• Навіны
  • Офіс
  • Новая Беларусь
  • Партнёры
  • Дапамога
  • Кантакты
  • Беларуская
  • Навіны
  • Офіс
  • Новая Беларусь
  • Партнёры
  • Дапамога
  • Кантакты
  • Канферэнцыя АБСЕ, Forum 2000 у Празе. Вынікі працы Офіса Святланы Ціханоўскай 5–11 кастрычніка 

    12 кастрычніка, 2026

    ЧЭХІЯ ЗМЯКЧЫЛА ВІЗАВЫЯ АБМЕЖАВАННІ ДЛЯ СВАЯКОЎ БЕЛАРУСАЎ

    Урад Чэхіі ўхваліў змены, якія дазволяць блізкім сваякам беларусаў, што легальна жывуць у краіне, падавацца на кароткатэрміновыя візы. Гэта важны вынік паслядоўнай працы Святланы Ціханоўскай і дэмакратычных сіл Беларусі з чэшскімі партнёрамі. Пасля ўступлення зменаў у сілу магчымасць падавацца на кароткатэрміновыя візы атрымаюць блізкія сваякі грамадзян Чэхіі і грамадзян Беларусі, якія легальна жывуць у Чэхіі на падставе ВНЖ або ПМЖ. Гаворка ідзе пра бацькоў, бабуль і дзядуль, дзяцей і ўнукаў.

    КАНФЕРЭНЦЫЯ АБСЕ

    6 кастрычніка ў Варшаве Святлана Ціханоўская выступіла з прамовай на мерапрыемстве «Транснацыянальныя рэпрэсіі ў рэгіёне АБСЕ». Дыскусія прайшла ў межах Варшаўскай канферэнцыі па чалавечым вымярэнні АБСЕ. Ціханоўская падкрэсліла: для сотняў тысяч беларусаў вымушаны выезд не стаў канцом рэпрэсій. Рэжым працягвае пераследаваць людзей праз пагрозы сваякам, завочныя прысуды, канфіскацыю маёмасці, ануляванне пашпартоў, кібератакі і выкарыстанне міжнародных механізмаў вышуку.

    СУСТРЭЧА СА СПЕЦЫЯЛЬНЫМІ ПАСЛАННІКАМІ КРАІН ПАЎНОЧНА-БАЛТЫЙСКАЙ ВАСЬМЁРКІ

    7 кастрычніка дырэктар віленскага Офіса Святланы Ціханоўскай Дзяніс Кучынскі правёў сустрэчу са спецыяльнымі пасланнікамі і прадстаўнікамі краін Паўночна-Балтыйскай васьмёркі (NB8). Дзяніс Кучынскі падзякаваў спецыяльным пасланнікам за іх працу і падкрэсліў значэнне фармату для сістэмнага ўзаемадзеяння з беларускімі дэмакратычнымі сіламі і каардынацыі міжнароднай падтрымкі Беларусі. Прадстаўнікі краін NB8 пацвердзілі падтрымку Беларусі і беларускіх дэмакратычных сілаў, а таксама гатоўнасць працягваць супольную працу.

    СУСТРЭЧА З ВЫЗВАЛЕНЫМІ ПАЛІТВЯЗНЯМІ І КАМАНДАЙ «ВОЛЬНЫХ» У ВАРШАВЕ

    8 кастрычніка ў Музеі Вольнай Беларусі Ціханоўская сустрэлася з вызваленымі палітзняволенымі, камандай арганізацыі «Вольныя», ментарамі і валанцёрамі, якія дапамагаюць людзям пасля выхаду на волю. Святлана падзякавала валанцёрам, камандзе «Вольных» і іншым арганізацыям, якія дапамагаюць вызваленым. Самі палітвязні таксама адзначылі ўсебаковую падтрымку і клопат, хуткую дапамогу і якасныя кансультацыі. Падчас сустрэчы разбіралі праблемы, з якімі беларусы сутыкаюцца ў Польшчы: легалізацыю, замену пасведчанняў кіроўцы, афармленне банкаўскіх картак і адкрыццё рахункаў.

    НОВЫЯ ПРЫЗНАЧЭННІ Ў ОФІСЕ СВЯТЛАНЫ ЦІХАНОЎСКАЙ

    Юлія Міцкевіч прызначаная дарадцай Святланы Ціханоўскай па пытаннях інклюзіўнасці і раўнапраўя. У гэтай ролі Юлія Міцкевіч будзе кансультаваць Офіс Святланы Ціханоўскай у пытаннях інклюзіўнасці і раўнапраўя, супрацьдзеяння дыскрымінацыі і гвалту. Станіслаў Салавей прызначаны дарадцам Святланы Ціханоўскай па пытаннях аховы здароўя. У гэтай ролі Станіслаў будзе кансультаваць Офіс па пытаннях аховы здароўя, дапамагаць рыхтаваць палітычныя пазіцыі, аналітычныя матэрыялы і публічныя каментары, будзе супрацоўнічаць з беларускімі і міжнароднымі партнёрамі.

    ВЫСТУП НА АДКРЫЦЦІ FORUM 2000 У ПРАЗЕ

    11 кастрычніка беларуская лідарка ўзяла ўдзел у міжнароднай канферэнцыі Forum 2000, якая штогод збірае ў Празе палітыкаў, праваабаронцаў і прадстаўнікоў грамадзянскай супольнасці з розных краін. Сярод удзельнікаў сёлетняга форуму — лідарка дэмакратычных сілаў Венесуэлы, а таксама прадстаўнікі дэмакратычных рухаў Нікарагуа, Тыбету, М’янмы і Турцыі. У мерапрыемстве таксама ўдзельнічаў старшыня Сената Чэхіі Мілаш Выстрчыл.

    Падчас выступу Святлана Ціханоўская гаварыла пра сілу салідарнасці, важнасць перамогі Украіны, падтрымкі палітвязняў і ўсіх, хто супрацьстаіць дыктатурам, а таксама пра неабходнасць адзінства дэмакратычнага свету перад агульнымі пагрозамі.

    ДЫСКУСІЯ НА АДКРЫЦЦІ ТЫДНЯ СВАБОДЫ ПРЭСЫ Ў ГАМБУРГУ

    11 кастрычніка дарадца Святланы Ціханоўскай па прававых пытаннях Леанід Марозаў выступіў падчас дыскусіі на адкрыцці Тыдня свабоды прэсы ў Гамбургу. Мерапрыемства прайшло ў межах Hamburg Press Freedom Week і было прысвечана галасам журналістаў і прадстаўнікоў грамадзянскай супольнасці, якія працуюць ва ўмовах рэпрэсій і вымушанай эміграцыі.

    МЕДЫЯ: L’Echo (Бельгія), El País (Іспанія).

    Апошнія навіны