Сёння Святлана Ціханоўская правяла размову з міністрам па справах Еўропы Вялікабрытаніі Стывенам Доўці, падчас якой абмеркавалі паглыбленне супрацоўніцтва паміж Вялікабрытаніяй і беларускімі дэмакратычнымі сіламі. Ціханоўская падзякавала Вялікабрытаніі за непахісную падтрымку і вітала запуск Стратэгічных кансультацыяў паміж брытанскім урадам і дэмакратычнымі сіламі Беларусі.
Гэтыя высокаўзроўневыя кансультацыі дазволяць наладзіць структураваны дыялог у трох ключавых сферах:
- Палітыка і правы чалавека – сітуацыя з палітвязнямі, стратэгіі па іх вызваленні, транснацыянальныя рэпрэсіі і дыпламатычная роля Вялікабрытаніі ў пытаннях Беларусі.
- Культура і дыяспара – адукацыя, захаванне беларускай культуры і падтрымка беларусаў у выгнанні.
- СМІ і супрацьдзеянне прапагандзе – наступствы замарозкі фінансавання незалежных медыя, стратэгіі барацьбы з дэзінфармацыяй і ўзрастаючы ўплыў расійскай прапаганды ў Беларусі.
«Мы ўдзячныя Вялікабрытаніі за падтрымку беларускага народа. Гэтыя кансультацыі ўмацуюць нашае супрацоўніцтва і забяспечаць, каб Беларусь заставалася на міжнародным парадку дня», – Святлана Ціханоўская.
Ціханоўская падкрэсліла важнасць доўгатэрміновай стратэгіі Вялікабрытаніі па Беларусі. Стратэгічныя кансультацыі адкрываюць новы этап у супрацоўніцтве прадстаўнікоў краінаў, пацвярджаючы непахісную падтрымку Лонданам правоў чалавека, дэмакратыі і бяспекі ў Еўропе.