• Навіны
  • Офіс
  • Новая Беларусь
  • Партнёры
  • Дапамога
  • Кантакты
  • Беларуская
  • Навіны
  • Офіс
  • Новая Беларусь
  • Партнёры
  • Дапамога
  • Кантакты
  • Дзяніс Кучынскі сустрэўся са спецыяльнымі пасланнікамі краін Паўночна-Балтыйскай васьмёркі

    07 кастрычніка, 2026

    Дырэктар віленскага Офіса Святланы Ціханоўскай Дзяніс Кучынскі правёў сустрэчу са спецыяльнымі пасланнікамі і прадстаўнікамі краін Паўночна-Балтыйскай васьмёркі (NB8), якія прыбылі ў Вільню з адмысловым візітам для кансультацый з беларускімі дэмакратычнымі сіламі і партнёрамі, якія базуюцца ў Літве.

    Дзяніс Кучынскі падзякаваў спецыяльным пасланнікам за іх працу і падкрэсліў значэнне гэтага фармату для сістэмнага ўзаемадзеяння з беларускімі дэмакратычнымі сіламі і каардынацыі міжнароднай падтрымкі Беларусі. Падчас размовы было адзначана і прызначэнне новага спецпасланніка Францыі па беларускім пытанні, які працягне працу ў гэтым фармаце.

    Прадстаўнікі краін NB8 пацвердзілі падтрымку Беларусі і беларускіх дэмакратычных сілаў, а таксама гатоўнасць працягваць супольную працу.

    Значная частка размовы была прысвечаная сітуацыі ўнутры Беларусі, рэпрэсіям і становішчу палітвязняў, а таксама дапамозе тым, хто выходзіць на волю. Дзяніс Кучынскі падзякаваў Літве за прыём і падтрымку вызваленых палітвязняў і беларусаў, якія знаходзяцца ў краіне.

    Сярод іншых пытанняў — транснацыянальныя рэпрэсіі і праблемы, з якімі беларусы сутыкаюцца за межамі краіны, у тым ліку легалізацыя і дакументы. У гэтым кантэксце ўдзельнікі сустрэчы падкрэслілі неабходнасць каардынацыі паміж краінамі-партнёрамі для абароны беларусаў, якія не могуць бяспечна вярнуцца на радзіму. У фокусе размовы былі і пытанні рэгіянальнай бяспекі, роля Беларусі ў кантэксце вайны Расіі супраць Украіны і захаванне скаардынаванага падыходу міжнародных партнёраў да Беларусі.

    Важнай тэмай сустрэчы стаў Міжнародны гуманітарны фонд. Усе краіны, прадстаўленыя на сустрэчы, ужо далучыліся да працы фонду. Дзяніс Кучынскі падзякаваў кожнай з іх за ўдзел і фінансавую падтрымку. Гаворка ішла і пра далейшае фінансаванне: для шэрагу краін наступныя ўнёскі стануць другімі, а для некаторых — ужо трэцімі. Дзяніс Кучынскі падкрэсліў важнасць доўгатэрміновай падтрымкі гэтай ініцыятывы.

    Дзяніс Кучынскі:
    «Для нас вельмі важна, што краіны працягваюць працаваць з дэмакратычнымі сіламі праз інстытут спецыяльных пасланнікаў. Гэты фармат дазваляе падтрымліваць пастаянны дыялог і каардынаваць супольныя дзеянні. Пакуль у Беларусі працягваюцца рэпрэсіі і за кратамі застаюцца палітвязні, асабліва важна захоўваць адзіную і скаардынаваную пазіцыю і падтрымку беларусаў».

    Апошнія навіны