Беларуская лідарка стала адным са спікераў на буйным міжнародным івэнце ў Грэцыі, які традыцыйна збірае са ўсяго свету ўплывовых лідараў з разнастайных сфераў – палітыкі, бізнесу, тэхналогій, журналістыкі. Падчас мерапрыемства абмяркоўваюцца найбольш актуальныя праблемы для сучаснага грамадства: ад макраэканамічных тэндэнцый да кліматычных зменаў і IT-інавацый.
Ціханоўская выступіла ў секцыі, якая прысвячалася геапалітычнай сітуацыі ў свеце. Разам з беларускай лідаркай таксама выказваліся міністр замежных справаў Польшчы Радаслаў Сікорскі і журналістка Эн Эплбаўм.
У прамове лідарка распавяла пра сітуацыю з палітвязнямі ў Беларусі – і заклікала свет і міжнародныя арганізацыі прыкласці максімальныя намаганні для вызвалення палітзняволеных. Яна акрэсліла магчымасці прыцягнення рэжыму да адказнасці за злачынствы супраць беларусаў – і азначыла крокі, якія могуць быць прынятыя для аслаблення дыктатуры Лукашэнкі.
Таксама Ціханоўская распавяла пра дзейнасць незалежных ініцыятываў і арганізацыяў (у тым ліку Аб’яднанага Пераходнага Кабінета) – і заклікала падтрымаць грамадзянскую супольнасць, незалежныя беларускія медыя.
Асобна лідарка спынілася на бачанні стратэгіі Захаду па Беларусі. Яна прапанавала міжнароднай супольнасці адрозніваць беларусаў і рэжым Лукашэнкі («ізаляваць дыктатара, а не людзей»), выдаваць візы і падтрымліваць тых, хто ўцёк ад палітычнага пераследу.