Святлана Ціханоўская знаходзіцца з працоўным візітам у Францыі, дзе выступіла на Парыжскім форуме міру. Ціханоўская звярнула ўвагу на наступствы вайны Расіі супраць Украіны, прапаганду, рэпрэсіі і неабходнасць салідарнасці з тымі, хто змагаецца супраць дыктатуры.
– Пра рэпрэсіі і легітымнасць:
«Беларусы перамаглі на выбарах у 2020 годзе. Лукашэнка захапіў уладу дзякуючы рэпрэсіям і падтрымцы Пуціна. Я разумею, што прайшло пяць гадоў і чую, што можа быць трэба пачаць размаўляць з рэжымам. Але мы рабілі гэтую памылку — Лукашэнка заўсёды будзе спрабаваць абдурыць свет. І вельмі часта, кажучы пра Беларусь, мы бачым Лукашэнку, і не бачым самага каштоўнага ў Беларусі — яе нацыі. Гэта людзі, якія хочуць пераменаў і справядлівасці»
– Пра пагрозу з боку Расіі:
«Вайна Расіі супраць Украіны ўсё змяніла. Еўропа доўга жыла ў міры і камфорце і мы думалі, што вайна гэта мінулае. Цяпер мы жывём у новым свеце, дзе Расія падрывае архітэктуру бяспекі Еўропы. Стала відавочна, што мы павінны рыхтавацца да магчымай эскалацыі. У Расіі не ведаюць, дзе іх межы. Яны думаюць, што краіны постсавецкай прасторы ўсё яшчэ з’яўляюцца чальцамі СССР».
– Пра прапаганду і салідарнасць:
«Прапаганда старанна працуе, каб атруціць розумы еўрапейцаў. Яны спрабуюць пераканаць, што вы не абавязаныя дапамагаць іншым. Але барацьба з дыктатурай носіць не лакальны, а глабальны характар. Неабходна падтрымліваць і праяўляць салідарнасць з тымі, хто знаходзіцца на пярэднім краі барацьбы з дыктатурай».
– Пра Беларусь у кантэксце бяспекі Еўропы:
«Я з краіны, якая ўцягнутая ў вайну праз рэжым. Інфраструктура беларускай тэрыторыі прадастаўляецца для працягу нападаў на Украіну і правакацыяў на еўрапейскіх межах. Калі мы гаворым пра мір у нашым рэгіёне, мы не павінны выключаць Беларусь з гэтай архітэктуры бяспекі. Таму што без свабоднай Беларусі нашым еўрапейскім суседзям будуць пастаянна пагражаць».
