• Навіны
  • Офіс
  • Новая Беларусь
  • Партнёры
  • Кантакты
  • Беларуская
  • Навіны
  • Офіс
  • Новая Беларусь
  • Партнёры
  • Кантакты
  • Ліст аб намеры супрацоўніцтва паміж Еўрапейскім парламентам і Дэмакратычнымі сіламі Беларусі

    03 мая, 2024

    Еўрапейскі парламент і Дэмакратычныя сілы Беларусі («Бакі»),

    поўныя рашучасці ўмацоўваць адносіны паміж Еўрапейскім парламентам і Дэмакратычнымі сіламі і грамадзянскай супольнасцю Беларусі ў адпаведнасці з рэзалюцыяй Еўрапейскага парламента ад 13 верасня 2023 года аб сувязях з Беларуссю[1],

    асуджаючы беспрэцэдэнтныя рэпрэсіі і сістэмныя і масавыя парушэнні правоў чалавека з боку рэжыму Лукашэнкi, якія могуць быць прыраўнаваныя да злачынстваў супраць чалавечнасці, а таксама выказваючы салідарнасць з народам, дэмакратычным рухам і грамадзянскай супольнасцю Беларусі ў іх барацьбе за свабодную, суверэнную і дэмакратычную Беларусь,

    прызнаючы адважную барацьбу беларускага народа за ўсталяванне дэмакратыі, захаванне незалежнасці і ахову нацыянальнай ідэнтычнасці на фоне дзеянняў рэжыму Лукашэнкі, які небяспечна падрывае суверэнітэт Беларусі, ператвараючы яе ў дзяржаву-сатэліт Расіі,

    цёпла прызнаючы і падтрымліваючы публічныя заявы лідэра дэмакратычнага руху Беларусі Святланы Ціханоўскай, Каардынацыйнай рады, Аб’яднанага пераходнага кабінета Беларусі і палітычных партый Беларусі аб еўрапейскіх памкненнях беларусаў,

    вітаючы адкрыццё Місіі Дэмакратычнай Беларусі ў Бруселі і стварэнне Аб’яднанага пераходнага кабінета Беларусі, які разам з Каардынацыйнай радай павінны разглядацца міжнароднай супольнасцю як прадстаўнікі народа Беларусі,

    гэтым дамаўляюцца пра наступныя агульныя мэты і напрамкі супрацоўніцтва:

    1. Еўрапейскі парламент імкнецца працягваць маніторынг унутранай сітуацыі ў Беларусі, у прыватнасці, парушэнняў правоў чалавека, стану палітычных зняволеных і іншых асоб, якія праследуюцца па палітычных матывах, журналістаў, праваабаронцаў, прафсаюзных актывістаў, меншасцяў і няўрадавых арганізацый, спроб рэжыму легітымізаваць сябе, у тым ліку шляхам фіктыўных выбараў, удзелу рэжыму ў неапраўданай агрэсіўнай вайне і ваенных злачынствах Расіі супраць Украіны, пагроз, што зыходзяць ад рэжыму Лукашэнкі ў бок ЕС, і мер рэжыму, накіраваных на падрыў правоў і свабод беларусаў за мяжой. З гэтай мэтай Бакі вядуць рэгулярны дыялог, накіраваны на развіццё ўмоў для ажыццяўлення дэмакратычнага транзіту ў Беларусі.
    2. Кожны з Бакоў імкнецца і далей прапаноўваць рэкамендацыі інстытутам і дзяржавам-членам ЕС у сэнсе мер па ўзмацненню ціску на рэжым і падтрымлівае намаганні дэмакратычнага руху Беларусі па прадухіленні пагроз беларускаму суверэнітэту, незалежнасці, нацыянальнай культуры і мове, якія зыходзяць ад наўмысных дзеянняў Расійскай Федэрацыі і нястрымнага палітычнага, эканамічнага, ваеннага і культурнага падпарадкавання Беларусі. Бакі імкнуцца садзейнічаць змякчэнню міграцыйных праблем для тых беларусаў, якія былі вымушаны пакінуць Беларусь па палітычных прычынах.
    3. Бакі імкнуцца і далей  патрабаваць прыцягнення да адказнасці ў рамках існуючых міжнародных механізмаў прадстаўнікоў рэжыму і асоб, адказных за грубыя парушэнні правоў чалавека і злачынствы супраць чалавечнасці ў Беларусі, а таксама за саўдзел у вайсковых злачынствах і злачыннай агрэсіі супраць Украіны.
    4. Бакі імкнуцца падтрымліваць дадатковыя меры інстытутаў і дзяржаў-членаў ЕС па аказанні адпаведнай дапамогі Дэмакратычным сілам і актывістам грамадзянскай супольнасці, праваабаронцам, незалежным сродкам масавай інфармацыі і прафсаюзам Беларусі ў забеспячэнні дэмакратычных перамен у Беларусі. Гэтая дапамога прадастаўляецца ў тым ліку праз праграму EU4Belarus і нарошчвання патэнцыялу, навучання, ініцыятыў настаўніцтва і адукацыйных магчымасцяў.
    5. Група па падтрымцы дэмакратыі і каардынацыі выбараў Еўрапейскага парламента імкнецца і далей прапаноўваць мэтавую падтрымку дэмакратычным сілам і грамадзянскай супольнасці Беларусі, выкарыстоўваючы свае дзеянні і праграмы. Яна садзейнічае ўмацаванню патэнцыялу і тэхнічнай экспертызы Каардынацыйнай рады і Аб’яднанага пераходнага кабінета з мэтай садзейнічання дэмакратычнаму транзіту ў краіне і падтрымання незалежнасці і суверэнітэту Беларусі. Яна таксама дапамагае ў стратэгічных камунікацыях, падтрымлівае праваабаронцаў, незалежных журналістаў і працягвае прыкладаць намаганні па забеспячэнні вызвалення палітвязняў у Беларусі.
    6. Гэтае пагадненне не абмяжоўвае далейшае супрацоўніцтва Еўрапейскага парламента з усімі элементамі Дэмакратычных сілаў Беларусі.

    Заключана ў Валеце, 3 мая 2024 года, на англійскай і беларускай мовах, прычым абодва тэксты маюць аднолькавую сілу.

    [1] АЖ С, C/2024/1761, 22.3.2024, ELI: http://data.europa.eu/eli/C/2024/1761/oj.

    Апошнія навіны