэчную любоў, якая не залежыць ад знешніх абставінаў.
На жаль, сёння не ўсе могуць асабіста павіншаваць сваіх матуль — рэжым зрабіў усё магчымае, каб стварыць перашкоды, адарваць нас ад родных, пазбавіць гэтай важнай сувязі. Але ні адлегласць, ні сцены турмаў, ні выгнанне не могуць разбурыць тое, што маці адчувае сэрцам.
Я ад усёй душы зычу кожнай маме ў Беларусі і за яе межамі як мага хутчэй абняць сваіх дзяцей. Каб гэтыя абдымкі былі доўгімі, як чаканне, і цёплымі, як мацярынская любоў. Каб у кожным доме зноў гучаў смех, а Беларусь адчула сябе адной вялікай сям’ёй, у якой пануе любоў».
Фота з асабістага архіва Святланы Ціханоўскай.