– Юлія Міцкевіч прызначаная дарадцай Святланы Ціханоўскай па пытаннях інклюзіўнасці і раўнапраўя.
У гэтай ролі Юлія Міцкевіч будзе кансультаваць Офіс Святланы Ціханоўскай у пытаннях інклюзіўнасці і раўнапраўя, супрацьдзеяння дыскрымінацыі і гвалту, а таксама ўдзельнічаць у выпрацоўцы палітычных пазіцыяў дэмакратычных сілаў, падрыхтоўцы праектаў рэформаў для дэмакратычнай Беларусі. Юлія будзе ўзаемадзейнічаць з беларускімі і міжнароднымі партнёрамі ў напрамку развіцця жаночага палітычнага лідарства і ўдзелу.
Юлія Міцкевіч — беларуская праваабаронца, актывістка і гендарная экспертка з 25-гадовым досведам. Займала пасаду першай намесніцы прадстаўніцы па сацыяльнай палітыцы Аб’яднанага Пераходнага Кабінета. Сузаснавальніца FemGroup Belarus, займаецца пытаннямі гендарнай роўнасці, правоў жанчын і ЛГБТК+, іншых уразлівых груп, развіццём жаночага палітычнага лідарства і прасоўваннем прынцыпаў роўнасці і недыскрымінацыі. Мае шматгадовы досвед працы ў грамадзянскай супольнасці, медыя і міжнародных структурах, у тым ліку ў Кантактнай групе Рады Еўропы па Беларусі і Працоўнай групе па гендарнай роўнасці Усходняга Партнёрства. Атрымала за сваю дзейнасць прэстыжную Жаночую прэмію імя Ганны Кляйн за 2025 год.
– Станіслаў Салавей прызначаны дарадцам Святланы Ціханоўскай па пытаннях аховы здароўя.
У гэтай ролі Станіслаў Салавей будзе кансультаваць Офіс па пытаннях аховы здароўя, дапамагаць рыхтаваць палітычныя пазіцыі, аналітычныя матэрыялы і публічныя каментары. Ён будзе супрацоўнічаць з беларускімі і міжнароднымі партнёрамі, а таксама дапамагаць распрацоўваць рэформы і законапраекты для дэмакратычнай Беларусі, каб яны ўлічвалі патрэбы сістэмы аховы здароўя.
Станіслаў Салавей — беларускі лекар, акушэр-гінеколаг, эксперт у сферы аховы здароўя. Займаў пасаду намесніка прадстаўніцы па сацыяльнай палітыцы Аб’яднанага Пераходнага Кабінета. Займаецца пытаннямі рэфармавання беларускай сістэмы аховы здароўя, у тым ліку аналізам яе стану, распрацоўкай прапаноў па рэформах і медыцынскай экспертызай.

