Падчас візіту ў Партугалію Святлана Ціханоўская сустрэлася з Камісарам Рады Еўропы па правах чалавека Майклам О’Флаерці, віцэ-прэзідэнткай Еўракамісіі па пытаннях тэхналагічнага суверэнітэту, бяспекі і дэмакратыі Хеннай Марыяй Віркунен, а таксама з прадстаўнікамі медыя і бігтэх-кампаніяў.
РАДА ЕЎРОПЫ
З Камісарам па правах чалавека Майклам О’Флаерці былі абмеркаваныя пытанні працы Кантактнай групы ў Радзе Еўропы і супольныя ініцыятывы па палітвязнях, а таксама шляхі прыцягнення рэжыму да адказнасці. Асобна закранулі ролю рэжыму Лукашэнкі ў трыбунале па агрэсіі супраць Украіны, які ініцыявала Рада Еўропы разам з Украінай.
Ціханоўская распавяла пра прагрэс у рэалізацыі Люксембурскіх рашэнняў па вырашэнні праблемаў беларусаў за мяжой і папрасіла камісара звярнуць асаблівую ўвагу на пераслед беларусаў у выгнанні.
Яна падкрэсліла важнасць захавання дапамогі беларускім актывістам і журналістам, выдачы гуманітарных візаў і падтрымкі механізмаў тэрміновай рэлакцыі.
Ціханоўская перадала камісару інфармацыю пра палітвязняў, у тым ліку пра тых, хто застаецца ў інкамунікада, распавяла пра лёс Мікалая Статкевіча, ад якога няма вестак ужо некалькі месяцаў, а таксама пра прагрэс гуманітарнага трэку дзеля вызвалення палітвязняў разам са Злучанымі Штатамі.
Яна адзначыла, што для дэмакратычных сілаў Беларусі ўключэнне краіны ў Раду Еўропы з’яўляецца прыярытэтам, падзякавала камісару за ўвагу да Беларусі і адзначыла плённую супрацу з папярэдняй камісаркай Дуняй Міятавіч.
У якасці наступнага кроку Ціханоўская прапанавала правесці сумесныя мерапрыемствы.
ЕЎРАКАМІСІЯ
Святлана Ціханоўская таксама сустрэлася з віцэ-прэзідэнткай Еўракамісіі па пытаннях тэхналагічнага суверэнітэту, бяспекі і дэмакратыі Хеннай Марыяй Віркунен.
У сустрэчы таксама ўдзельнічалі Тацяна Марыніч, кіраўніца місіі дэмакратычных сілаў у Мадрыдзе і Imaguru Hub, і Павел Лібер, заснавальнік пляцоўкі Svae.
Бакі абмеркавалі падтрымку беларускіх IT-кампаніяў, якія працуюць на тэрыторыі Еўрасаюза, удзел у праграмах Еўракамісіі для тэхналагічнага сектара — у тым ліку ў сферы грамадзянскай бяспекі і абароны, арганізацыю хакатонаў і канферэнцый, а таксама дапамогу медыя-ініцыятывам і праектам па барацьбе з дэзінфармацыяй.
Таксама абмяркоўвалася магчымасць удзелу беларускіх кампаній у ініцыятыве European Democracy Shield, якая накіраваная на супрацьдзеянне расійскай і беларускай прапагандзе і выкарыстанне рэгіянальнага досведу ў абароне інфармацыйнай прасторы.
Закранулі і праблемы легалізацыі беларускіх грамадзянаў, якія працуюць у IT-сектары ў ЕС.
Ціханоўская распавяла пра ролю беларускіх IT-кампаніяў і распрацоўшчыкаў у дэмакратызацыі Беларусі і стварэнні беларускіх супольнасцяў у выгнанні. Таксама абмеркавалі супрацоўніцтва з буйнымі тэхналагічнымі кампаніямі, такімі як TikTok і Meta, дзеля падтрымкі беларускіх актывістаў і журналістаў.
Яна падкрэсліла, што беларускі IT-сектар робіць не толькі эканамічны ўнёсак у дабрабыт ЕС, але і гатовы ўдзельнічаць ва ўмацаванні дэмакратычных каштоўнасцяў, барацьбе з дэзінфармацыяй і забеспячэнні бяспекі.
Акрамя гэтага, падчас візіту Святлана Ціханоўская:
– Узяла ўдзел у канферэнцыі Web Summit 2025. Ціханоўская выступіла ў дыскусіі «Прадпрымальніцтва як права чалавека» разам з заснавальніцай і СЕО Imaguru Таццянай Марыніч. Падчас дыскусіі Ціханоўская адзначыла, што беларусы, якія былі вымушаныя з’ехаць, не страцілі сваю энергію і здольнасць будаваць — яны ўжо цяпер уносяць уклад у эканомікі розных краінаў і будуць асновай для будучага эканамічнага адраджэння Беларусі. Акрамя гэтага, лідарка наведала адкрыццё стэнду Беларусы па ўсім свеце — «Тэхналогіі без межаў».
Сустрэлася з беларускай дыяспарай і прадстаўнікамі IT-сектара. Абмяркоўваліся пытанні жыцця беларусаў у Партугаліі і іх прававога статусу. Сярод асноўных праблемаў, паднятых удзельнікамі: адмена часовай абароны нягледзячы на небяспеку вяртання ў Беларусь; складанасці з атрыманнем і падаўжэннем пашпартоў замежніка; патрабаванне немагчымых для выканання дакументаў з Беларусі (як даведкі аб несудзімасці і сведчанні з апастылем); а таксама адсутнасць дакументаў у дзяцей, народжаных у Партугаліі, бо бацькі не могуць атрымаць ім беларускія пашпарты. Гэта пакідае многіх людзей у юрыдычнай нявызначанасці і пагражае іх інтэграцыі і бяспецы.
Ціханоўская абмеркавалі з прадстаўнікамі беларускай дыяспары гэтыя праблемы і офіс накіраваў адмысловы запыт ва ўрадавыя структуры гэтай краіны.
– Дала шэраг інтэрв’ю, дзе распавяла пра сітуацыю ў Беларусі і працу дэмакратычных сілаў.
