Парламент заклікае працягваць падтрымку беларускіх дэмакратычных сілаў
Рэзкае асуджэнне рэпрэсіяў і патрабаванне вызвалення палітычных зняволеных
Заклік да правядзення новых, свабодных і справядлівых выбараў пад міжнародным наглядам
Трывога з-за ўзмацнення ўплыву Расіі і пагрозаў бяспецы, звязаных з Беларуссю
Дэпутаты Еўрапарламента заклікаюць да працяглага ўзаемадзеяння Еўрасаюза з Беларуссю, асуджаючы парушэнні правоў чалавека і падкрэсліваючы пагрозу, якую нясе расійскі ўплыў.
У рэзалюцыі, прынятай у сераду, Еўрапарламент рашуча асуджае рэпрэсіі ў Беларусі і выказвае салідарнасць з праціўнікамі рэжыму Лукашэнкі. Дэпутаты патрабуюць неадкладнага вызвалення ўсіх палітычных зняволеных, кампенсацыі і аднаўлення іх правоў. Яны таксама асуджаюць злоўжыванне судовай і праваахоўнай сістэмамі, якія выкарыстоўваюцца ўладамі для парушэння правоў чалавека.
Лукашэнка не з’яўляецца легітымным прэзідэнтам
Парламент не прызнае Аляксандра Лукашэнку легітымным прэзідэнтам Беларусі і зноў пацвярджае сваю падтрымку дэмакратычных сілаў, якія ўзначальвае Святлана Ціханоўская. Існуе шырокая колькасць доказаў і сведчанняў таго, што менавіта яна была законнай пераможцай выбараў 2020 года, у той час як рэжым Лукашэнкі незаконна ўтрымаў уладу, адзначаюць дэпутаты.
Яны заклікаюць Еўрасаюз забяспечыць палітычную, фінансавую і бяспечную падтрымку беларускай апазіцыі і супрацоўнічаць з іншымі краінамі дзеля пашырэння палітыкі непрызнання. Еўрадэпутаты таксама прапануюць Еўрасаюзу і міжнародным арганізацыям фармалізаваць прадстаўніцтва беларускіх дэмакратычных сілаў у міжнародных структурах, такіх як парламенцкія асамблеі Рады Еўропы, АБСЕ і НАТА.
Дэпутаты патрабуюць правядзення новых, свабодных і справядлівых выбараў пад міжнародным наглядам, падкрэсліваючы, што любыя выбары ва ўмовах рэпрэсіяў не могуць адпавядаць дэмакратычным стандартам. Яны папярэджваюць пра тое, што Лукашэнка выкарыстоўвае палітвязняў як сродак ціску ў перамовах з Захадам, і адзначаюць, што кожны раз пасля вызвалення часткі вязняў іншыя людзі трапляюць за краты.
Падтрымка грамадзянскай супольнасці і расследаванне парушэнняў правоў чалавека
Дэпутаты выступаюць за падтрымку беларускай грамадзянскай супольнасці, незалежных СМІ, студэнтаў і спецыялістаў у выгнанні праз візы, стыпендыі, гранты і ахоўныя меры. Яны асуджаюць напады на незалежныя медыя, абмежаванні доступу да інтэрнэту і арышты журналістаў. Еўрасаюз, паводле іх словаў, павінен забяспечыць сістэмную і шматгадовую падтрымку незалежных СМІ, у тым ліку фінансавую.
Рэзалюцыя патрабуе тэрміновых мераў супраць транснацыянальных рэпрэсіяў з боку рэжыму ў Беларусі, у тым ліку злоўжывання Інтэрполам і неабходнасці абароны беларусаў у выгнанні. Еўрасаюз і яго краіны-чальцы павінны працягваць расследаванні парушэнняў правоў чалавека і злачынстваў супраць чалавечнасці ў Беларусі, а таксама падтрымліваць меры па прыцягненні вінаватых да адказнасці, у тым ліку праз міжнародныя суды.
Удзел у расійскай вайне супраць Украіны
Дэпутаты рашуча асуджаюць удзел рэжыму Лукашэнкі ў расійскай вайне супраць Украіны і выказваюць занепакоенасць пашырэннем расійскай ваеннай прысутнасці ў Беларусі. Яны папярэджваюць, што размяшчэнне сістэмаў, здольных несці ядзерную зброю, падрывае бяспеку Еўропы.
Еўрапарламент заклікае Еўрасаюз узмацніць санкцыі супраць тых, хто адказны за рэпрэсіі, садзейнічае вайне або дапамагае абыходзіць санкцыі.
Парламент таксама патрабуе дбайнага расследавання і ліквідацыі беларускіх і расійскіх шпіёнскіх сетак у Еўрасаюзе і краінах-кандыдатках, а таксама падкрэслівае неабходнасць увядзення абмежаванняў для расійскіх і беларускіх дыпламатаў у Шэнгенскай зоне.
Рэзалюцыя была прынята 458 галасамі «за», пры 18 «супраць» і 84 устрыманых.
