Святлана Ціханоўская цяпер знаходзіцца ў Лісабоне, дзе бярэ ўдзел у Web Summit 2025 — найбуйнейшай тэхналагічнай канферэнцыі.
Яна ўзяла ўдзел у дыскусіі «Прадпрымальніцтва як права чалавека», прысвечанай яго ролі ў забеспячэнні свабоды, развіцця і грамадзянскіх правоў. Разам з Ціханоўскай выступіла Таццяна Марыніч, заснавальніца і СЕО Imaguru.
Ціханоўская распавяла пра тое, як рэпрэсіі прымусілі сотні тысячаў беларусаў пакінуць краіну, але менавіта гэтыя людзі сёння ствараюць новыя бізнесы за мяжой. Яна падкрэсліла: беларусы, якія былі вымушаныя з’ехаць, не страцілі сваю энергію і здольнасць будаваць — яны ўжо цяпер уносяць уклад у эканомікі розных краінаў і будуць асновай для будучага эканамічнага адраджэння Беларусі.
Святлана Ціханоўская:
«З-за палітыкі Лукашэнкі Беларусь страціла так шмат цудоўных, таленавітых людзей, якія выжылі ў вельмі абмежаванай прасторы. І не проста выжылі, а развіваліся і ўносілі ўклад у іншыя эканомікі. Гэта дыямент нашай нацыі і будучыня беларускай эканомікі. Таму што пасля Лукашэнкі — а гэты перыяд у Беларусі наступіць — нам спатрэбяцца новыя прадпрыемствы, нам спатрэбяцца прадпрымальнікі і новыя інвестыцыі. І гэта тыя людзі, якія ў тым ліку будуць нанова запускаць эканамічны росквіт нашай краіны».
