Візіт у Страсбург стаў важным крокам для ўмацавання сувязяў паміж дэмакратычнай Беларуссю і Еўрапейскім парламентам. Падчас сустрэчаў і выступаў Святлана Ціханоўская заклікала не зніжаць увагу да Беларусі і ўзмацняць падтрымку палітвязняў і іх сем’яў. Беларуская лідарка адзначала важнасць салідарнасці з Беларуссю, яе ролю ў рэгіянальнай бяспецы і прыналежнасць да еўрапейскай сям’і. У Страсбургу Святлану Ціханоўскую суправаджаў Сяргей Ціханоўскі.
Цягам насычанага візіту ў Страсбург Ціханоўская:
– выступіла з прамовай на Пленарнай сесіі Еўрапейскага парламента разам з Сяргеем Ціханоўскім, падчас якой павіншавала лаўрэатаў прэміі Сахарава Анджэя Пачобута і Мзію Амаглабелі;
– сустрэлася з прэзідэнткай Еўрапейскага парламента Рабертай Метсолай;
– далучылася да пасяджэнняў фракцыяў Renew Europe і партыі Зялёных і сустрэлася з пашыраным складам кіраўніцтва фракцыяў сацыял-дэмакратаў і кансерватараў;
– сустрэлася з дэлегацыяй Еўрапейскага парламента па Беларусі;
– прыняла ўдзел у сімпозіуме, прысвечаным кнізе «Democratizing the Constitution of Belarus — Towards a Constitution for a New Belarus in a European Context».
Да таго ж, Еўрапейскі парламент прыняў рэзалюцыю «Аб сітуацыі ў Беларусі праз пяць гадоў пасля фальсіфікацыі прэзідэнцкіх выбараў».
Дарадца Святланы Ціханоўскай па парламенцкім супрацоўніцтве і канстытуцыйнай рэформе Анатоль Лябедзька адзначыў:
«22 кастрычніка можна смела запісваць як беларускі дзень у Еўрапейскім парламенце — ад пачатку дня і да яго завяршэння гучала беларуская тэма. Удзел дэмакратычных сілаў на мерапрыемствах такога ўзроўню падкрэслівае — ёсць цікавасць да беларускай праблемы. Усюды гучалі словы салідарнасці і падтрымкі беларускаму народу».